Пра студыю «Анёл», як і пра яе няўрымслівую кіраўніцу, нам даводзілася пісаць не так даўно. Нагода была таксама са значных – першы ў Брэсце дзіцячы конкурс прыгажосці, ініцыяваны Марынай Краськовай. Цяперашняе мерапрыемства было пазбаўлена конкурснага падмурку, затое дэманстравала ўсё, чаму дзяўчынкі навучыліся за год працы ў студыі. Навучыліся ж многаму, бо канцэртных нумароў (у студыі «Анёл» дзеці вучацца не толькі хадзіць па сцэне, але і таньчыць) хапіла на паўтары гадзіны. Дапамагла нумарамі і студыя сучаснага танца «МЭЙ», якая, дарэчы, у той жа дзень і ў той жа зале ЦМТ таксама трымала творчую справаздачу.
Можна было б падумаць, што «анёлікі» разыходзяцца пасля канцэрту на летнія канікулы, аднак кіраўніца студыі запэўнівае ў іншым: «Ужо з панядзелка мы працягнем заняткі. Адпачываць будзем толькі ў ліпені, а са жніўня зноў за працу. Восенню нас чакае конкурс у Польшчы».
Што ж, гэты год для Марыны не быў лёгкім проста таму, што быў першым годам існавання студыі «Анёл» у Брэсце. Аднак па тым, як задаволены вынікамі заняткаў і дзеці, і іх бацькі, а таксама па няўхільным колькасным прыросце юных мадэляў можна рабіць адназначны вывад, што дзіцячая мадэльная студыя будзе толькі мацнець.
А вось студыя моды Сяргея Нагорнага на мадэльным рынку Беларусі ўжо 13 год. Гэта наймацнейшае мадэльнае агенцтва, якое не абмяжоўваецца працай у нашай краіне. У найбольш здольных выпускнікоў студыі ёсць рэальныя шансы супрацоўнічаць з вядомымі куцюр’е, дамамі мод і часопісамі, як гэта робіць, напрыклад, брастаўчанка Анастасія Белікава, што ўваходзіць у топ-50 сусветных мадэляў (твар фірмы « Mango»).
Брэсцкая філія студыі моды Сяргея Нагорнага на другім сваім выпускным паказе прадэманстравала, што ў рэгіёне кадры рыхтуюцца не менш прафесійна, чым у сталіцы. Пра тое ж выказаўся і стваральнік мадэльнага агенцтва: «Гэта быў не выпускны – гэта было сапраўднае фэшн-шоў, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Нагорны. – Я бачу, што за два гады мы вельмі падраслі. Выкладчыкі тут працуюць на ўзроўні мінскіх. Выдатныя дэфіле, шыкоўныя адкрыцці, цудоўныя дэкарацыі. Станіслаўскі не падкапаўся б. Ёсць нават ідэі, якія я хацеў бы пазычыць у Вольгі (Вольга Неўдах, дырэктар брэсцкай філіі. – Аўт.) для сталічнага паказу».
Дэфініцыя «шоў» сапраўды лепш за ўсё характарызуе падзею. Хлопцы і дзяўчаты не проста дэманстравалі адзенне – яны паказалі майстар-клас па харэаграфіі, акторскім майстэрстве і ўменні валодаць сабой. За арыгінальнасць падачы трэба асобна падзякаваць рэжысёрам: выхаду мадэляў на каньках наўрад ці хто з гледачоў чакаў. У тым, напэўна, і была найбольшая прыцягальнасць паказу – у абсалютнай непрадказальнасці.
Было б несправядліва хоць некалькі слоў не сказаць пра адзенне, якое дэманстравалася на паказе, – аўтарскія работы брэсцкіх мадэльераў. Дазволю сабе суб’ектыўна адзначыць «Ванільную фантазію» Юліі Брашко – шыкоўную летнюю калекцыю для дзетак, у якой так удала спалучыліся вырабы з тканіны і звязаныя кручком аксэсуары.
Фінальным акордам гэтага своеасаблівага экзамена стала ўручэнне выпускнікам дыпломаў мадэляў (дэманстратараў адзення) з рук Сяргея Нагорнага. Што іх чакае далей? Некаторыя пройдуць строгі конкурсны адбор у студыі і будуць прабівацца ў свет высокай моды як прафесіяналы. Хто ж не пройдзе… думаецца, моцна наракаць на лёс не будзе, бо набытыя цяжкай працай сакрэты прыгажосці і стылю ў яго ніхто ўжо не адыме.
Ответить