Яму зараз споўнілася б 65. Але лёс, самотны і трагічны, адмераў Васілю Гадульку толькі 47. Падобны падаючай зорцы, яго жыццёвы шлях пакінуў на гэтай зямлі адметны след паэтычнага слова, увасобленага ў паэмах, вершах, санетах.
Пра сябе паэт скажа:
Не за бацькоў мне сорам вочы коле,
Што ўпотай ашчаджалі кожны грош,
А іхні сын, пяцёрачнік у школе,
Да першых замаразкаў бегаў басанож.
Ад басаногага дзяцінства да сарамлівага юнацтва праходзілі юныя гады Васіля Гадулькі ў вёсцы Федзькавічы, што на шумлівай аўтастрадзе Брэст-Масква. Вялікая цяга да мовазнаўства прывяла хлопца ў сталічны інстытут замежных моў, дзе ён дасканала авалодаў нямецкай мовай, а таксама ведаў французскую і англійскую. Ды на апошнім курсе вымушаны быў перарваць вучобу. Не склалася ў Васія Гадулькі і настаўніцкая кар’ера. Вяртанне ў вясковую хату Федзькавічы прадумовіла яго жыццёвы выбар.
“Думаецца, што тут галоўную ролю сыграў унутраны надлом, які пачаўся з развітання з інстытутам і набыў новую глыбіню, калі на ягоных вачах пад коламі трактара загінуў брат Пятро, — пісаў ва ўспамінах блізкі сябра Васіля Гадулькі, паэт Васіль Сахарчук. – Амаль адначасова з гэтай трагічнай падзеяй адчужэнне ад яго каханай зрабіла жыццё Васіля Гадулькі яшчэ невыносней. Ён поўнасцю замкнуўся ў сабе. Яго надломаную, лёгка ранімую і далікатную душу ратавалі вершы, але да 1986 г. ён нікому іх не паказваў і нават не спрабаваў надрукаваць. Такім быў яго шлях”.
Ды ўсё ж з маўклівай згоды паэта вершы яго ўбачылі свет. Адсылалі іх далей Васіль Сахарчук і Алесь Каско, а часам друкавалі ў раёнцы. Вершы друкаваліся ў абласной газеце “Заря”, у зборніках “Дзень паэзіі”, у штотыднёвіку “ЛіМ”. Жывучы ў бацькоўскай хаце ў Федзькавічах, Васіль Гадулька працаваў у мясцовым саўгасе рознарабочым, пастухом.
— За тую дробязь, якую плацяць, — пісаў ён, — пражыць становіцца зусім немагчыма.
Не маючы ўласнай сям’і, паэт жыў з маці, якая потым цяжка хварэла і за якой трэба было наглядаць. Пачало падводзіць здароўе і ў самога паэта. За тры дні да сваёй канчыны Васіль Гадулька прынёс у рэдакцыю тры вершы, прысвечаныя каханай. Адзін з іх быў названы “Развітанне”:
Ірдзее ў небе чырванню зара.
Гусцее змрок. Туман плыве над пожняй.
Прабіў наш час – развітвацца пара.
Нацешымся ж хвілінаю апошняй!..
Прачнёмся і разыдуцца шляхі,
І горкім буддзе момант абуджэння,
Ты мяне прабач, даруй мае грахі.
А я табе кажу: “Да пабачэння!”
Яшчэ пры жыцці, у 1992 годзе, пасля прапаноў і просьбаў Васіля Сахарчука Васіль Гадулька падрыхтаваў зборнік, які склалі найбольш дасканалыя вершы і байкі. А каля ста вершаў на беларускай і рускай мовах, вянок санетаў, 4 паэмы паэт пакінуў тады ў архіве.
І толькі праз 10 год пасля смерці, у 2004 годзе, выйшаў у свет зборнік паэта пад назвай “Голас”. Здарылася гэта пры фінансавай падтрымцы Алеся Разанава і фірмы “БЕЛПГ”, каардынатарам якой быў беларускі пісьменнік Дайнека.
— Паэзія Васіля Гадулькі вельмі вобразная, — кажа Алесь Каско. – Глыбокія думкі і пачуцці, выказаныя дакладным беларускім словам, выдатныя, класічнага ўзору, паэмы. Акрамя таго, ён стварыў вянок санетаў, якіх не так многа ў беларускай паэзіі. Апошнім часам, дзякуючы Леаніду Галубовічу, у зборніку “Я хацеў вам сказаць” выйшла яшчэ адна падборка вершаў Васіля Гадулькі. Астатнія – у архіве.
Сёлета прынята рашэнне мясцовай улады аб наданні адной з новых вуліц імя Васіля Гадулькі. А раней намаганнямі грамадскасці устаноўлены магільны помнік паэту і яго бацькам. Шкада толькі: ні адна з сельскіх школ не ўзяла над ім шэфства, і магіла вясковага паэта зарасла травою. Але кветкі туды прама са свята кнігі адвезлі яго ўдзельнікі — мясцовыя і прыезджыя паэты, журналісты. Вялікі дзякуй руплівым гаспадарам свята – работнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі, што змаглі зацікавіць і дарослых аматараў паэзіі, і старшакласнікаў гарадскіх школ, ліцэя, якія пранікнёна, на роднай мове цытавалі лірычныя творы земляка-паэта.
Тамара Лісічык
0 комментариев
Anonymous User
19.06.2011 в 00:18Анатоль
19.06.2011 в 00:18Ты мяне прабач, даруй мае грахі.
Правільна (NB другое слова):
Ты мне прабач, даруй мае грахі.
Вучыце мову!
Чытайце Гадульку!!!