Але ёсць рынак, дзе ажыятаж, нават калі ён ёсць, прасочваецца цяжэй, не знаходзіцца навідавоку – гэта рынак прадметаў мастацтва. Як гэты сегмент адчувае сябе ў часы няпэўнасці ў заўтрашнім дні? Адказаць на пытанне нам дапамаглі ў салоне-магазіне абласнога грамадска-культурнага цэнтра «Скарбніца» і прыватнай мастацкай галерэі «БелАрт». Вынікі аказаліся даволі цікавымі.
«Ніхто нічога не купляе. Раней не асабліва куплялі, а зараз і тым больш, – дзеліцца ўражаннямі ад нябойкага гандлю прыемны для камунікацыі прадавец дзяржаўнага магазіна. – Людзям зараз не да карцін». Гэта пры тым, што на мастацкіх артэфактах інфляцыя пакуль не сказалася: толькі адзін аўтар папрасіў пералічыць творы па новым кошце долара. Астатнія карціны пакуль не падаражалi. «А які сэнс іх пералічваць? – тлумачыць гаспадыня прылаўка. – Тады іх дакладна ніхто не возьме. Хоць бы так разышліся».
Патэнцыйныя пакупнікі павінны быць як мінімум прыемна ўражаныя – у нас засталося не так шмат аазісаў са старымі цэннікамі. Між іншым, і фарбы, і пэндзлі з мінулых завозаў тут таксама па адносна нізкіх коштах. Я сама, гледзячы на набор для баціка ўсяго за 30 тысяч з хвосцікам, успомніла сваю даўнюю мару памаляваць на тканіне і пацягнулася за кашальком. Але прадавец асаблівых планаў у галіне продажу, зноў жа, не будуе. «Гэта рэшткі. Мы ўжо атрымалі новы тавар, кошты на які удвая, а то і ўтрая большыя». Значыць, і сабекошт мастацкага палатна няўхільна папаўзе ўгару.
Маем карціну маслам: укладаць грошы ў соль і цукар яшчэ напалову савецкаму чалавеку ўяўляецца больш надзейным, чым у прадметы мастацтва, якія, як вядома, на хлеб не намажаш і ў шклянку не нальеш. Да ўсведамлення, што гэта ўклад не меней грунтоўны, чым каштоўныя металы ці камяні, мы, відаць, не дараслі.
Аднак наведванне галерэі «БелАрт» прымушае пачакаць з хуткімі высновамі.
На пытанне пра інтэнсіўнасць гандлю апошняга часу ўладальніца салона Людміла Крапіўная зазначае: «У апошні месяц продажы ўзраслі. Людзі проста скідваюць беларускія грошы. Нахапаліся прадуктаў і перайшлі на карціны».
Такія дыяметральна супрацьлеглыя сітуацыі ў межах аднаго горада можна вытлумачыць, па-першае, іх рознай рэпутацыяй сярод людзей, якія разбіраюцца ў мастацтве, узроўнем выстаўленых пад рэалізацыю твораў, а таксама плацёжаздольнасцю кліентуры кожнага салона. Галерэя Крапіўнай усё ж такі нездарма, прайшоўшы Крым і Рым, застаецца пры справах ужо 19 год. «У нас ёсць кола заможных зацікаўленых кліентаў, – распавядае гаспадыня. – Калі з’яўляецца нешта новае, я ім тэлефаную, яны прыходзяць і купляюць». Такі падыход зразумелы і апраўданы, бо прадметы мастацтва з’яўляюцца ўсё ж таварам для абраных.
Гаворачы пра карціны, нельга абысці ўвагай іх аўтараў. У якім становішчы зараз знаходзяцца мастакі, тыя ж галерысты ведаюць дакладна, але мераць усіх на адзін капыл не бяруцца: як і раней, фінансавы стан творцы моцна залежыць не толькі ад яго таленту, але і ад пранырлівасці. Той-сёй корміцца ля ўлады ці рэгулярна выязджае за мяжу, дзе любая творчая праца аплочваецца непараўнальна лепш; нехта засвоіў дадатковую, больш хлебную, прафесію, а іншы перабраўся ў вёску – зямля заўсёды пракорміць. І зусім скрушна чуць пра сітуацыі, калі майстры вымушаны распрадаваць асабiстыя рэчы, каб неяк зводзіць канцы з канцамі.
Не ведаю, ці можна радавацца ўсплёскам попыту да твораў мастацтва ў нашым кантэксце, усё ж ён нейкі ненатуральны, эпiзадычны, ці, калі хочаце, эпідэмічны і зусім не азначае сапраўднай цікавасці грамадства да культуры, якую нам даўно час выспеліць. Аднак купіць прыгожую карціну ці вазу, пагадзіцеся, неяк больш высакародна, чым чакаць валюту ля абменнікаў. Канешне, пры ўмове, што ў вас ёсць на тое лішнія грошы.
Ответить