«У ноч з серады на чацвер (з 15 на 16 чэрвеня) я прачнулася ад таго, што не магла дыхаць, — расказала Галіна Аляксееўна. — З вуліцы моцна цягнула нейкімі хімічнымі рэчывамі. Зачыніла вокны, разбудзіла дачку — у яе нават твар падпух. Астатак ночы мы заснуць не маглі. Падобныя пахі мы чуем не ўпершыню, аднак такімі моцнымі яны яшчэ не былі. Дазнайцеся, калі ласка, што гэта; можа, па начах нешта выкідваюць заводы?» Пры гэтым думку, што жыццё нашай чытачцы, як і ўсім берасцейцам, атручваюць гарадскія ачыстныя сістэмы, Галіна Аляксееўна досыць упэўнена аспрэчыла.
Добра разумеючы, што няма сэнсу тэлефанаваць па заводах і пытацца, ці не выкідваюць яны што «непаложанае» ў атмасферу, пакуль спіць горад, мы звярнуліся адразу ў Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І адразу пачулі галоўнае і нечаканае: калі нейкі завод нешта і выкідвае, злавіць яго на гэтым вельмі цяжка.
Тым не менш, дазнаўшыся, што «Брэстаблгідрамет» тройчы на суткі на чатырох пастах бярэ пробы паветра на найбольш часта сустракальныя шкодныя рэчывы, мы вырашылі праверыць, ці не зафіксаваўся выкід, калі ён быў, работнікамі ўстановы. Самы блізкі ад месца жыхарства Галіны Аляксееўны пункт забору проб – раён магазіна «Люблін», а першы час забору – 7.00 наступнага дня. Нагадаем, што найбольшы дыскамфорт жанчына адчувала ноччу, і да сямі раніцы ў газу быў час развеяцца. Таму мы асабліва і не чакалі ад вынікаў проб нечага звышнатуральнага. Тым не менш у лабараторыі гідрамета паведамілі, што агульная канцэнтрацыя рэчываў, якія падлягаюць праверцы, завышаная ў параўнанні з вынікамі мінулых проб, хоць да крытычнай мяжы і не даходзіць.
Мы не забыліся і пра аварыю, якая адбылася напярэдадні ўсёй гісторыі на электралямпавым заводзе, калі ў выніку разгерметызацыі са шкловарнай печы вылілася 26 тон гарачага шкла. Мы пацікавіліся ў абласным упраўленні МНС, ці не было ў момант аварыі выхаду шкодных лятучых рэчываў. Нас запэўнілі, што не было. Не вельмі звязаныя гэтыя падзеі і часава: аварыя адбылася а пачатку дзевятай гадзіны вечара, што нашмат раней за час, які нас цікавіць.
Галіна Аляксееўна, якую мы пазнаёмілі з ходам расследавання, і сама пачала сумнявацца: а можа, усё ж ачыстныя, толькі ў такой вялікай, ажно да ванітаў, канцэнтрацыі? Адказ, на жаль, мы наўрад ці атрымаем. Аднак гэты выпадак дазволіў выявіць, наколькі мы безабаронныя перад нашай прамысловасцю ў начны час сутак і што час ад часу ў паветра лёгка і беспакаральна можна пускаць атруту. Вялікая спакуса, ці не так?
Вельмі хочацца адмоўнага адказу.
Ответить