Фестываль з проста цікавай ініцыятывы ўсяго за адзін год ператварыўся ў модны трэнд са сваім сайтам, лагатыпам, статуэткай для ўзнагарод і шматлікімі адметнымі фішкамі, якія надаюць яму статуснасці. Адкрыццё апошняга дня, напрыклад, пачалося не з пераразання традыцыйнай чырвонай стужкі, а з пілавання бензапілой драўлянага шлагбаўма перад Міжнародным адукацыйным цэнтрам. Крэатыўна? Так бывае, калі ў адным месцы канцэнтруецца агромністая творчая энергія, што зыходзіць як ад рэкламістаў, так і ад арганізатараў.
Не на словах, а на справе расце і жаданне стваральнікаў рэкламы і камунікацыі паўдзельнічаць у беларускамоўным фестывалі. Калі ў мінулым годзе было пададзена 105 прац ад 59 удзельнікаў, то сёлета – 298 заявак ад больш чым 100 удзельнікаў. Што праўда, у гэтым годзе істотна пашыраны шэраг намінацый (напрыклад, у фестывалі цяпер могуць удзельнічаць і культурніцкія праекты), а такія намінацыі, як «СМІ» і «Сацыяльная рэклама», адразу сталі аднымі з найпапулярнейшых. Трымае лідэрства пакуль намінацыя «Дызайн» – сюды пададзена ажно 86 работ.
Але ёсць намінацыі, дзе лепшых журы папросту не знайшло. Так, у «Друкаванай і вонкавай рэкламе» прысуджана толькі 3-е месца, у «Лагатыпах», «Паштоўках» і «Постэрах» – пачынаючы з 2-га, а намінацыя «Радыё- ці аўдыёрэклама» і зусім засталася без пераможцаў. Толькі 3-е месца мае намінацыя, куды прымаліся інтэрактыўныя работы тыпу гульняў, рэкламы для сматрфонаў і т.п. Яно належыць калектыву Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) за флэш-гульню «Я – журналіст».
Сярод пераможцаў адзначым агульнавядомыя праекты. Анімацыйны ролік па гісторыі Беларусі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» стаў лідэрам адразу ў некалькіх катэгорыях («Тэлевізійная і кінарэклама» і «Грамадсказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры»). Абодва «беларускамоўныя» квасы – «Хатні» і «Старажытны» – адзначаны ў намінацыі «Тэлевізійная рэклама». Лепшым web-сайтам стаў «Народныя казкі для дзетак», а лепшым шматстаронкавым выданнем – зборнік, зноў жа такі, беларускіх народных казак; да абодвух праектаў спрычынілася вядомы рэкламіст Юлія Ляшкевіч.
Паўдзельнічалі ў фестывалі «Аднак» і банкі, якія апошнім часам актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй рэкламе. Манета ад Вітаўта «Знешэканомбанка» ўзяла нават Гран-пры ў намінацыі «Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі».
Беларускамоўнай рэкламы становіцца не толькі больш – павышаецца яе ўзровень. Рэкламадаўцы і рэкламісты ўжо не проста выкарыстоўваюць родную мову, калькай пераклаўшы выраз з рускай, – яны нарэшце пачалі ствараць нацыянальны прадукт. Паглядзім, што яны пакажуць на Фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Аднак» наступны раз. Публіка становіцца спакушанай – ці не выдатны вынік для ўсяго толькі двух сезонаў правядзення конкурсу?
Ответить