Увазе аматараў жывапісу прадстаўлены краявіды Крыма і Каўказа, выкананыя мастачкай-турысткай на працягу амаль дзесяці год. Малыя памеры палотнаў, якія так удала выглядаюць менавіта на невысокіх сценах утульнага музея, тлумачацца не толькі аскетычнай, па словах самой Нілы, манерай пісаць пейзажы, але і больш прагматычнымі меркаваннямі: лазіць па гарах, цяснінах і каньёнах з мальбертам не надта зручна.
«Горную» выставу аўтарка прысвяціла нашаму польскамоўнаму класіку Адаму Міцкевічу, чые «Крымскія санеты» натхнілі яе на асваенне новай тэмы ў творчасці. «Крым – гэта райскае месца, кожны куток якога варты апявання і ўсхвалення», – упэўнена гаспадыня выставы. Не менш паэтычна гаворыць яна і пра «духоўны Каўказ». Прыроду адной і другой мясцовасці, дасканалую саму па сабе, пейзажыстка не хоча псаваць яркімі фарбамі – у гэтым яшчэ адна прыкмета аскетычнасці манеры Нілы. Таму і вее ад невялікіх, напісаных алеем палотнаў разважлівасцю, спакоем і нетаропкасцю існавання.
Той, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, пэўна парадаваўся за Нілу Мікалаеўну – не толькі мастачку, але і педагога Цэнтра пазашкольнай працы, – убачыўшы, колькі дзяцей-выхаванцаў прыйшло на яе свята. Ды не толькі дзяцей – дарослых ужо вучняў, якія памятаюць, хто навучыў іх трымаць пэндзаль у руцэ. Але калі на вернісажы вас не было, вам пашчасціла яшчэ больш, бо работы гэтага сціплага творцы лепей разглядаць сам-насам. Інакш не пачуць вам ціхай музыкі гор.
Іна ХОМІЧ (фота аутара)
Ответить