На ім прысутнічала як незаангажаваная публіка (рабочая і студэнцкая моладзь), так і спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем гэтых пытанняў. Так, дырэктар Кобрынскай дзіцячай вёскі і старшыня Кобрынскага клуба дзелавых жанчын Ала Сапрыжынская ўвяла ўдзельнікаў круглага стала ў праблему гандлю людзьмі, для стабільнай Беларусі не менш актуальную, чым для астатняга свету. Нягледзячы на тое, што гэтай праблеме ўдзяляецца шмат увагі з боку і дзяржаўных структур, і міжнародных арганізацый, колькасць ахвяр злачыннага бізнесу не змяншаецца. А калі лічбы і пачынаюць падаць, то найчасцей гэта значыць толькі тое, што гандляры жывым таварам навучыліся больш надзейна канспіраваць сваю дзейнасць. Прычым з ранейшага статуса краіны транзіту Беларусь перарасла ў краіну-пастаўшчыка.
Тэзіс, што легалізацыя прастытуцыі аблегчыць дзяржаўны кантроль за гэтай сферай, зробіць яе некрымінальнай і дазволіць абараніць жанчыну, выклікаў вялікую дыскусію. Успаміналі вопыт розных дзяржаў, але да адзінага меркавання не прыйшлі. Нехта перакананы, што легалізацыя здыме шматлікія праблемы, некаторыя засталіся ўпэўненымі, што галоўны біч сучаснага грамадства –гандаль людзьмі – па-ранейшаму будзе існаваць.
Горача дыскутавалі і пра неабходнасць легалізацыі лёгкіх наркотыкаў. Прыгадалі і тое, што забаронены плод заўсёды салодкі і, каб падсаліць, трэба яго дазволіць. Карацей, легалізацыю лёгкіх наркотыкаў многія ўспрынялі станоўча, праўда, з агаворкай, што нашае грамадства для такіх крокаў (прастытуцыі гэта таксама тычыцца) непадрыхтаванае, і ёсць пагроза, што народ масава кінецца да спакусы.
Затое гульнёвы бізнес доўга не абмяркоўвалі і адразу пагадзіліся з мадэратарам размовы, дырэктарам інфармацыйна-выдавецкага агенцтва «ПостМедыум» Паўлюком Канавальчыкам, што дзяржава, імкнучыся атрымліваць прыбытак з гэтага сектару, занадта яго распусціла. Вопыт ЗША і Расіі, якія перанеслі ўсе казіно ў спецыяльныя зоны (некалькі на ўсю дзяржаву), здаецца аптымальным і для нашых умоў. Калі траціць грошы трэба будзе ехаць некуды пад Мінск, то пэўна не так шмат людзей будзе спускаць свае кватэры і машыны толькі з-за таго, што выпадкова зазірнулі ў казіно пасля працы.
Легалізацыя прастытуцыі і лёгкіх наркотыкаў – адна з 40 тэм «Народнай праграмы» (ініцыятыва агульнавядомага руху «За Свабоду!»), якія выносяцца на грамадскае абмеркаванне спачатку ў межах круглых сталоў, затым на сайце www.prahrama.by. Такім чынам складаецца народная стратэгія развіцця, якой пасля можа пакарыстацца любы палітык, у тым ліку і дзеючая ўлада.
Іна ХОМІЧ
Ответить