«Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (аўтарства аспрэчваецца, але пакуль навукоўцы не гавораць нам дакладнае імя, не будзем адбіраць лаўры ў гэтага прызнанага класіка) наўрад ці прэтэндавала на неўміручасць. Даволі звычайны канфлікт бацькоў і дзяцей не быў вынаходніцтвам у тагачаснай драматургіі, а сцёбны паказ нораваў дробнай шляхты, якая даўно ператварылася ў сялянства, павінен быў хутка страціць актуальнасць, як і надзённы для тых часоў персанаж Кручкова. Пры ўсім гэтым «Пінская шляхта» бясспрэчна ўваходзіць у лік нямногіх спектакляў, падчас прагляду якіх пачынаеш моцна сумнявацца, што іх тэксты пісаліся ў мінулых стагоддзях. Таму яна збірае аншлагі ўсюды, куды ні прыязджае, у тым ліку і за мяжой.
Асучаснілі купалаўцы класіку моцна, але ў той жа час далікатна: няма ў пастаноўцы дэталі, якая б рэзала слых і зрок неадпаведнасцю часу. Напачатку, канешне, нязвычна бачыць поўную жарсцей Марыську (Вікторыя Чаўлытка), затое як гэта дапамагае адчапіцца ад стэрэатыпу пра ціхмяную вясковую дзяўчыну, што і вочы ад долу рэдка падымае. Але калі падумаць, то такое набліжэнне характараў персанажаў да рэальных людзей – найпершы сродак даць класіцы другое дыханне. Толькі пры ўмове ўмелага карыстання гэтым сродкам арганічна глядзяцца і сучасныя элементы харэаграфіі, музыкі, а часам і дададзеныя ад сябе словы дзейных асоб. Замену і дапрацоўку тэкстаў песень, выкарыстаных Дуніным-Марцінкевічам, таксама наўрад ці хто асудзіць.
Калі сучаснасць лезе са ўсіх дзірак, то што, акрамя самого сюжэта, пакідае нас у сярэдзіне ХIХ стагоддзя? Бясспрэчна, антураж сцэны і асабліва касцюмы герояў. Залатаныя мантыі, жаночыя сукенкі з адным рукавом, негарманічна падабраныя дэталі касцюмаў, розныя боты на нагах – гэтак званая шляхта апранулася ў тое, што засталося ад яе велічы, не падазраючы, што выглядае, як аблезлая ліса. А пад гэтым сумна-смешным дэманстрацыйным гардэробам звычайная сялянская вопратка, якая яднае гэтых фанабэрыстых шляхціцаў з мужыкамі, хоць прызнаваць гэта ім і не хочацца. Пастаноўшчыкі, што і казаць, добра злавілі настрой аўтара п’есы, які быў моцна расчараваны ў сярэдняй і дробнай шляхце пасля паражэння паўстання 1863–64 гг.
Прадказальна, што гэтых збяднелых найперш духоўна людзей абдзіраюць як ліпку, а яны нават не ў стане ўсвядоміць абсурднасць сітуацыі, у якой апынуліся. Віктар Манаеў выдатна сыграў напаўграматнага, але хітрага станавога прыстава Кручкова, які, ведаючы псіхалогію ваколічнай шляхты (сам такога ж паходжання), віртуозна раз за разам абводзіць яе вакол пальца, іграе з ёю, як кот з мышшу, чым нават сімпатычны гледачу: такіх дурняў грэх і не абмануць.
Аднак абсурднасць суда Кручкова, хочуць таго акторы ці не, выклікае пэўныя асацыяцыі з нашым часам. Сумна толькі, што шляхціцы, што трасуцца кожны ў сваім куце і гатовы аддаць апошняе, каб толькі іх не чапалі, пакуль яшчэ таксама нагадваюць шэрагавых беларусаў. Відавочна, што з часоў Дуніна-Марцінкевіча наша свядомасць да канца так і не дапяла, што не мы працуем на кручковых, а кручковы на нас.
Апошняя сцэна спектакля – сімвалічная і, як у такіх выпадках водзіцца, шматсэнсоўная. Паглядзеўшы ўслед Кручкову, які звозіць з мястэчка цэлы воз хабару, шляхціцы дастаюць з-пад кашуль свае радавыя гербы і падымаюць іх на крыжах. Людзі нарэшце дэманструюць сапраўдны гонар? Чамусьці не верыцца ў гэта з папярэдніх падзей, не вынікае з логікі персанажаў. Больш верагодна, што ўкрыжоўваюць яны адзіныя фармальныя паказчыкі прыналежнасці да шляхецкіх родаў, бо разумеюць раптам, што знатнасць сталася гісторыяй па іх жа віне. Гэтага разумення ў п’есе-арыгінале мы таксама не заўважым, аднак пастаноўшчыкі, ведаючы, чым скончылася барацьба за шляхецкія прывілеі, маюць права на падобныя дадумванні.
Сцэна моцная. Дзякуй богу, яна асацыяцый з цяперашнім днём не выклікае. Пакуль.
Ответить