Палкоўнік Андрэй Мехед падкрэсліў: работа цяжкая, вымагае маральна-валявых якасцяў, таму пэўная цякучасць кадраў ёсць. Інспектарамі ДПС бяруцца зрабіць “пасля любой ВНУ, вучоба ў спецыяльнай міліцэйскай установе неабавязковая”.
Цяпер на Брэстчыне зарэгістравана больш за 700 тысяч легкавікоў. Гэта больш, чым у любым другім рэгіёне Беларусі. За паўгоддзе іх дадалося 22 тысячы. “Ну, цяпер доўга не будзе дадавацца”, — была агульная непрамоўленая думка.
Кіраўнік ДАІ бачыць “вузкія месцы” на дарогах. Найперш, уражваюць 80 загінуўшых (плюс 32 ў параўнанні з першым паўгоддзем 2010 года). Потым — узровень навучання ў аўташколах, парушэнні ПДД, стан дарог.
Асноўныя віноўнікі здарэнняў — гэта самі кіроўцы (86% ДТЗ). Каля 50% усіх здарэнняў — гэта наезды на пешаходаў і веласіпедыстаў. Веласіпедысты ўдвая менш прадстаўлены ў гэтай сумнай статыстыцы (13, 3% ДТЗ) за пешаходаў (34%). Верагодна, пакуль што іх проста менш. Але пра гэта пазней.
Асноўныя прычыны ДТЗ — перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў абгону, праезду скрыжаванняў і пешаходных пераходаў.
Фактычна кожны трэці з загінуўшых — транзітнік (летась быў кожны дзясяты). Штодня мяжу міналі 5000 аўто, “бо беларусы імкнуліся да 1 ліпеня прыгнаць што можна з-за заходняй мяжы”. Зразумела, людзі стомленыя, суткамі ў дарозе, калатнеча з мытняй-размытняй, і вось сумны вынік…
Калі прааналізаваць гэтыя лічбы ДАІ (прырост смерцяў сярод “транзітнікаў” у параўнанні з 2010 годам на дваццаць чалавек), наступствы аўтабуму суперцяжкія. І як тут не пашырацца на іншае. Бо калі верыць уладам, дык аўтаажыятаж выклікаў дэвальвацыю і масавае збядненне. А калі не верыць… Калі больш лагічна думаць пра праблемы кіравання…
Напружана працавалі і аўташколы. Галоўны крытэрый іх працы, як зазначыў палкоўнік Мехед, “колькі здаюць экзамен ДАІ з першага разу. Сярэдні ўзровень за 50%, але гэта сярэдняя тэмпература па палаце. Ёсць школы, дзе 80%, але і ёсць, дзе 30%”. У дачыненні да апошніх ДАІ можа адно што напісаць адносіну ў адпаведнае міністэрства, і гэта робіцца.
За паўгода на 11,8% паменшылася колькасць ДТЗ “з ініцыятывы” пешаходаў; па сваёй уласнай віне пешаходаў загінула на 8,3% менш. Наогул ДТЗ стала менш (–1,6%, больш смерцяў, таму што больш стала цяжкіх ДТЗ – Я.Б.). Менш стала “п’яных” аварый (–40%). Кіраўнік ДАІ пагадзіўся з журналістамі, што ў гэтым заслуга аддзела агітацыі і прапаганды пад кіраўніцтвам маёра Наталлі Сахарчук, “самага крэатыўнага звяна ў Беларусі, а можа і дзе далей”. Сапраўды, нібыта пераймалі ці з Масквы, ці з-за Масквы – і маладзёвыя дыскатэкі, і працу ў школках-дамах-інтэрнатах, і рок-канцэрты з ДАІ, і кліпы.
А вось з дарогамі было не ўсё гладка. Падпалкоўнік Крац, начальнік міжраённага аддзела арганізацыі дарожнага руху, падобна, спрабаваў “выручыць камандзіра”: “Коркаў у нас няма. Корак — гэта калі ты стаіш дзве гадзіны”. “Пешаходныя тунэлі ў нас будуць. Рана ці позна, але будуць”. Але палкоўнік Мехед быў больш шчыры (цікава, ці ў нас можа быць іначай?). Так, тры падземныя пераходы патрэбныя аж надта. Каля вуліцы Гаўрылава для дзяцей 6-га мікрараёна, што ў школкі ходзяць цераз шашу; насупраць тэхуніверсітэта і працяг Савецкай да ЦУМа. Інвестараў абавязалі былі будаваць, але тыя адмовіліся ад інвестыцый, цяпер невядома калі будуць. Так, траса М1 не павінна мець пешаходных пераходаў у адной плоскасці, трэба развязкі, але няма грошай, мусім пакуль прымаць часовыя меры: знакі, сігнальныя штучныя няроўнасці, нават светлафоры… І пішам адносіны ў рэспубліканскае ДАІ.
Цяжка ў гэтым сэнсе і з разгрузкай новых “вулек” цераз Мухавец, паскардзіўся Андрэй Мехед. Калі ў новыя мікрараёны заселяцца планавыя 10 тысяч жыхароў і не палепшыцца сітуацыя з “фарсіраваннем рэчкі”(рэпліка аднаго з “жураў”) – “будзе рух стаяць колам”. У гарвыканкаме ведаюць, і вырашыў бы сітуацыю мост Заходняга кальцавога абхода, пажадана з пашырэннем Варшаўскага маста – але ці будуць на гэта грошы… Невядомы таксама пакуль тэрмін злучэння вуліц Купалы і Гогаля, што разгрузіла б Маскоўскую і праспект Машэрава.
Больш салідарныя былі і ўжо амаль адбіваліся ад журналістаў палкоўнік Мехед і падпалкоўнік Крац, у дачыненнi да веладарожак. Ну не трэба іх, і ўсё. Вось на новых вуліцах, каб з горада выехаць і да дачы даехаць, – гэта мы пішам, калі прыходзіць праект на ўзгадненне. А цэнтр – там правільна ўсё. Нечага праезжую частку звужаць, няма і не трэба. Напрыканцы хітры паўкампраміс пракінуўся: маўляў, у Еўропе, калі стала аўтамабілям немагчыма цесна, тады зачынілі для іх цэнтры гарадоў і нарабілі там веладарожак. “А пакуль колькі іх, тых веласіпедыстаў, ездзіць у цэнтры, каб для іх дарожкі рабіць”.
Здаецца, дарма павісла ў паветры пытанне маладога журналіста: “А чаму ў нас не зрабіць, як у Мінску: тратуар падзяліць, і па адной паласе веласіпедысты, па другой пешаходы?..”.
Сапраўды, пагадзіцеся, бульвары ў нас шырокія, не параўнаць з завіхлястымі вулкамі сярэдневечных гарадоў Заходняй Еўропы, якія крывыя, бо зроблены не для аўто, а каб скразнякоў не было, і тым не менш там і аўтамабілі ездзяць, і для веласіпедыстаў-пешаходаў тратуары разлінееныя. Міліцыя ДПС дык на роварах патрулюе двухколавых, не на “Роверах”, акурат у цэнтры, а ДАІ вось нават пра іхні інтарэс не дбае.
На стыках міліцый наогул цікавосткі адкрыліся. Неяк у міліцэйскай зводцы прайшло, што ў чалавека скралі “антырадар”. Міліцыя і ўзялася яго знайсці ды вярнуць. Спытаў афіцэраў, як ім гэта. Псуюць жа справу бяспекі на дарогах, статутную святыню… І “Антиполицай” з Расіі яшчэ нядаўна легальна быў у продажы. Гаспадар прэсавай развёў рукамі: “Уласнасць чалавека. Абавязаны вярнуць. А выкарыстоўвае ён яе ці не – гэта справа другая”.
На аўтатранспарце бяспека бывае актыўная і пасіўная. Думаецца, гэта нават на пасіўную бяспеку не цягне. Бо і не бяспека зусім, а небяспека. Нейкая мазаічнасць атрымліваецца. На вуліцы піва нават піць нельга. Дапусцім, я “за”. Хоць як тады парыжскі Булонскі лес і пікнікі з віном. Па мацеры лаяцца нельга. Годнасць іншага прыніжаць нельга. А вось прыніжаць годнасць міліцыянта і словам (назоў “Антиполицай”), і справай “вы шукайце сабе п’яных за рулём, а я таблэтка-за-шчака і паехаў) можна. Па сутнасці, гэта гульні на мяжы жыцця і смерці. Тут трэба ў набат біць, па-мойму, а не адносіны пісаць.
З ліпеня ліхачам стане цяжэй. Тэхнічная база брэсцкай ДАІ прырасла двума 3-G мадэмамі, якія перадаюць фіксаванае парушэнне хуткасці на ноўтбук наступнага патрульнага аўто. Тым застанецца толькі аформіць абгрунтаваны пратакол.
Паўтарагадзінную размову закончылі дзве цікаўныя каляжанкі з Пінска. Адна хацела ведаць, калі палепшыцца стан вуліц у іхнім горадзе. Падпалкоўнік Вячаслаў Крац сказаў, што патрэбны маніторынг праводзіцца. Палкоўнік Андрэй Мехед выказаўся іначай: “У нас наогул-то дарогі заканчваюцца там, дзе пачынаюцца Баранавічы, не Пінск”, — але прапанаваў, калі ўжо праблема існуе, супольна ініцыяваць пазачарговую праверку адпаведнай службай. Другая дабівалася новага аўтамабіля для пінскіх “гаёвых”. Цікавы выпадак спайкі журналістаў з ДАІ, аднак. Пакуль няма, сказалі. І тут ужо ніякай пазачарговасці. “Ва ўстаноўленым парадку”.
Ответить