Іван ЧАРНЕЦКІ
***
Пятру Маху
Грымяць бадзёра струны на бандурах,
нібы грамы ракочуць ясна ў траўні.
І распагоджваецца смутак хмуры,
агледзеўшы прастор гадочкаў даўніх.
Зацішна так вакол і так прыбрана,
і да душы ідзе работа рана.
І ў полі ўгледзіш у блакітны ранак:
за далягляд ляціць табун буланых.
Мажліва, коні выпрагліся з збруі?
Бач, як шалёна тупацяць на мосце.
А хто ж вас, несупынныя, пільнуе?
Куды вы, да каго ляціце ў госці?
Не коні мы, а коні год Гасподніх,
нам шлях вялікі ўдалеч пралягае,
яго мы топчам да таго сягоння,
у кім казачы дух не пагасае.
Васіль ГЭЙ
Усе мы з кнігі родам
Бібліятэкарам Валыні
У кніжным храме вы, жанкі, дзяўчаты,
Як верніцы… Шаную вас я ўсіх,
Вы з тых, хто зведаў працу без зарплаты,
О, кніжніцы, о, берагіні кніг!
Камусьці грош – адзіная аснова
Быцця, ўсё іншае – пыл, парахня.
А вы натхнёныя праменнем слова,
Вы свята кнігі дзееце штодня.
Скажыце, ці мы ўсе не з кнігі родам,
Не з казкі, што у слове расцвіла?
Мы з родным словам сталіся народам –
І знак раба навек сатрэм з чала.
І гром і ціша слова сэрцы цешыць,
У слове нашым – цвет і запавет.
Не толькі хай мудрэйшым, а й дабрэйшым
З прасветлым словам стане Божы свет.
Пятро МАХ
У Люсіне, дзе Коласа дубы…
Тым, хто быў на святкаванні 100-годдзя
з дня нараджэння Якуба Коласа,
ніколі не забыць голасу Ніны Мацяш,
беларускай паэтэсы, у якой цяжкая
хвароба скавала ногі, але не знішчыла
гордае душы.
Аўтар
У Люсіне, дзе Коласа дубы,
Дзе возера – як дыямент прыроды,
На свяце беларускага народу
Я песню Мацяшоўны палюбіў.
Сябрына зачарована была
Ў магнітным полі і красы і сілы:
Там Мацяшоўна спеўная свяціла
Нам арэолам сэрца і чала.
Праніклая мелодыя жыла –
І адлягалі туманом трывогі.
Шукаючы душой сабе падмогі,
Мы горнемся да гойнага святла.
Час, я прашу, святое не паруш!
Растуць паэты, духам вырастаюць…
Ніколі не памрэ легенда краю,
Куды склікае песня
веча душ.
Ніна ГОРЫК
***
Сутонні ўжо збіраліся ў адно,
Душы было няўтульна гэтак, гола,
Як… быццам пташка стукнула ў акно…—
Твой голас…
Божа! Скуль жа ён, твой голас?
Зара на ясным тле нябёсных цел
Трымцела і тулілася да шыбы…
Ён, як матылік на святло, ляцеў
І крыльцамі знадворку
цішу выбіў.
І адляцеў. І ціха стала зноў,
І сцены да маўчання йшчэ не звыклі.
Ці то
маіх астаткі мрояў-сноў
Ад сэрца аддзяліліся і зніклі?
З украінскае пераклаў Васіль Жуковіч
Ответить