Нагадаем, кампанія ставіла за мэту палепшыць хісткае становішча беларускай мовы шляхам лабіравання зменаў у дзейснае заканадаўства. Акрамя таго, Случак рассылаў у розныя дзяржаўныя ўстановы і органы лісты з прапановай перавесці афіцыйныя паперы на нацыянальную мову. Калі адказ прыходзіў на рускай, ініцыятар кампаніі накіроўваў адрасату новы ліст, на гэты раз з патрабаваннем адказаць на запыт па-беларуску.
Што за карысць ад перапіскі з дзяржорганамі? Вынік кампаніі – гэта ўнясенне паправак у Закон «Аб зваротах грамадзян», што адбылося 18 ліпеня 2011 года – дзень у дзень праз два гады ад пачатку кампаніі. Добрая нагода пагутарыць з самім Ігарам. Хоць ён праводзіць летнія вакацыі на радзіме ў Гомелі (вучыцца ў Эстоніі), скайп здымае праблему адлегласцей.
– Ігар, патлумач, якія менавіта змены былі ўнесены ў Закон?
– Мы дабіваліся, каб адказ на пісьмовы зварот грамадзяніна даваўся на мове, на якой чалавек звярнуўся да чыноўніка. Па маёй задумцы гэта павінна было тычыцца толькі дзяржаўных моў, але дэпутаты напісалі проста: «Адказваць на мове звароту» (Артыкул 18 Закона). Таму, у прынцыпе, можна звяртацца на любой мове, і чыноўнік павінен будзе на ёй адказаць. Закон успупіць у дзеянне праз 6 месяцаў пасля яго падпісання, і я апавязкова звярнуся да каго-небудзь са зваротам на эстонскай мове, якой валодаю. Думаю, гэта будзе рэктар Мінскага інстытута кіравання Мікола Суша, які вельмі раіў мне павышаць культурны ўзровень і пашыраць кругагляд, калі я прапаноўваў даць мне адказ па-беларуску. Зараз праверым кругагляд прафесара.
– З дэпутатамі лёгка было дамовіцца пра падтрымку?
– Даволі лёгка, я б сказаў наогул без праблем, толькі крыху марудна ўсё рабілі. Асабліва добра кантактавалі мы з адказным за законапраект Яўгенам Мельнікавым.
Тут трэба адзначыць, што мы ж уздымалі праблему ў СМІ і ў сацыяльных сетках, таму яна набыла грамадскі рэзананс (і даволі вялікі), і дэпутатам не засталося нічога іншага, як пазітыўна адрэагаваць на жаданне людзей. З 1995 года ў беларускамоўных былі толькі паразы, а зараз яны атрымалі даволі гучную перамогу, і я вельмі ганаруся, што прыклаў да яе руку.
– Я так разумею, што адпачываць на лаўрах ты з аднадумцамі доўга не збіраешся. На што накіруеш высілкі далей?
– Працягнем працу па лабіраванню зменаў у накірунку заканадаўчага замацавання рэальнага дзвюхмоўя ў Беларусі. У першую чаргу гэта будуць Законы «Аб мовах», «Аб нарматыўных прававых актах», «Аб рэкламе», «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Ну вось, да прыкладу, праз увесь дзейсны Закон «Аб мовах» праходзіць выраз «на беларускай і (або) рускай мове». Мы ж прапануем ужываць фармулёўку «на беларускай і рускай мове», што паспрыяе захаванню інтарэсаў носьбітаў абедзвюх моў.
Каб падліць усё ж такі лыжку дзёгцю ў бочку з мёдам, заўважым, што на новым вітку змагання за афіцыйную беларускамоўную прастору ліставання з чыноўнікамі і кіраўнікамі рознага кшталту відавочна не хопіць. Разумее гэта і сам Ігар Случак. Таму і збірае вакол сябе актыўных людзей, каб наступная кампанія перастала быць персанальнай. Ёсць і першыя пацвержанні старой прымаўкі «гуртом лепш і бацьку біць» (на ўсякі выпадак удакладню: размова выключна пра галаву сямейства). Кожны тыдзень моладзь абірае ахвяру з тых, хто асабліва дэманструе сваё нежаданне звязвацца з беларускай мовай на працы (вылічыць такіх людзей па выніках кампаніі «Справаводства па-беларуску» прасцей прастога), і закідваюць яе лістамі якраз з прапановай пашырыць сферу ўжывання белмовы ў падуладнай для адрасата ўстановы. Згодна з законам, ахвяра мусіць на ўсе лісты адказаць. Вока за вока, зуб за зуб.
0 комментариев
Anonymous User
11.08.2011 в 23:18Юлія
11.08.2011 в 23:18Шшыкоўна =)