— Стала вядома, куды Вас накіроўваюць для адбывання “хіміі”. Распавядзіце, што гэта за месца?
— Гэта вёска пад назвай Купліна ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Спачатку ў інспекцыі мне казалі, што накіруюць мяне кудысьці ў Віцебскую вобласць, але пасля аказалася, што ў гэтым рэгіёне месца для мяне няма. Таму мяне накіроўваюць практычна ў самую далёкую ад маёй роднай Віцебшчыны кропку: гэтае месца знаходзіцца практычна ў Белавежскай пушчы.
— Калі Вы мінулым разам адбывалі пакаранне ў вёсцы Малое Сітна, шмат хто жартаваў, што на мапе Беларусі адмыслова для Вас знайшлі Сібір: там нават не было сотавай сувязі…
— Мяркую, што ў Купліне сувязь будзе. Хоць гэта і недалёка ад Белавежскай пушчы, але не думаю, што гэта самае глухое месца. Я ўжо паглядзеў у Інтэрнэце, што раней там знаходзілася ракетная база. Прынамсі, там павінна быць не менш цікава, чым у Малым Сітне.
— Ці вядома Вам, чым будзеце там займацца?
— Пакуль што ніхто мне пра гэта не казаў. Магчыма, што і там буду валіць лес, а магчыма буду працаваць у калгасе. Гэта ўжо высветліцца на месцы.
— Вы як геолаг праверылі, ці ёсць там нейкія карысныя выкапні?
— Думаю, што ў тым краі можа быць сланцавы газ. Напрыклад, польскія радовішчы сланцавага газу вядуць у Белавежскую пушчу. Але рабіць там нейкія навуковыя даследванні немагчыма, бо адна свідравіна для даследванняў каштуе некалькі сотняў тысячаў долараў. Можа быць, калі дзяржава будзе праводзіць там даследванні, я змагу даць некалькі карысных парадаў.
— Ці скончылі Вы працу над апошняй кнігай? Ці будзеце пісаць нешта яшчэ?
— Не, раман, які я пішу, не скончаны. Будзе чым заняцца на “хіміі”. Буду таксама ў жанры рэпартажу пісаць і пра тое месца, куды мяне дасылаюць.
— А якая там сітуацыя з вернікамі? Здаецца, у Малым Сітне ўсе былі атэістамі?
— Думаю, што тут сітуацыя з верай будзе лепшай. Па-першае, ўсё ж гэта Заходняя Беларусь, а па-другое, вёска знаходзіцца на мяжы каталіцтва і праваслаўя. Больш за тое, там моцныя традыцыі вернікаў-евангелістаў. Таму мне здаецца, што там і цэркваў, і вернікаў будзе больш.
— Ці плануеце Вы займацца палітычнай дзейнасцю?
— Безумоўна, я буду звязвацца з пружанскім кардынатарам партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, недалёка — Брэст, Кобрын. Спадзяюся, змагу ў цяжкіх сітуацыях дапамагаць калегам.
— Кіраўніцтва аргкамітэта БХД прыняло заяву, у якой заклікае міжнародную супольнасць рабіць рэальныя крокі па абароне дэмакратыі ў Беларусі. Раскажыце, калі ласка, пра гэты зварот.
— Зварот тычыцца тых падзей, якія нядаўна адбыліся: маю на ўвазе выдачу Літвой дадзеных банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага, план Беластоцкага суда выдаць Беларусі палітуцекача Андрэя Жукаўца… Усе гэтыя сігналы вельмі трывожныя. Нам вельмі б не хацелася, каб барацьбіты за беларускую дэмакратыю апынуліся без хаўруснікаў, сам-насам з рэжымам. Таму БХД звярнулася да еўрапейцаў, якія па каштоўнасцях нам бліжэй, каб яны не забываліся на салідарнасць са змагарамі за свабоду.
— Кажучы пра еўрапейскія каштоўнасці, як бы Вы ахарактарызавалі тое, што зараз адбываецца ў Англіі?
— Дзесьці могуць мець месца памылкі ці непаразуменні, аднак за гэтым праглядаецца пэўная палітыка прагматызму. На шчасце, Еўропа — гэта такое месца, дзе каштоўнасці могуць перамагаць прагматызм. Таму мы павінны звяртацца менавіта да еўрапейцаў па дапамогу.
Гутарыла Вольга МІЦКЕВІЧ
«Форум Беларусь” на Еўрарадыё (www.euroradio.fm) слухайце ў Брэсце на хвалях польскага «Radio dla Ciebie» 103,4 FM па суботах з 6 да 7 раніцы, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6-13 ° на ўсход, частата 11200 Мгц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms / s, карэкцыя памылкі (FEC) 5 / 6 і спадарожнік ASTRA 4A-4, 8 ° на ўсход, частата 12379.62 Мгц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms / s, карэкцыя памылкі (FEC ) ¾.
Ответить