На фотаздымку добра відаць, што на вокладцы пад выявай аднаго з сімвалаў Рэспублікі Беларусь красуецца подпіс «Дзяржаўны флаг». У той час як рускае слова «флаг» выдатна перакладаецца беларускім «сцяг». Тое ж самае можна бачыць і на плакатах з дзяржаўнай сімволікай, якія ўжо не адзін год прадаюцца ў тых жа кнігарнях.
Прыгадала выпадак, калі выкладчык з кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі доказна пераканаў нас, студэнтаў, што словы «карандаш» і «аловак» для беларускай мовы амаль раўназначныя, бо абодва запазычаныя, а значыць ужываць можна і адно і другое. Каб пацвердзіць ці аспрэчыць аналагічнасць сітуацыі, я звярнулася менавіта да дацэнта Андрэя Макарэвіча. Андрэй Васілевіч пасмяяўся і перапытаў, ці заглядвала я ў слоўнік. Такім чынам я ўпэўнілася, што беларуская лінгвістыка супраць бесцырымоннай калькі з рускай мовы, хоць дарэформенныя слоўнікі падаюць якраз-такі калькаваны пераклад, ці, дакладней сказаць, адсутнасць перакладу.
Цікава прасачыць за ўжываннем «флага-сцяга» на дзяржаўным узроўні. Прзідэнт віншуе грамадзян «з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь» (працытаваны сайт «Белтэлерадыёкампаніі», матэрыял ад 7 мая 2011 г.), «флаг» фігуруе ў большасці дзяржаўных СМІ, менавіта «флаг» падрабязна апісваецца ў Законе «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». І гэта толькі хуткі прагляд вынікаў пошуку ў гугле.
Затое бясконцую павагу выклікае Канстытуцыя нашай краіны, дзе ў артыкуле 19 чорным па беламу напісана: «Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляецца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн». А Канстытуцыя, хоць і фармальна, але асноўны закон, якому падпарадкоўваюцца ўсе астатнія, прынятыя пазней. Радуе і тое, што на запыт «дзяржаўны сцяг» пашуковік выдае ў 20 разоў больш старонак, чым па запыце з другім словам. А вось вытрымка з новых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»: «…З вялікай літары пішуцца: … Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь…»
Ляпаў, выкліканых моўнай бязграматнасцю і добра растыражаваных, цяжка пазбегчы, калі нацыянальная мова ператвараецца ў элемент аздаблення. Хоць, хто ведае, можа, гэта не безграматнасць, а імкненне такім вось няўдалым чынам размежаваць афіцыйную сімволіку з неафіцыйнай.
Іна ХОМІЧ
Ответить