— Як можна ацэньваць вынікі сёлетняй уступнай кампаніі?
— Я б абмяркоўвала не вынікі ўступнай кампаніі, а сам спосаб паступлення. Тэставанне не выяўляе рэальнай якасці адукацыі, якую выпускнік атрымаў у школе. Я была б прыхільніцай іншага, альтэрнатыўнага спосабу: каб кожная ВНУ абірала сваю форму прыёму, а не кіравалася агульнай для ўсіх. Гэта сведчыць аб тым, што нашы ВНУ не самастойныя ў выбары працы. Таму казаць аб эфектыўнасці сёлетняй уступнай кампаніі складана. Мая дачка 4 гады таму прайшла праз тэставанне і не здолела трапіць у беларускую ВНУ. Пры гэтым яна паспяхова паступіла ў еўрапейскую ВНУ і ўжо цяпер скончыла яе.
— А ці шмат абітурыентаў сёння падаюць дакументы менавіта на тую спецыяльнасць, на якую збіраліся?
— Ёсць упартая моладзь, якая гатова некалькі разоў паступаць на адну і тую ж спецыяльнасць. Гэта тычыцца універсітэта культуры, Акадэміі мастацтваў. Што да іншых ВНУ, то ў апошні дзень прыёму дакументаў там пачынаецца “масавы шабаш”. Дакументы перакідваюцца з адной спецыяльнасці на іншую, ідзе разлік па тэорыі верагоднасці, дзе найпрасцей паступіць. Гэта зніжае матывацыю абітурыентаў. Калі пачынаецца навучанне, студэнты расчароўваюцца ў абранай прафесіі.
— З чым гэта звязана?
— У першую чаргу — гэта недахоп тэхналогіі самавызначэння, якая разлічана на тое, што чалавек пры паступленні ў стане высветліць сваю далейшую кар’еру. На жаль, школа і іншыя ступені адукацыі на гэта не арыентаваны. Многія заканчваюць ВНУ і так да канца не ведаюць, дзе будуць працаваць. На 5-м курсе пытаешся ў студэнтаў, дзе яны збіраюцца працаваць. Яны адказваюць, маўляў, не ведаем, як мама скажа. Такі дзіўны інфантылізм закладзены ў самой педагагічнай тэхналогіі школы. Кожны год мы выпускаем па 50 філосафаў. У мяне ўзнікае пытанне: а ці філосафы яны наогул? Калі кожны год мы іх выпускаем, то Беларусь ужо даўно мусіла б быць узорам еўрапейскай думкі. А дзе гэтыя філосафы?..
— Ці шмат сёння тых выпускнікоў, якія пасля ўніверсітэта працуюць па спецыяльнасці?
— Мяркую, іх дастаткова. Але, з пункту гледжання логікі, універсітэты не абавязаны даваць спецыяльнасць, не мусяць даваць прафесію. Трэба, каб універсітэты давалі класічную ўніверсальную адукацыю. Сама назва кажа аб тым, што мусіць быць сфармаваны ўніверсум ведаў, які дазваляе чалавеку ў любых умовах адаптавацца да прафесійнай дзейнасці, засвоіць яе нават самастойна дастаткова хутка. Гэта было б эфектыўна ў беларускіх умовах, бо мы знаходзімся то ў крызісе, то ў стабільнасці. Калі трэба рэалізаваць антыкрызіснае кіраванне, то пытанне аб кадрах стаіць у першую чаргу. І нават не істотна, якую спецыялізацыю мае чалавек у гэтай галіне. Хутчэй важна, каб чалавек здолеў хутка пераарыентавацца.
— Але ёсць яшчэ і размеркаванне, паводле якога ты мусіш працаваць па канкрэтнай спецыяльнасці…
— Тут працуюць рудыменты планавай сістэмы ў галіне адукацыі, якія засталіся з часоў Савецкага Саюза. Тады можна было распланаваць колькасць спецыялістаў, потым накіраваць іх у вызначаныя месцы. У СССР падавалася, што так будзе доўга і нязменна. Ва ўмовах сапраўднага рынку працы ўсё гібка і дынамічна, размеркаванне з’яўляецца тормазам для развіцця рыначных адносін як на рынку працы, так і ў сістэме адукацыі. Апроч таго, размеркаванне носіць ідэалагічны характар. Такім чынам, моладзь прывучаюць да думкі, што за іх нехта можа нешта вырашыць.
— Ці шмат у нас тых студэнтаў, якія сапраўды вучацца, а не проста прыходзяць па дыплом?
— У сілу сваёй актыўнасці, моладзь мае мэту скончыць ВНУ і скласці канкурэнцыю старому пакаленню. Такая моладзь ёсць, незалежна ад усёй архаічнасці форм навучання ва ўніверсітэце. Але ў цэлым, уся тэхналогія навучання ў ВНУ не матывуе, а зніжае прагу да навучання. Выкладчыкі скардзяцца, што ў студэнтаў нізкая матывацыя. А студэнты цалкам лагічна заўважаюць, што сама сістэма адукацыі не вельмі эфектыўная. Узмацняецца дысцыпліна: абавязкова трэба наведваць заняткі. То бок калі ва ўніверсітэце няма свабоды, пачынаюцца скаргі і плач. Таму галоўны аргумент матывацыі і актывізацыі энергетыкі ў моладзі — з’яўленне ўніверсітэцкіх свабод.
— Ці ёсць у нас такія ВНУ, існаванне якіх не мае сэнсу?
— Я не магу сказаць, што нам не патрэбны юрысты ці эканамісты. Асабліва, калі будзе развівацца рынкавая сістэма. Іншае пытанне, што якасць гэтых спецыялістаў не задавальняючая. У 1990-я гады я вельмі радыкальна прапаноўвала зачыніць педагагічны ўніверсітэт. Бо тых педагогаў, якія ў нас ёсць, хапае. І калі мы збіраемся рэфармаваць сістэму адукацыі, то тыя веды, якія там транслююцца, з’яўляюцца тормазам. Агулам, я прыхільніца закрыцця многіх ВНУ.
— У чым жа большая праблема для ВНУ: у адміністратыўных метадах кіравання ці недахопе выкладчыкаў?
— І тое, і другое. Галоўная праблема на сёння — гэта адносіны паміж менеджментам і педагагічнай супольнасцю. Менеджмент цяпер нашмат больш кваліфікаваны, чым акадэмікі, і пачынае дыктаваць умовы адукацыі. Але гістарычна, універсітэтам заўжды кіравала акадэмічная супольнасць.
— Наогул як даўно рэфармавалася сістэма адукацыі?
— Вышэйшая сістэма адукацыі сістэмна не рэфармавалася. Рэфармавалася школа – праўда, няўдала. У ВНУ павольна ўводзіліся пэўныя элементы, і тое, што мы маем зараз, гэта — дзіўны сімбіёз рэшткаў савецкай адукацыі з маленькімі элементамі навізны.
— Сёння чыноўнікі шмат кажуць пра камп’ютарызацыю нашай адукацыйнай сістэмы. Як Вы да гэтага ставіцеся?
— Пазітыўна. Універсітэт мусіць хутка падстройвацца пад новыя тэхналогіі. Іншая справа, што інфармацыйныя тэхналогіі не вырашаюць іншых праблем. Яны не вырашаюць місійных, чалавечых праблем. Адна справа — мець планшэт ці ноўтбук, іншая справа — як арганізоўваць навучальны працэс, якое ўтрыманне адукацыі будзе транслявацца на гэтым планшэце і як сучасныя выкладчыкі пад гэта падстрояцца.
— А чаго нам не хапае, каб патрапіць у Балонскую сістэму? І ці можам мы туды ўступіць цяпер?
— Можам. Гэта трэба было рабіць гадоў дзесяць таму, бо Балонская сістэма сама пачала сваё станаўленне у 1998-м годзе. Пакуль яна развівалася, можна было туды ўскочыць і прапанаваць узоры ў гэтай сістэме. Адзінае, чаму Беларусь не магла б сёння ўступіць у яе, — калі Еўропа зойме жорсткую пазіцыю па пытаннях акадэмічных свабод і якасці адукацыі. Але еўрапейскі бок зараз вельмі паліткарэктны ў адносінах да Беларусі. І гэта добра для нас: кожнае ўступленне ў еўрапейскія працэсы, у еўрапейскую традыцыю прынясе Беларусі толькі карысць. Пытанне толькі — каму.
Гутарыў Арцём МАРТЫНОВІЧ
«Форум Беларусь” на Еўрарадыё (www.euroradio.fm) слухайце ў Брэсце на хвалях польскага «Radio dla Ciebie» 103,4 FM па суботах з 6 да 7 раніцы, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6-13 ° на ўсход, частата 11200 Мгц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms / s, карэкцыя памылкі (FEC) 5 / 6 і спадарожнік ASTRA 4A-4, 8 ° на ўсход, частата 12379.62 Мгц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms / s, карэкцыя памылкі (FEC ) ¾.
Ответить