Экспазіцыя мае на мэце зацікавіць дзіцячую аўдыторыю ад дашкалят да старэйшага школьнага ўзросту. Менавіта дзецям найважней давесці неабходнасць рацыянальнага харчавання і эстэтычнага аздаблення стала. Дырэктар музея Ганна Кавалёва, што сама распрацоўвае і праводзіць экскурсіі, стараецца расказваць наведвальнікам пра самыя нечаканыя ўласцівасці тых ці іншых прадуктаў, тым самым наноў адкрываючы ім звыклыя рэчы.
Не многія, напрыклад, ведаюць, што манныя крупы садзейнічаюць развіццю мускулатуры, аўсянка – разумовай дзейнасці, грэчка разнявольвае, а чачавіца спрыяе пачуццю гумару. Не менш цікавыя назіранні можна пачуць і пра гародніну. Нам, бульбашам, відаць, будзе карысна ведаць, што бульба назапашвае энергію, у тым ліку і адмоўную, таму ў памяшканні, дзе гэтая гародніна захоўваецца, нельга сварыцца.
Што да нехарчовай часткі экспазіцыі, то яе прадметы пераважна адносяцца да савецкага часу, хоць ёсць рэчы, як, напрыклад, тульская медная патэльня, зробленыя яшчэ ў дарэвалюцыйную эпоху. Для чаго патрэбная такая патэльня, калі смажылі ўсё на чыгунных, – пытанне, якое асабіста мяне паставіла ў тупік. Аказалася, адзінае, што можна рабіць у такім кухонным начынні – гэта варыць варэнне. Цікава было паназіраць за рэакцыяй дзяцей (яны быццам жывога маманта ўбачылі), калі ім паказалі торбу-авоську, расказалі этымалогію смешнага слова і нават паказалі прыбалтыйскія авоські для модніц, якія выпускаліся ў спецыяльных пластыкавых футаралах.
Асноўная думка экскурсіі і экспазіцыі Ганны Кавалёвай – ежа павінна прыносіць задавальненне. Таму ўсё, што ёсць на кухні, павінна быць прыгожым, уключаючы настрой, з якім мы сядаем за стол.
Ответить