Апісваць выступленне «Троіцы» ці нават проста казаць, што яно было шыкоўным, – справа няўдзячная, бо яе прыезд і не падразумяваў нічога іншага. Усё ў лепшых традыцыях праекта Івана Кірчука: простыя словы кампазiцый побач з найскладанейшым іх выкананнем, гульня гукаў, рухаў, святла і ценю. Усё разам – «паглыбленне ў энергетычныя плыні народных песняў», як вызначае сваю сцэнічную майстэрню сам Кірчук. Вось з ім – стваральнікам i душой «Троіцы» Іванам Іванавічам – маю і заданне, і ўнутраную патрэбу пагутарыць.
Не люблю, шчыра кажучы, гэтыя інтэрв’ю ў дзень канцэрта. Прыдзеш загадзя – рызыкуеш быць далёка пасланым, падыдзеш пасля канцэрта – разумееш, што музыку ўжо хочацца заваліцца на канапу і адпачыць, а не разважаць з табой пра высокае. Таму я толькі ўзрадавалася, калі Іван Кірчук адмовіў мне ў размове пасля выступлення, але дазволіў патэлефанаваць на наступны дзень. У выніку я не ў стане перадаць вам нашу гутарку даслоўна (і гэта мінус), аднак многія каштоўныя думкі Івана Іванавіча я наўрад ці атрымала б у перад- і пасляканцэртнай мітусні (і гэта плюс). Тэзісна дзялюся імі з вамі.
Па-першае, беларуская народная песня, па меркаванні Кірчука, нічым не адрозніваецца ад афрыканскай – тыя ж абрады, тая ж медытатыўная сутнасць. «Гэта нават не песні – песняў у нас зараз дастаткова іншых, пад якія голыя дзеўкі на сцэну выходзяць, – гэта малітвы, мантры, калі хочаце». Адсюль адчуванне лёгкага трансу на канцэртах «Троіцы» і разуменне закладзеных у песнях кодаў на ўзроўні падсвядомасці.
Найпершая задача (гэта па-другое) любога фольк-калектыву, у тым ліку і «Троіцы», – зацікавіць людзей назапашанымі продкамі скарбамі: «Мы робім усё прыгожа, каб не адбіць у людзей ахвоту бліжэй знаёміцца з народнай песняй, а, наадварот, падштурхнуць да гэтага». Цалкам зразумела, што сэрца музыкі і навукоўцы (Іван Іванавіч выкладае этнамузыказнаўства ў БДПУ імя М. Танка) абліваецца крывёю пры назіранні, як неахайна да спадчыннага багацця ставяцца не толькі спажыўцы музычнага прадукту, але і яго вытворцы. Асабліва дастаецца з яго вуснаў (па-трэцяе) калектывам мастацкай самадзейнасці, якія замест таго, каб рэканструяваць народныя абрады і шукаць арыгінальную манеру выканання народных песень, ідуць пратаптаных шляхам: «20 год назіраю за імі – і нічога новага». Але i прафесійным музычным калектывам рана радавацца – для іх у Івана Іванавіча таксама не знаходзіцца высокай адзнакі.
Пра перспектывы фольк-музыкі ў Беларусі (па-чацвёртае) Кірчуку хоць і надаела гаварыць, але шэраг цікавых параўнанняў, якія дазваляюць зрабіць выснову, дзе мы прыкладна зараз знаходзімся ў развіцці і прапагандзе свайго фольку, ён усё ж прывёў. Ітак, мы не Канада, дзе праводзіцца каля 1200 музычных фестываляў штогод. І не Венгрыя, якая збірае на тыднёвы фольк-фестываль выканаўцаў з усяго свету і прадстаўляе для гэтага адначасова 40 канцэртных пляцовак. Мы не Эстонія, адна толькі невялікая вёсачка ў якой прымае на фольк-фестываль каля 200 000 людзей штогод, а ў музычнай вучэльні гэтай вёсачкі вучаць ствараць музыку любога кірунку, абы на народным песенным матэрыяле. Не Нарвегія, дзе на сцэну следам за рок-гуртом можа выйсці сівы дзядок і праспяваць акапэльна. І нават не Германія з яе этнарадыё, на якім па паўгадзіны можна слухаць этнічную музыку з розных куткоў свету. Мы Беларусь з маральна састарэлым і казённым «Славянскім базарам», які аніякага дачынення да рэальнага музычнага руху не мае. На жаль, у майго субяседніка няма ўражання, што сітуацыя хутка зменіцца.
І яшчэ адно параўнанне. Іван Кірчук, які збірае этнамузыку розных народаў, заўважае: у еўрапейскіх музычных крамах можна знайсці фольк рознай масці, але беларускага там няма. Прасоўванне свайго ў замежжа пакуль не з’яўляецца абавязкам таго ж Міністэрства культуры. Хоць гэта не толькі іміджавы, але і бізнес-крок: адзін дыск з такой музыкай каштуе 30-40 еўра. Вось і атрымліваецца, што мы патэнцыяльна багатыя ва ўсіх сэнсах ужо аднымі народнымі песнямі, але нічога не робім, каб зрабіць канвертацыю з патэнцыяльнага ў рэальнае.
***
От редакции: сайт Ивана Кирчука
Ответить