Па паняццях
У чымсьці карысць ад сацыяльных сетак адназначна ёсць. Калі аўтару хацелася пачытаць фактаж пра харцэрскі рух, найбольш поўную інфармацыю выдала зусім не «Векіпедыя», як можна было чакаць, а беларускамоўная старонка харцэрскай суполкі “УКантакце”. Адтуль мы і даведваемся, што руху гэтаму, аказваецца, сто год, заснаваны ён быў у Польшчы на ўзор брытанскага скаўтынгу яшчэ ў 1910-11 гг. Першы харцэрскі атрад на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўтварыўся ў Клецкай гімназіі ў 1921 г. (няцяжка суаднесці з гістарычнымі рэаліямі: менавіта ў 1921 г. заходняя частка Беларусі адышла да Польшчы). Тут жа знаходзім вызначэнне паняццю “харцэр” – у Сярэднявеччы рыцар, які першым прымае бой.
А вось пра колькасны склад харцэраў на Беларусі мы перапыталі ў апякункі брэсцкай харцэрскай дружыны імя Рычарда Снарскага Ганны Панішавай. Дзеячка паведаміла, што да 2005 года сябраў арганізацыі па ўсёй краіне было 1600, пасля 2005 года – каля 800.
Лічыцца, што харцэрам можа быць малады чалавек ад 7 да 17 год, але насамрэч узрост не абмяжоўваецца, проста паўналетнія, здаўшы адпаведны экзамен, набываюць статус інструктара харцэрства.
Па справах
Харцэрская дружына ў Берасці існуе ўжо тры гады. Ад самага пачатку ў ёй бярэ ўдзел мой субяседнік – 16-гадовы Станіслаў Замана, які пагадзіўся расказаць пра дзейнасць берасцейскіх харцэраў.
– Станіслаў, хто такі харцэр у сучасным разуменні?
– Гэта чалавек, які працуе над сабой, стараецца стаць лепшым сам і палепшыць свет.
– Чым ён тады адрозніваецца ад скаўта?
– У харцэрстве вялікую ролю адыгрывае патрыятычнае выхаванне. У скаўцкім руху гэтага няма.
– Харцэрам можа быць толькі паляк?
– Раней было так, цяпер бярэм усіх, хто сур’ёзна настроены працаваць. Але палякаў у дружыне ўсё роўна большасць.
– І чым дружына займаецца?
– Шмат чым: прыбіраем могілкі, стаім на ганаровай варце падчас урачыстасцяў, працуем з ветэранамі, праводзім гульні, удзельнічаем у намётных летніках для харцэраў, выязджаем у Польшчу на сутрэчы з аднагодкамі… Але самае галоўнае, паколькі наша дружына мае гістарычны ўхіл, мы збіраем матэрыял пра Саюз абаронцаў свабоды, фільм нават пра гэта зрабілі. Вось дыплом вісіць (на сцяне, куды паказвае Станіслаў, красуецца дыплом ІІІ Агульнапольскага фестывалю фільмаў за працу “Быў такі час”. І дата зусім свежая – верасень 2011-га. Фільм можна паглядзець на сайце www.zpb—brzesc.pl).
– Патлумач для нас, недасведчаных: што такое Саюз абаронцаў свабоды?
– Пасля вайны была такая моладзевая арганізацыя на Палессі з цэнтрам у Брэсце, налічвала каля 200 чалавек. Калі тут устанавілася савецкая ўлада, палякаў адразу пачалі прыцясняць: паліць кнігі, закрываць школы і г.д. Саюз імкнуўся гэтаму супрацьстаяць. Адкрываў, напрыклад, падпольныя польскія школы. Калі НКУС гэта раскрыў, усе члены Саюза былі арыштаваны і сасланы ў Сібір, у тым ліку і патрон нашай дружыны Рычард Снарскі. Пра яго мы будзем рабіць асобны дакументальны фільм.
На фотаздымках вы стаіце ў мундзірах. Форму прыдумвалі самі?
Не, яна адзіная для ўсіх: для наземных харцэраў зялёная, для марскіх –блакітная. Дзяўчаты носяць светла-шэрыя мундзіры. Толькі колер гальштука можна выбіраць самім. У нас гальштукі зялёныя.
Па ўражаннях
Ідэя, як бачыце, не новая. У кожнай краіне існуюць аб’яднанні накшталт харцэрскага дзеля выхавання моладзі ў духу патрыятызму. Уся справа ў тым, наколькі эфектыўна гэтая ідэя працуе. Нешта ж прымушае Станіслава ў шчыльным графіку выпускніка школы, які рыхтуецца паступаць у польскую ВНУ, выкройваць час на здыманне нейкіх фільмаў ды прыбіранне могілак.
Харцэрства прывабнае тым, што ніхто нікому нічога не навязвае. Удзельнікі збіраюцца і разам вырашаюць, чым будуць займацца ў бліжэйшы час. Няма распараджэнняў з “цэнтра”, якія кроў з носу трэба выканаць, затое ёсць паразуменне і адчуванне агульнай справы.
Мне ўспомніўся рэальны выпадак (прабачце, не магу не перавесці на беларускую глебу), як сакратара вялікай першаснай ячэйкі БРСМ педагогі запыталі: “Дзеці не хочуць уступаць у БРСМ. Пытаюцца: навошта нам гэта? Дык вось, сапраўды: навошта ім гэта? Скажыце, што нам ім адказваць, як іх заахвочваць?” І сакратар не змагла сказаць нічога, акрамя завучанага на памяць кавалка са статута арганізацыі.
А Станіслаў Замана змог. Так што не толькі ідэі, але і прынцыпы арганізацыі працы ў харцэрскіх дружынах было б карысна ўзяць на ўзбраенне і іншым моладзевым аб’яднанням.
0 комментариев
Anonymous User
25.11.2011 в 15:48Майк Вазоўскі
25.11.2011 в 15:48Старайцеся, хлопцы, за «карту паляка». Вось такія ў нас палякі, з прозвішчамі накшталт «Панішава».
Некалі ў Слоніме, пад час нямецкай акупацыі, 500 такіх тутэйшых «палякаў» напісалі заявы да акупацыйных уладаў з просьбай прызнаць іх беларускую нацыянальнасць, бо палякаў не бралі на работу.
Будзь беларусам, беларус!