Ва Украiне свята адзначаецца 9 лістапада, у дзень ушанавання Нестара Летапісца. 12 лістапада ў абласны грамадска-культурны Цэнтр прыйшлі каля 200 брастчан.
Госці пачалі і закончылі спевамі. Пасярэдзіне праграмы чыталі вершы Антона Цвыда — краязнаўцы родам з Валынскага Палесся, які жыў і працаваў у Брэсце рэдактарам абласнога тэлебачання і пісаў вершы па-ўкраінску. Госці з Валынскай літсябрыны казалі пра тое, што літаратараў на Валыні падтрымліваюць улады. У зале былі заўважаны і брэсцкія сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія цяпер рыхтуюць кніжку перакладаў сваіх валынскіх калег. Самадзейны калектыў з мястэчка Сокаль Львоўскай вобласці па праву быў на сцэне больш “даўгаграйны” за майстроў слоўнага жанру: даўжэй за гадзіну цешыў лірычнымі, жартаўлівымі, фальклорнымі песнямі, а закончыў на высокай ноце:
“Хай живе вільна Україна, \\ Хай живуть вільні козакы!”
Генеральны консул Рэспублікі Украiна ў Брэсце Іван Баранчык зазначыў: “Гэтае свята праходзіць тут пры спрыянні Генеральнага консульства ўжо чацвёрты год запар. Мы дасканалімся. Ставім мэтай прэзентаваць тых людзей, хто пражывае на тэрыторыі Берасцейшчыны, а піша мастацкія тэксты і песні па-ўкраінску”.
Спадар Баранчык падзяліўся таксама, як абстаяць справы з “Посвідчэннем закордонного украінця”. “Мы не робім гэта самамэтай, але хочам, каб кожны, хто мае ўкраінскія карані, паважае ўкраінскую культуру і мову, мог атрымаць гэтае пасведчанне”, — сказаў Генеральны консул. Па яго словах, лік такім асобам на Берасцейшчыне ідзе на сотні.
Яўген БЯЛАСIН (фота аўтара)
Ответить