Музыкант адыграў невялічкі канцэрт у Брэсце, вяртаючыся з тура па Еўропе, падчас якога ён выступіў у Празе, Берліне і Беластоку. Імпрэза адбылася ў акустычным фармаце для вузкага кола прыхільнікаў.
Спачатку канцэрт планаваўся ў нефармальнай атмасферы ў кавярні “Сваякі”, дзе за некалькі дзён былі забраніраваны ўсе столікі. Але мерапрыемства было адменена ў дзень правядзення (улічваючы, што нядаўна гэтак жа адмянілі канцэрт расейскага рок-гурта “Sarah where is my tea”, некаторыя схільныя бачыць у гэтым адмысловую тэндэнцыю).
Арганізатары выступу (прома-суполка “Зала чакання”) здолелі тэрмінова адрэагаваць на праблемы і знайшлі новую пляцоўку — у грэка-каталіцкай царкве. Нягледзячы на тое, што паведамленне пра гэта прыйшло ў апошні момант, а сама царква знаходзіцца ў не вельмі зручным месцы горада, публікі сабралася багата.
“Я ў гульні з “чорнымі спісамі” гуляць не буду. Калі нехта думае, што ў час існавання Iнтэрнэта можна забараніць нечую творчасць, то гэта смешна, — упэўнены Лявон Вольскі. – Для мяне вельмі цікавы досвед, як Зміцер Назараў (арганізатар. – А.Г) разруліў сітуацыю. Калі ён патэлефанаваў і сказаў, што канцэрт адмяняецца, справа падавалася фактычна мёртвай. Але ўжо праз паўгадзіны ён патэлефанаваў зноў і паведаміў, што ўсё нармальна”.
Такой атмасферы даўно не даводзілася бачыць на берасцейскіх мерапрыемствах. Нейкая радасць і ўзрушанасць віталi ў паветры, шчасцем падавалася сама магчымасць сабрацца разам. Апошнюю песню публіка слухала стоячы і яшчэ доўга пляскала ў далоні, клічучы музыку на біс.
Анастасія ГУРЫНА
Ответить