І вось новая нагода атрымаць эстэтычнае задавальненне ад сімбіёзу альпійскіх джазавых матываў, спалучаных з беларускімі народнымі спевамі: 7 снежня праект Kazalpin выступіць у абласным ГКЦ. Аснову праграмы ствараюць кампазіцыі з альбома «East Side Story», які быў запісаны сёлета і з вялікім поспехам прэзентаваны ў Швейцарыі. Еўрапейцы з захапленнем віталі пласцінку, нягледзячы на тое, што спяваюць у ёй на незразумелай для іх беларускай мове. Па логіцы, беларусы павінны сустрэць «East Side Story» яшчэ больш прыязна.
На канцэрт варта схадзіць не толькі адданым прыхільнікам джазу і фольку, але і тым, хто сумняваецца, што з гэтага спалучэння можа атрымацца нешта путнае. Albin Brun Alpin Ensemble разам з нашай Akana NHS сапраўды стварылі прадукт, які не сорамна паказваць свету.
Акрамя праекта Kazalpin, на сцэну ГКЦ падымуцца і віртуозы джазавай музыкі з берасцейскага калектыву MUZZART. У родным горадзе хлопцы выступаюць не надта часта, таму гэта адна з рэдкіх магчымасцяў трапіць на іх канцэрт.
Раім не надта вагацца, разважаючы над пытаннем, пакідаць ці не пакідаць утульную канапу зімнім вечарам 7 снежня. Бо можа стацца, што вы прапусціце адну з самых важных музычных падзей ужо 2012 года.
Пачатак канцэрта а 19-й гадзіне ў Абласным грамадска-культурным цэнтры (Камуністычная,1).
Ответить