Арганізатары ток-шоу заклікалі грамадскасць абмеркаваць праблему адсутнасці цікавасці ў шэрагавых берасцейцаў да мясцовай культуры. Тое, што праблема ёсць, засведчыла праведзеная на вуліцах горада апытанка сярод моладзі. Інтэрв’юеры прасілі адказаць на адзінае пытанне: “Якіх мясцовых музыкаў вы ведаеце?”– і, як правіла, не атрымлівалі змястоўнага адказу. Некаторыя называлі гурты “Дай дарогу!” і D_tails, але пад маркай беларускіх, – апытаныя берасцейцы не ведалі, што гавораць пра сваіх землякоў.
Праблема інфармацыйнага вакууму існуе не толькі ў музыцы, але і ў іншых сферах культуры. Мастак Аляксандр Грагор’еў не адкрывае Амерыку, гаворачы, што беларускі жывапіс значна больш запатрабаваны за мяжой, чым на Беларусі. Людзі не тое што не купляюць карціны – яны не ходзяць нават на выставы. Сярод адной з прычын гэтага – ігнараванне падобных мерапрыемстваў з боку мясцовых уладаў: “У Еўропе кіраўніцтва ходзіць на культурныя мерапрыемствы. І ў нас, калі б выставу наведаў губернатар, за ім пайшла б і вертыкаль. Натуральна, падцягнуліся б і астатнія”,– мяркуе мастак. Але гэта не адзіная прычына адсутнасці цікавасці ў народа да роднага мастацтва, на думку Аляксандра Грыгор’ева. У прэсе няма граматнай мастацкай крытыкі, якой бы людзі верылі: “Што вы пішаце?– звярнуўся творца да журналістаў. – Чытаеш і думаеш: геній выстаўляецца, Ван Гог і побач не валяўся”. Самі выставы, па меркаванні Грыгор’ева, ператварыліся ў прафанацыю, бо рабіць іх проста з нагоды юбілею мастака таксама не варта.
Хоць прадстаўнікоў літаратурнага фронту не было, пра мастацтва слова таксама пагутарылі. За яго, дарэчы, крыўдней за ўсё. Калі музыка і выяўленчае мастацтва берасцейцаў ацэньваецца ўвогуле высока і праблема існуе толькі ў нетраплянні творчых прадуктаў да спажыўцоў, то з літаратурай на Берасцейшчыне зусім бяда. Нават філосаф Анатоль Ляўковіч не змог слухачам прапанаваць для чытання нешта вартае. Што-нішто ў нас друкуецца і выдаецца, аднак якасць гэтых твораў часта досыць сумніўная. Пісьменнік Алесь Паплаўскі так пракаментаваў для “БК” сітуацыю на літаратурнай Берасцейшчыне: “Праблема мясцовых аўтараў у тым, што яны нікога, акрамя сябе, не чытаюць. Іх пазнанні засталіся на ўзроўні школьнай праграмы. Не хапае не толькі фантазіі, але і ўмення выказаць сваю пазіцыю ў творах, спрагназаваць будучыню. А сапраўдны пісьменнік павінен апярэджваць час. Адсюль уся гэтая местачковасць. Пра што бачу, пра тое і баю. А калі сучасны адукаваны чытач не знаходзіць у творы адметнага бачання свету, такі пісьменнік яму нецікавы”.
Але ўвогуле вырашэнне многіх праблем у культуры залежыць ад адміністратыўных рэсурсаў, хаця б таму, што гэтыя рэсурсы валодаюць іншымі – матэрыяльна-фінансавымі. Ісці на кантакт з чыноўнікамі, несумненна, трэба, нягледзячы на тое, што па той бок дзвярэй ініцыятыўнаму творцу ці яго прадстаўніку наўрад ці абрадуюцца. “Нашых чыноўнікаў трэба адукоўваць. Яны, можа, і дапамагалі б, ды не ведаюць каму,”– лічыць каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. “Гэта так, – згаджаецца прамоўтар Зміцер Назараў. – Часам чыноўніку кажаш пра вядомы гурт, і ён пачынае з цікавасцю распытваць, бо не чуў пра гэты гурт ніколі”.
Аднак далей за роспыты справа пакуль рухаецца марудна. У размове, што адбылася ў нас за тыдзень да ток-шоу з басістам згаданага гурта D_tails Леанідам Багдановічам, прагучала думка, што асноўная прычына няведання берасцейцамі сваіх выканаўцаў – амаль поўная адсутнасць магчымасцяў рабіць якасныя канцэрты на пляцоўках горада. Няма клубаў з харошай акустыкай, застаюцца толькі канцэртныя залы з вялікай арэндай. “Не прадугледжана ніякіх сацыяльных пакетаў на арэнду памяшкання. Я не кажу пра нейкія мажорныя канцэрты тыпу канцэрта Пугачовай. Але для мясцовых гуртоў дзеля развіцця сваёй культуры такое зрабіць можна было б”,– мяркуе Багдановіч. Плюс з павесткі дня, на жаль, не здымаецца цкаванне прыватных ініцыятыў з боку ідэалагічнага апарата.
Пры ўсім тым творцы аптымістычна глядзяць на магчымасці больш шчыльнага дыялога з выканкамамі і дзяржаўнымі ўстановамі культуры. “Галоўнае – ведаць, у якія дзверы грукацца,”– упэўнены Зміцер Назараў. Як пацверджанне думцы, ён прыводзіць гісторыю з мінулагоднім святам беларускай мовы. “Я папахадзіў, пакуль атрымаў усе дазволы на яго правядзенне, але і вынік ёсць. Нядаўна мне патэлілі ды сказалі, што свята ўнесена ў план культурных мерапрыемстваў на наступны год і што пад яго нават будуць выдзеленыя нейкія грошы”. Гэта, несумненна, дасягненне, якім можна ганарыцца абодвум бакам.
Ёсць надзея і на далейшае збліжэнне грамадзянскіх і чынавенскіх высілкаў у культурнай сферы горада. Зміцер Назараў, што ўжо 3 гады ладзіць у Брэсце канцэрты, запрошаны ў аблвыканкам на нараду па абмеркаванні плана мерапрыемстваў на наступны год. Наколькі гэтае запрашэнне нефармальнае, можна будзе меркаваць ужо хутка.
Фото — Миланы Харитоновой
0 комментариев
Anonymous User
08.12.2011 в 01:24Ішчоадзінфілософ
08.12.2011 в 01:24»…Што-нішто ў нас друкуецца і выдаецца, аднак якасць гэтых твораў часта досыць сумніўная…»
А Наталка Бабіна з «Рыбіным горадам» (здаецца , першы раман пра Берасьце), што трапіў у эўрапейскія камерцыйныя выдавецтвы і ў поле цікавасьці літаратурных аглядальнікаў ?
Наталка Бабіна з "Рыбіным горадам"
08.12.2011 в 10:59Наталку Бабіну «носяць» на руках тыя, хто выдаў яе і не толькі яны адны. Карацей, яе піяраць. Але і такі ўзмоцнены піяр не прынёс ёй значных дывідэнтаў . Безумоўна, Рыбін горад — хоць нейкае падабенства «твора». Але далёка яшчэ не твор.
Наталка Бабіна
27.12.2011 в 16:42Дарагія берасцейцы, я вас люблю, люблю Заказанку і Прылукі, і пішу пра іх, як магу… А на руках мяне ніхто не носіць — 75 кг асабліва не паносіш. 🙂 А дывідэнды ад памана маю, хаця б ў выглядзе каментароў :)))
Наталка Бабіна
27.12.2011 в 17:28А адказ на пытанне загалоўка просты. І не будзе ніколі беларускае «маім», бо не было ніколі. Тут была Украіна. Сюды наехалі рускія. Вось і думайце над адказам… Вось і думайце, што рабіць і як пісаць.
Цікава, а што было перш, яйка ці курыца?
04.01.2012 в 16:25Тут была Украіна. — сцвярджае спадарыня Наталка. Безумоўна…
Тут была Расія, — свярджае спадар Х. Безумоўна….
А Польша тут была? І Польша тут была.
А ў Вільні мне некалі гаварылі: Брэст? Дык ён жа наш, літоўскі…
Два словы пра раман \»Рыбін горад\».
Калі Берасце — Украіна, то навошта яго трэба было выдаваць на беларускай мове, а потым нібыта перакладаць на украінскую, хаця ён напісаны адразу ж на гэтай мове?..
Так што, меней сціпласці, спадарыня Наталка, \»Носяць! і Вы ведаеце хто і за што….. Сумна, калі літаратура ператвараецца ў нейкія і нечыя \»гульні\»
Цвыд свае вершы не выдаваў на беларускай мове. А мы яго, берасцейцы, любім і памятаем. як свайго