11 са 178
У якой ступені маладыя беларусы знаёмыя з гэтым адказам, нам і захацелася высветліць. Па сутнасці, такую ж апытанку можна было б правесці і сярод дарослых – наўрад ці вынікі моцна адрозніваліся б. Але паколькі мы паставілі за мэту не толькі спытаць, але і абудзіць цікавасць за незаслужана забытага казачнага персанажа, то шлях наш пралягаў усё ж у класныя аўдыторыі.
Дзецям і падлеткам з 4-га па 11-ты клас мы задалі ўсяго некалькі банальных пытанняў. Па-першае, ці чулі яны калі-небудзь пра цмока. Па-другое, з кім з іншых казачных персанажаў ён у іх асацыіруецца. Па-трэцяе, якімі рысамі характару яны яго надзялілі б, нават калі і не чулі пра такое стварэнне.
Атрыманыя вынікі вялікага ўсплеску аптымізму не выклікаюць. Ніхто з апытаных 178 чалавек не мог адказаць з упэўненасцю, што ведае, хто такі цмок. Але адзінаццаць чалавек усё ж прапанавалі гіпотэзу, што гэта нейкая істота накшталт дракона ці Змея Гарыныча.
Астатнія 167 рэспандэнтаў з кім толькі не асацыявалі бедалагу! Побач з класічнымі “дэманамі” – лесавіком, вадзяніком, дамавіком ды чортам –фігуравалі цыган, тоўсты дзядзька, рыжы сабака, кот, заяц, гном, іншыя людзі і звяры разнастайнага калібру. Часам у апісаннях дзеці спрабавалі неяк матываваць само слова “цмок”. Ёсць, напрыклад, парывы ўявіць дадзены персанаж у выглядзе маленькага губатага хлопчыка, чорціка, які чмокае вуснамі і старога лесавіка, што чмокае, калі гаворыць. Ну і, канешне, не абышлося без асацыяцый з пацалункамі, па сведчанні настаўнікаў. Праўда, такія меркаванні на паперы не адлюстраваліся.
Цяжка прыйшлося рэспандэнтам пры адказе на трэцяе пытанне. Надзяліць нейкімі рысамі істоту, пра якую не маеш ані кроплі ўяўлення, складана. Многія адразу склалі зброю, але некаторыя асмеліліся паспадзявацца на інтуіцыю. У адным выпадку вучань трапіў проста ў яблычак, дапусціўшы, што цмок павінен ахоўваць золата. Астатнія гіпотэзы далейшыя ад ісціны, хоць і не менш цікавыя. Па розных версіях цмок смешны, чуллівы, пакрыўджаны жыццём, скупы, злы знешне, але добры ўнутры. Хтосьці западозрыў яго ў хранічным злачынстве – крадзяжы цукерак.
Цмокі + неўры ≠ сяброўства
Што і казаць, мы на цмока неяк прызабыліся, у адрозненне ад тых жа ўсходніх суседзяў, якія свайго Змея Гарыныча ўсяляк у казках прыгадваюць, хоць героі і адсякаюць яму перыядычна галовы.
Зрэшты, здзіўляцца асабліва няма чаму. У беларусаў з цмокамі адносіны асабліва ніколі не ладзіліся, пра што нават бацька першай “Гісторыі” Герадот сведчыць. Няхай сабе ён і называе насельніцтва тутэйшых земляў неўрамі, аднак сутнасць справы ад гэтага не мяняецца: нашым продкам з-за цмокаў, якіх развялося нямерана, нават прыйшлося пакідаць сваю краіну і сяліцца на чужой зямельцы. Калі цікава, можаце зазірнуць у 4-ы раздзел “Гісторыі”, дзе прачытаеце таксама пра звычку неўраў перакідвацца раз на год у ваўкалакаў.
Як ад яйца, так да канца. Не атрымалася добрасуседства першапачаткова, не з’явілася ўзаемнай прыязнасці ў людзей і цмокаў пазней. Гартайце – не гартайце народныя казкі, толькі цмок там абавязкова будзе ворагам чалавека. Бывае, праўда, што ён і паслужыць можа – золата-срэбра прынясе, калі яго правільна выгадаваць, – толькі, як правіла, канец у такога супрацоўніцтва сумны і для гаспадара, і для “свойскай” жывёлінкі.
Але казкі не былі б казкамі, калі б нават самыя агідныя стварэнні не мелі парачку сімпатычных рысаў. Беларускі цмок – гэта абавязкова чысцюля, які штодня парыцца ў лазні. А калі і не парыцца, усё адно чысцюля, бо жыве на балоце. А яшчэ ён у нас, як даследчыкі міфалогіі сцвярджаюць, істота шляхетная, далікатная, абы-каго жэрці не будзе. Калі ахвяра выклікае ў яго грэблівасць, то ёй, лічы, пашанцавала – вернецца дадому цэлай і некранутай.
З часам цмокі да таго падрабнелі ва ўяўленні людзей, што іх пачалі замяняць на ўсялякіх змей, асабліва нават памерамі ад звычайных гадаў не вылучаючы. З чыстай цікавасці зазірнула ў томік “Міфалогія. Духоўныя вершы” НАН Беларусі і здзівілася, не ўбачыўшы цмока ў пераліку ніжэйшых персанажаў вуснай народнай творчасці. Затое вуж і гадзюка – тут як тут.
Калі вучоныя пералічваюць не ўвесь міфалагічны заапарк, то што ўжо казаць пра дзяцей, якія беларускія казкі чытаюць толькі па праграме? Радуе аднак, што пасля апытанкі якая-ніякая цікавасць з боку вучняў да цмокаў з’явілася, хоць час яе трываласці вызначаць не бяромся. Рэспандэнты доўга здзіўляліся, калі даведваліся, што гэта за істота, дапытваліся ў настаўнікаў, у якіх казках пра яе можна пачытаць, задавалі сябрам з паралельных класаў тыя ж пытанні, што настаўнікі задавалі ім.
Тут самы час падзякаваць усім настаўнікам і выхавацелям, якія выдзелілі трошкі часу ў сваіх вучэбных планах і правялі апытанку. І вам, і вашым выхаванцам жадаем не сустракаць цмокаў у рэальным жыцці. Няхай сабе і ў іх год.
Ответить