Няма вадзіцеля – ёсць праблема
Жыхарка Брэста Алена Андрэеўна занепакоена рухам гарадскога аўтобуса “21Б”, маршрут якога пралягае ад Газаапарата да Паўночных могілак. Маршрут і так даволі нячасты, а калі адзін аўтобус прапускае рэйс, як тое адбылося, напрыклад, першага студзеня, то чаканне на прыпынку ператвараецца ў пакуту для пасажыраў. Сітуацыя пагаршаецца тымі абставінамі, што ля могілак як след так і не абсталяваны, нягледзячы на восеньскія абяцанні работнікаў ЖКГ, аўтобусны прыпынак – ёсць толькі навес, які аніяк ад ветру і дажджу не абараняе.
З пытаннем, чаму ж так нестабільна ходзіць гарадскі транспарт (што грэх хаваць, тычыцца гэта не толькі “21Б”), мы звярнуліся да намесніка дырэктара аўтобуснага парка №1 па пасажырскіх перавозках Аляксея Жогала. “Асноўная праблема, па якой адбываецца збой у руху маршрутаў аўтобусаў, – гэта адсутнасць рэзерву машын. Для аптымальнай працы транспарту ў рэзерве павінна стаяць мінімум 6 аўтобусаў, гатовых у любы момант замяніць машыну, якая па нейкіх прычынах сышла з маршруту”. Падкрэслім, што рэзерв аўтобуснаму парку цяжка сфарміраваць не з-за недахопу транспартных адзінак, як можна было б падумаць, а з-за недахопу кіроўцаў. “Мы даем аб’явы пра вакансіі, але пакуль няма такога прытоку вадзіцеляў, як нам бы хацелася”. На сённяшні дзень аўтобуснаму парку №1 патрабуецца 25 кіроўцаў.
Дом-юбіляр чакае рамонту
Брастчанка Валянціна Антонаўна праз “БК” задае гарадскім уладам пытанне: “Калі нарэшце зробяць капітальны рамонт дома №70 па праспекце Машэрава? У наступным годзе дому будзе 50 год, але рамонтаў на сваім вяку ён пакуль не бачыў”.
Аднак адказ намесніка начальніка па капітальным рамонце КУП ЖРЭУ г.Брэста Андрэя Ільяшука наўрад ці парадуе нашу чытачку і яе суседзяў: “Магу сказаць дакладна, што ў гэтым годзе ў планах на капітальны рамонт гэты дом не стаіць”. Зразумела, што пра больш далёкія перспектывы Машэрава, 70 наогул ніхто казаць не бярэцца. Але насельнікам дома-ветэрана варта памятаць, што ў тым ліку і ад іх залежыць, ці трапіць будынак у планы на капітальны рамонт у 2013 годзе. Як кажуць, вада камень точыць.
Нашэсце варвараў
Са Старых Задворцаў у рэдакцыю пазваніла Ірына і ад імя ўсіх мясцовых жыхароў выказала занепакоенасць лёсам навакольнага ляснога масіву. “Сюды пастаянна прыязджаюць на пікнікі гараджане. Вы б бачылі, колькі тут смецця! Мы нават самі неяк бралі пакеты і збіралі пластык уздоўж дарог. Наступнага лета зноў чакаем з жахам – баімся, што ці патонем у смецці, ці лес нарэшце спаляць”.
Фабулу праблемы мы пераказалі галоўнаму інжынеру ДУПП “Брэстзяленбуд” Вадзіму Кушняруку. Ён не ўпэўнены, што дадзены лясны масіў адносіцца да “Брэстзяленбуда”, а не да лясгаса, аднак усё адно абяцае: “Мы разбярэмся ў любым выпадку. Адправім сваіх людзей на месца і паглядзім, што трэба зрабіць”, – гаворыць галоўны інжынер. І не выглядае, што ён ад нас проста хоча адчапіцца.
Класіка сувязі
Жыхарка мікрараёна Паўднёвы Захад-3 Вольга абураная тым, што з верасня яе кватэру ніяк не тэлефанізуюць, хоць яна ўжо неаднаразова нагадвала пра сябе “Белтэлекаму”. “Мяне то просяць пачакаць, то гавораць, што я на чарзе не стаю. Суседзі, якія ў кастрычніку-лістападзе заяву пісалі, ужо падключаныя. Калі ўжо да мяне справа дойдзе?”
Пытанне Вольги мы накіравалі начальніку камерцыйнай службы РУП “Белтэлекам” Юрыю Астапчуку, які разабраўся ў сітуацыі і сказаў наступнае: “У доме вашай чытачкі заставаўся рад кватэр, дзе не былі закончаныя наладачныя работы. Яны праводзяцца падраднай арганізацыяй ААТ “Мінсктэлефонбуд” і ўжо блізяцца да завяршэння – засталося 12 кватэр. Да Вольгі прыходзілі таксама, проста нікога не было дома. Але яе кантактны нумар я пакіну падрадчыкам. Яны звяжуцца з ёю і прыдуць тады, калі яна будзе на месцы”.
Ответить