Кніга выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” і, як стала вядома на ўрачыстасці ўручэння Мядовай літаратурнай прэміі, фактычна цалкам ужо разыйшлася.
У гутарцы з карэспандэнтам заснавальнік прэміі, пчаляр і паэт Мікола Папека патлумачыў:
— Адразу ў мяне былі сумнівы. Падумаў: лепш бы ён напісаў што краязнаўчае! Але потым, калі ўчытаўся, зразумеў: дык гэта і ёсць краязнаўства! Вось, вёскі выміраюць на Івацэвіччыне. Дык і на Пружаншчыне тое самае, і скрозь у Беларусі. Або гэтая музейная абярэжлівасць да мовы, ужытак мясцовых слоўкаў … Карацей, сваім выбарам я задаволены.
Уручэнне вядра мёду і Дыплома адбылося ў Косаўскай бібліятэцы. Паколькі гэта было 13 студзеня, у пятніцу сярод дня, пытаю ў бібліятэкарак: а калі прывядуць школьнікаў? Але такой экстранай меры не спатрэбілася з двух прычын: па-першае, настаўнік Зайка з мясцовымі школьнікамі ўжо сустракаўся, па-другое, у школьнікаў канікулы. І па-трэцяе, набілася чалавек 50 адусюль. Калегі, аднадумцы і нават аднакласнікі не надта маладога аўтара… З Івацэвічаў, Баранавічаў, нават з Брэста народ падцягнуўся!
Прыемна ўразіла, у рамках нашай сітуацыі, прысутнасць мясцовай, як аказалася, даволі асвечанай улады ў асобе намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Вялікасельца. На добрай беларускай мове ён паабяцаў рупліўцу Алесю Зайку дапамогу ў працы на карысць роднага краю.
А яна маштабная, і задзел вялікі. Уручэнне Мядовай прэміі было сумешчана з прэзентацыяй “Дыялектнага слоўніка Косаўшчыны”, які ўключае каля 4 тысяч слоўных артыкулаў. Рэдактар Мікола Аляхновіч сказаў, што іхняя ўніверсітэцкая брыгада не ў змозе была спаборнічаць з аўтарам. Матэрыял да слоўніка той збіраў цягам 40 гадоў. “Зусім як пчала”, – заўважыў намеснік рэдактара раённай газеты Валерый Гапееў.
Сёлета лаўрэат плануе выдаць кнігу “Мікратапаніміка Косаўшчыны” з аналізам 117 назоваў населеных пунктаў, урочышчаў і мясцовасцяў. 66 ужо вывераныя і вычытаныя.
Рыхтуецца таксама “Слоўнік фразеалагізмаў Косаўшчыны”.
Паэт Алесь Каско, якому выпала некалькі разоў пабываць у гасцях у нямецкіх літаратараў, сказаў, што за такую працу там, дзе ён гасцяваў, помнік пры жыцці паставілі б. І здзівіў прысутных статыстыкай: у Нямеччыне з 300 літаратурных прэмій толькі 40 нейкім чынам дастасаваныя да дзяржавы, рэшта прыватныя.
Сёлета Мядовая прэмія ўручалася ў 10-ы раз. Але, у адрозненне ад “планавых” дзяржаўных прэмій, бывалі гады, калі яна не прысуджалася. Не было вартых кніг.
На бяседзе ў Заполлі, дзе жыве лаўрэат, спытаў у настаўніка Зайкі: у якой галіне ў яго больш вучняў, большыя поспехі ў людскім вымярэнні – у беларускай філалогіі ці фізкультуры? Не доўга думаючы, Алесь Фаміч пачаў загінаць пальцы на руках: гэты чэмпіён… Той начальнік упраўлення па спорце, тая па фізкультуры таксама пайшла…
Адзін разумны француз сказаў: чалавек — гэта стыль. Слухаю адказ, стылістыку чалавека, як той гаворыць, і разумею: не хітраваў ён, калі распавядаў пра сябе на ўручэнні прэміі. “Мяне аднавяскоўцы як называюць? — “Шура, Тамашоў сын”.
Стыль ўганараванай кнігі дакладна такі вось, шчыры і невіхлясты. Раю пашукаць і прачытаць.
Ответить