Ну вось, напрыклад, вясковая тэма. Ці яшчэ горш — вяскова-культурная. Так і бачыш, як на твары чытача з’яўляецца сум: “Зноў пра бабулек, якія штосьці там спяваюць у сваіх народных уборах”. І ты, як аўтар, хочаш папярэдзіць, упрасіць: “Пачакай, не перагортвай старонку! Ты павінен пра гэта ведаць, бо гэта ў тым ліку твая спадчына”.
Усё фантазіі, канешне. Мы не можам прымусіць сябе чытаць. Не можам скочыць вышэй за галаву ў напісанні вясковага ці ўвогуле рэпартажу. Але як жа ж хочацца расказаць пра бабулек у народных і ненародных строях так, каб кожны зразумеў: шчасце якое, што тыя бабулькі пакуль ёсць!
Ладна, не звяртайце ўвагі — праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур” заўсёды прашыбае калі не на сентыменты, дык на філасофскія развагі. Находзішся-нагледзішся на састарэлых вяскоўцаў, наслухаешся іх слёзных аповедаў, пасмуткуеш, што моладзь у глыбінцы пакрысе співаецца. Тут жа паганарышся народным досціпам, паздзіўляешся з неўміручасці фальклору, пазахапляешся гарманічнасцю чалавека і прыроды. Часу для такіх назіранняў досыць, улічваючы, што праект прадугледжвае экспедыцыі ў раёны, майстар-класы ды пленэры з удзелам мастакоў. Але з этнаграфічнымі канцэртамі нішто з пералічанага не параўнаць з адной простай прычыны: падчас такіх імпрэз адбываецца — няхай на адзін дзень — ўваскрэсенне вёскі.
На гэты раз пашчасціла Перасудавічам Бярозаўскага раёна. Мясцовых жыхароў загадзя папярэдзілі, што 14 студзеня да іх завітаюць адмысловыя калектывы і будуць віншаваць са святамі. Гасцей чакалі, перажывалі, рыхтавалі пачастункі.
Праграма “Шчодрыка ў Перасудавічах” прадугледжвала два моманты. Па-першае, віншаванне па хатах. Намеснік старшыні ГА “Тур” Уладзімір Чыквін падкрэслівае: “Нам было важна зайсці ў кожны двор. Каб ніхто не быў забыты і пакрыўджаны. І не важна, цэлая сям’я ў той хаце ці толькі адна старэнькая бабулька жыве”. Гэтая дырэктыва была спушчаная і ў калектывы, якіх было ажно 5, каб эфектыўна раздзяліць фронт працы і за 2-3 гадзіны абыйсці ўсю вёску.
Паколькі Перасудавічы раскіданыя па даволі вялікай тэрыторыі, то журналістам і фатографам прыйшлося пабегаць, каб адшукаць усіх каляднікаў. Імі аказаліся мясцовы фальклорна-этнаграфічны гурт “Суседкі”, трыа сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна, народны ансамбль “Жураўка” з вёскі Спорава, народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, а таксама госці з Польшчы — фальклорны калектыў “Жэмэрва” з Бельска-Падляскага.
Віншавальная праграма ў кожнага была свая, заснаваная на традыцыях уласнага рэгіёну. Але адна агульная асаблівасць усё ж кінулася ў вочы – спалучэнне хрысціянскіх і язычніцкіх элементаў у шчадраванні. Напрыклад, у песні можа спявацца пра нараджэнне Хрыста, але тут жа выбягае каза – старажытны сімвал урадлівасці. Мастацкі кіраўнік “Хмелеўскіх валацуг” Наталля Дырман каментуе гэты сімбіёз так: “На Ражаство мы спяваем толькі хрысціянскія песні, не дазваляем сабе нічога лішняга. А на Шчодрык можна і пасваволіць. Мы ж нікуды не дзенемся, што нашы продкі былі паганцамі. Што храмы пабудаваны на месцах паганскіх капішчаў. І тое, і другое ёсць у культуры беларусаў, і мы не можам так проста адкінуць цэлы пласт народнай памяці”.
Другім пунктам запланаванай праграмы быў уласна канцэрт. Здаецца, нічога асаблівага — тыя ж выступленні, што былі ў хатах, аднак пераменшыць значэнне імпрэзы нельга аніяк. Вяскоўцы не толькі змаглі ўбачыць, як віншавалі іх суседзяў, але і паспяваць разам з выканаўцамі, пачаставацца некаторымі прысмакамі. Галоўнае, пабыць разам у святочнай атмасферы.
А яшчэ нам вельмі пашанцавала з надвор’ем. Менавіта ў гэты дзень выпаў прыгожы, мяккі снег, які надаў нейкай, калі хочаце, казачнасці таму, што адбывалася.
P.S. Прабач, чытач: ты любіш крытыку, а яе амаль не было ў гэтым матэрыяле. Проста каардынатары праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” сапраўды робяць вельмі важную і патрэбную справу. І я ўжо другі год не ведаю, да чаго ў іх дзейнасці можна прыдрацца. Калі знайду, абавязкова прыдзяруся.
———-
Фота аўтара
Ответить