Перад канцэртам з 16.30 будзе працаваць выстава, прысвечаная беларускай дудзе, падчас якой Зміцер Сасноўскі, заснавальнік і мастацкі кіраўнік “Старога Ольсы”, раскажа пра свой уласны інструмент і нават пакажа, як ім правільна карыстацца.
Напярэдадні канцэрта мы звязаліся са Зміцерам і пацікавіліся некаторымі закуліснымі момантамі дзейнасці “Старога Ольсы”.
Супраца
— Скажыце, Зміцер, гурт дазваляе сабе выступаць без папярэдніх рэпетыцый?
— Зрэдку перад канцэртамі мы не рэпетуем, бо ў нас па добрай завядзёнцы шмат іншых рэпетыцый. Але звычайна перад кожным канцэртам праходзімся па складаных кампазіцыях – абнаўляем у памяці тэхніку выканання.
— Якім быў самы доўгі перыяд без рэпетыцый і збораў?
— 2 месяцы, калі ў некалькіх удзельнікаў нарадзіліся дзеці.
— У Вас як у кіраўніка ёсць штрафныя санкцыі для прагульшчыкаў?
— Мы даўно спрацаваліся, жывем як сям’я. Штрафы ёсць, але карыстаемся імі рэдка, бо ў нас амаль ніхто нават не спазняецца на рэпетыцыі, не кажучы ўжо пра прагулы.
Стыль
— Ці любіць калектыў пераапранацца? Гаворка ідзе пра камплекты касцюмаў.
— У нас тры камплекты вопраткі адпаведна пэўным перыядам гісторыі – ранняя сярэднявечная (крывіцка-балцкая архаіка), сярэднявечная і рэнесансная. Вядома, найбольш сукенак у нашай флейтысткі Машы.
— Апрануцца па модзе сярэднявечча – дарагое задавальненне?
— Пашыць такі строй у Беларусі каштуе прыблізна 200 долараў. З нашых самы дарагі набор – гэта рэнесансны, для яго мы выкарысталі, адпаведна модзе тых часоў, італьянскія тканіны.
— Як жа выпрацоўваўся сучасны выгляд гурта? Да дызайнераў не даводзілася звяртацца?
— Не, да дызайнераў не звярталіся. Выпрацоўвалі стылістыку разам, корпаліся па кнігах ды раіліся з гісторыкамі, якія спецыялізуюцца на старадаўніх касцюмах.
Творчасць
— Наколькі аўтэнтычныя тыя музычныя інструменты, якімі карыстаюцца ўдзельнікі “Старога Ольсы”?
— Інструменты робяцца па магчымасці найбліжэй да гістарычных ілюстрацыйных матэрыялаў. Скажу больш: у многіх гуртах, якія выкарыстоўваюць дуду (валынку), падстройка асобных гукавых адтулін адбываецца з дапамогай скотча, мы ж прынцыпова карыстаемся толькі воскам.
— У чым асабіста Вы бачыце найбольшую карысць ад “Старога Ольсы” для беларускай культуры?
— Людзі пасля канцэртаў дзякуюць за тое, што мы выклікаем патрыятычныя пачуцці і гонар за нашую гісторыю. У гэтым і ёсць найбольшая карысць, я думаю.
На канцэрце 27 студзеня “Стары Ольса” абяцае аддаць перавагу так званаму “Полацкаму сшытку” – беларускай музыцы эпохі барока. Хоць, у прынцыпе, не так і важна, што менавіта будуць граць абодва гурты. З такой рэпутацыяй і паслужным спісам, якія яны маюць, сумнявацца ў тым, што будзе цікава, не прыходзіцца.
Ответить