Заклікаем пашкадаваць
З лістапада 2009 года па лістапад 2011 актывісты “Радаславы” вычыталі 146 448 артыкулаў друкаваных газет “Комсомольская правда”, “7 дней”, “Вячэрні Мінск”, “Аргументы і факты”, “Обозреватель”, “Наша Ніва” і інтэрнэт-выданняў TUT.by, NGO.by, “Заўтра тваёй краіны”, “Салідарнасць”, “Хартыя-97”. З гэтай колькасці матэрыялаў маніторы знайшлі 3 477 (2,4%) артыкулаў, у якіх у той ці іншай ступені ўпамінаюцца людзі, старэйшыя за 60 год.
Пераважная колькасць (70%) артыкулаў пра пажылых людзей прысвечана публічным людзям, і толькі ў 5% матэрыялаў герой – звычайны пенсіянер. Астатнія 25% матэрыялаў – гэта нататкі пра сацыяльныя паслугі, пенсіі і льготы, а таксама допісы ад саміх людзей залатога веку.
Эксперты прааналізавалі і “эпітэты”, якімі карыстаюцца журналісты ў асвятленні тэмы. Публічная асоба найчасцей маладжавая, моцная, добрая, сціплая, інтэлігентная, выхаваная на старых ідэалах, актыўная і г.д. Лексіка кардынальна мяняецца, калі гаворка ідзе пра шэрагавага пенсіянера. Ён найчасцей хворы, самотны, бедны, стомлены, а то і шкодлівы пляткар. Па-рознаму “зорных” і звычайных старых паказваюць і на фотаздымках.
Ці ёсць шчасце на пенсіі?
Цяжка гэтыя лічбы і факты трактаваць адназначна. Ніхто не адмаўляе вялікай ролі СМІ ў фарміраванні грамадскага светапогляду. Аднак стэрэатыпы, у тым ліку і пра старасць, сродкі масавай інфармацыі бяруць не з паветра, а ўсё з таго ж сацыяльнага асяроддзя. Інакш кажучы, мы малюем самотную бабульку не для таго, каб стварыць на яе моду, а выключна таму, што самотная старасць – на жаль, распаўсюджаная з’ява.
І дзе шукаць фатографу ўсмешлівага пажылога чалавека, калі яны ў большасці сваёй не бачаць радасці існавання ў нашай нібыта сацыяльнай дзяржаве. Многія крыўды, пра якія тэлефануюць у рэдакцыю нашыя чытачы, пачынаюцца са слоў “я пенсіянер”. Гэта значыць, я заслужыў, але не маю. Спадзяюся, але не веру. Не магу і не ўпэўнены, што хачу.
Пажылы чалавек з унікальным жыццёвым вопытам не адчувае сябе ўпэўнена і аўтарытэтна між маладымі, таму што не змог забяспечыць сабе бесклапотную старасць. Нібыта і працаваў сумленна, нейкія медалі ды граматы атрымліваў, але ні рахунку ў банку, ні прыстойнай пенсіі не мае.
Ды забудзем пра працу – у жыцці пачаўся перыяд, калі ўвесь час можна траціць на адпачынак. І зноў пытанне: а які адпачынак, акрамя дачы і канапы з тэлевізарам, беларускаму пенсіянеру даступны? Маўчым пра модныя за мяжой падарожжы – наш пажылы чалавек нават і марыць пра іх сабе забараняе, апраўдваючыся тым, што яму, нібыта, дома лепей, ды і наогул – унукаў глядзець трэба, а не па еўрапейскіх сталіцах шастаць.
На ўвесь Брэст адзін толькі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна прапануе людзям пенсійнага ўзросту разнастайныя навучальныя праграмы (“Інстытут трэцяга ўзросту”). Дарэчы, курсы карыстаюцца такім попытам, што запісвацца на іх трэба сама меней за паўгода. І то няма гарантыі, што трапіш менавіта на той накірунак, куды хацеў. Значыць, наш герой, на шчасце, не “сушыць дошкі” пасля выхаду на пенсію, а працягвае шукаць сябе, хоча быць запатрабаваным і карысным. Дзіўна, што дагэтуль у нас няма грамадскіх аб’яднанняў, здольных пакрыць дэфіцыт у якаснай арганізацыі навучання і вольнага часу людзей сталага веку. Відавочна ж, што аднаму Цэнтру з гэтай задачай не справіцца.
Ламаць стэрэатыпы разам
Моладзь зазвычай не задумваецца, што калісьці дажыве да старасці. Відаць, таму грамадства так марудна паварочваецца ў бок пажылых людзей. Чым хутчэй мы адмовімся ад стэрэатыпу, што толькі дзяцінства павінна быць шчаслівым, тым лепшая будучыня чакае нас наперадзе. Зрэшты, не толькі ад цэлага соцыума, але і ад кожнага асабіста залежыць, які вобраз пажылога чалавека з нас будуць маляваць – мудрага і аптымістычнага ці скардлівага і няшчаснага. Ад другога барані божа кожную хату, не тое што краіну.
Ответить