З надыходам першых жа вялікіх маразоў на пачатку лютага ў Iнтэрнэце пачалі з’яўляцца фотаздымкі розных бяздомных звярушак, якія замярзаюць. Адзін з такіх фотаздымкаў, дзе ляжыць, напаследак скруціўшыся ад холаду, памерлы і занесены снегам сабачка, заняў і мае думкі надоўга. Як пасля яшчэ жывы цуцык, які бадзяўся па прыпынку і без усякай надзеі глядзеў на людзей.
Вось я і вырашыла пацікавіцца ў актывістаў грамадскага аб’яднання дапамогі бяздомным жывёлам “Дабрыня”, як браты нашы меншыя перажывалі марозы і як ім у гэтым дапамагалі – калі дапамагалі – людзі.
“Сабакам прыйшлося вельмі цяжка, – расказвае намеснік старшыні аб’яднання Алена Оргіш. – Ім жа няма дзе схавацца – адчыненых падвалаў у горадзе засталося вельмі мала. Пры тэмпературы -15ºС у сабак ужо адмярзаюць падушачкі лап. А тут -30ºС… Яны проста замярзалі зажыва…”
З кошкамі, якія, здавалася б, могуць пастаяць за сябе лепш за сабак, сітуацыя таксама нярадасная. “Калі котка выкінутая з дома – а такіх большасць, – тлумачыць Алена,– то яна не можа хутка адаптавацца да суровых прыродных умоў. Замярзае, пакуль знойдзе сабе які цёплы падвал”.
Валанцёры “Дабрыні” стараліся паўплываць на безвыходнасць становішча, як маглі. Развозілі па горадзе уцепленыя каробкі для сабак, кармілі іх, забіралі разам з катамі на ператрымку. Усяго на сваіх машынах і за свой кошт валанцёры наматалі па Брэсце больш за 1000 кіламетраў, стараючыся ўратаваць ад галодна-халоднай смерці як мага больш жывёл. Дарэчы, знайсці часовы дом жывёлам – самае цяжкае ў валанцёрскай працы. Вулічных катоў-сабак адмаўляюцца браць да сябе нават людзі, якія жывуць самотна ў прыватных дамах і быццам любяць чатырохлапых.
Адсутнасць адказнасці за тых, каго прыручыў, – з’ява, на жаль, распаўсюджаная ў нашым грамадстве. “Дабрыня” штодзень сутыкаецца з просьбамі гаспадароў дамашніх кошак ды сабак прыстроіць патомства іх любімцаў, якіх яны проста паленаваліся своечасова стэрылізаваць. Таму Алена выказвае небеспадстаўнае апасенне: а ці не перапоўняць прытулак, на які аб’яднанне збірае грошы, жывёлы менавіта такіх гаспадароў? У той час як тыя, каму зусім няма адкуль чакаць дапамогі і літасці, так і застануцца жыць на прыпынках ды сметніцах.
Да таго ж аказваецца, што валанцёрства – не самае ўдзячнае правядзенне часу. “Многія думаюць, што дзейнасць у грамадскім аб’яднанні – наша праца. І адносіны адпаведныя – быццам мы ўсім навокал нешта павінны, бо атрымліваем за гэта грошы. Але ніякіх грошай мы не атрымліваем, наадварот, свае пастаянна ўкладваем. І ва ўсіх нас ёсць асноўнае месца працы,” – трохі крыўдуе на непаразуменне з боку грамадства намесніца старшыні ГА “Дабрыня”.
Сапраўды, неяк непрыгожа атрымліваецца. Калі ўжо нам самім бракуе часу, сродкаў і жадання дапамагаць бяздомным жывёлам, то давайце хаця б не перашкаджаць тым, у каго ўсё гэта знайшлося.
Ответить