Сёлетняе свята роднай мовы прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка.
Адкрыццё кніжнай выставы, арганізаванай абласной бібліятэкай імя М. Горкага і абласным краязнаўчым музеем, з’явілася першым пунктам святочнай праграмы. Кніжныя стэнды бібліятэкі ўтвараюць ажно чатыры асобныя выставы – па асобнай кожнаму з пісьменнікаў-юбіляраў і выстава твораў літаратараў – лаўрэатаў розных прэмій, у тым ліку і прэміі аблвыканкама імя У. Калесніка.
Канцэртную праграму, па словах арганізатара Вольгі Зіновіч, склалі нумары лепшых вакальных, тэатральных, музычных калектываў і калектываў мастацкага чытання. Усе яны падрыхтаваны на аснове твораў Купалы, Коласа ды Танка. Завіталі ў якасці гасцей на сцэну ГКЦ і сучасныя пісьменнікі – Зінаіда Дудзюк і Георгій Тамашэвіч.
Вячэрняя праграма мерапрыемства была больш рухомай. На этнадыскатэцы “Час вяртання” можна было не толькі насалоджвацца граннем на музычных інструментах, але і пусціцца ў скокі. Абласны тур рэспубліканскага конкурса маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні таксама прайшоў у гэты ж дзень у межах свята.
Свята роднай мовы праходзіць у Брэсце другі раз. Летась яго ініцыятарам быў вядомы ўжо ў горадзе прамоўтар Зміцер Назараў, зараз свята набыло маштаб вобласці. Праўда, пры гэтым яно страціла былую нефармальнасць і цеплыню, набыўшы ўзамен пампезнасць і саляначнасць. Відаць, каб такія святы былі не помнікамі мовы, а яе сцвярджэннем, трэба сур’ёзна падумаць, чым прыцягнуць аўдыторыю. Будзем чакаць ад трэцяга сектара сваіх варыянтаў святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Канкурэнцыя тут не пашкодзіць.
Служба навін “БК”
Ответить