Дарога
Дабрацца ў Беласток з Берасця – не такая і лёгкая задача. Гэта толькі на мапу гледзячы, здаецца, што транспарту ў тым кірунку павінна быць гаць гаці. На справе варыянтаў усяго два. Можна ехаць праз Бялу Падляску, што будзе каштаваць з усімі перасадкамі 45 злотых (прыкладна 135 тысяч беларускіх грошай). Аднак трэба мець на ўвазе, што аўтобусаў з Бялай да Беластоку няма зусім ніякіх, а прыватныя бусікі курсіруюць усяго пару разоў на дзень. Прычым час адпраўлення прыдзецца добра-такi пашукаць на польскіх сайтах.
Другі варыянт – праз Гародню – прасцейшы, але і істотна даражэйшы. Білет на аўтобус “Брэст – Гродна” абышоўся мне ў 70 тысяч, білет на цягнік з Гародні да Беластока збядніў бюджэт яшчэ на 150 тысяч. Затое зручна і хутка. У сем гадзін раніцы я яшчэ была на родным аўтавакзале, а ў палову другой ужо шукала вуліцу Цёплую ў польскім Беластоку.
Дарэчы, тут мне пашанцавала. Жанчына, у якой я па-беларуску спыталася, чым даехаць да Цёплай, ледзь не за ручку мяне туды давяла. “Вось вашая “Рацыя”. Гэтым трохі здзівіла, бо пра радыё я ёй нічога не казала. Зрэшты, на маленькай вуліцы Цёплай беларускамоўнаму чалавеку шукаць больш няма чаго.
Мікрафоооон!!!
Рэдакцыя радыё “Рацыя” – гэта амаль цэлы паверх. Будынак, дзе яна знаходзіцца, невялікі, аднак размясціцца і адміністрацыі, і журналістам, і тэхнічным работнікам усё ж ёсць дзе. Натуральна, тут жа месцяцца і тры студыі: адна – прамога эфіру і дзве — запісу. У Беластоку, праўда, запісваецца далёка не ўсё. Многія аўтары пішуць свае перадачы дома (найчасцей у Мінску) і проста перасылаюць у рэдакцыю. Так, напрыклад, робяць Зміцер Вайцюшкевіч з Максімам Жбанковым – аўтары перадачы “Мачо-клуб”.
Аднак радыё – гэта перш за ўсё прамы эфір. Галоўныя яго гульцы – вядучыя і навіншчыкі. Вядучы ў адпаведнасці з сеткай эфіру ставіць перадачы і музыку. Ён жа агучвае надвор’е і навіны спорту, зачытвае падводкі і адводкі да карэспандэнцкіх рэпартажаў.
За дзве хвіліны да пачатку кожнай гадзіны з пяці раніцы да 23 гадзін вечара ў студыю ўваходзіць дзяжурны навіншчык, каб зачытаць 5-хвілінную падборку актуальных падзей. Асабіста мне справа навіншчыка падалася самай складанай. У яго ёсць толькі 50 хвілін на тое, каб падрыхтаваць выпуск, які мусіць утрымліваць, акрамя “чужых” карэспандэнцкіх, і ўласныя матэрыялы. “Усё прыходзіць з вопытам,” – адказвае на пытанне, як жа з усім гэтым справіцца, журналіст Яна Запольская.
Затое да вядучых эфіру ў мяне пытанне, загатаванае яшчэ ў дзяцінстве. “Ці не цяжка вам гаварыць, не бачачы рэакцыі слухачоў?” – “А што там?.. Гаворыш сабе і гаворыш. З прыемным жа чалавекам заўсёды прыемна пагутарыць”, – з уласцівым яму гумарам адказвае Улад Грынеўскі.
Асобны пакойчык у рэдакцыі займаюць сайтавікі. У іх таксама праца не з лёгкіх. Два чалавекі фактычна перапісваюць навіны нанава, праслухоўваючы аўдыёсінхронны і пераводзячы каментары ў тэкставы фармат. Плюс мадэрацыя каментаў і старонак у сацыяльных сетках. На ўдарную працу іх, напэўна, натхняе Васіль Быкаў, чый фотаздымак вісіць на адной са сцен пакоя. Улічваючы, што адказным за сайт РР з’яўляецца пісьменнік Алесь Аркуш, выбар дэкору не бачыцца выпадковым. “Унікальнасць гэтага здымка ў тым, што ён ледзь не адзіны, на якім Быкаў усміхаецца”, – зазначае Алесь.
Найменш заўважныя, але ад таго не менш важныя для працы радыё гукачы таксама займаюць асобныя апартаменты. Праўда, зусім цесныя, з чаго робім выснову, што на клаўстрафобію яны не хварэюць. Усе абавязкі гэтых тэхнічных работнікаў пералічваць няма сэнсу – і так ясна, што гэта сапраўдныя палачкі-выручалачкі эфіру.
Усе разам – гэта людзі, якія забяспечваюць 24-гадзіннае вяшчанне першага трансгранічнага радыё, ці радыё памежжа, як любіць называць РР яго галоўны рэдактар Яўген Вапа. З ім у нас асобная гаворка.
“Ствараем беларускую незалежную прастору”
– Яўген, для чаго існуе радыё “Рацыя”?
– Для таго, каб яднаць беларусаў з двух бакоў мяжы і даваць ім даставерную інфармацыю пра саміх сябе. Бо раней была жалезная заслона, а цяпер папяровая ў выглядзе віз. Радыё – добрая магчымасць зняць гэтыя заслоны. Спачатку ў нас быў адзін перадатчык пад Беластокам, цяпер маем яшчэ адзін у Бялай Падлясцы, тым самым маем магчымасць вяшчаць ад Ліды да Берасця. Колькасць патэнцыйных нашых слухачоў недзе тры мільёны. Гэта нямала.
– Ці вялікая канкурэнцыя на рынку аўдыё-СМІ?
– Так, мы працуем ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Толькі з аднаго беларускага боку маем 30 іншых радыёстанцый. З польскага боку іх таксама нямала. У гэтых умовах мы мусім рабіць інтэрактыўны прадукт, каб быць цікавымі слухачу. Стараемся прапаноўваць яму перадачы на самыя розныя тэмы і густы і пры гэтым рабіць менавіта беларускае па форме і змесце радыё.
– Не думаеце пашыраць вяшчанне на ўсю Беларусь?
– Мы хочам заставацца класічным радыё памежжа. Можна хіба падаўжаць лінію вяшчання ўздоўж мяжы, але для гэтага трэба паставіць перадатчыкі ў Літве, Латвіі ды Украіне. Гэта ўжо наступны крок, і мы пачынаем пра гэта думаць. Тым не менш і зараз нас можа чуць не толькі ўся Беларусь, але і ўвесь свет – у Iнтэрнэце.
– У вас дзве абсалютна розныя мэтавыя аўдыторыі – беларусы з двух бакоў мяжы. Наколькі адрозніваюцца іх патрэбы ў інфармацыі?
– Людзям з Беларусі больш патрэбная грамадска-палітычная і сацыяльная інфармацыя. І гэта наш прыярытэт, таму што мы першапачаткова мелі на мэце стварэнне беларускай незалежнай прасторы. Тутэйшыя беларусы жывуць ва ўмовах палітычнай адкрытасці і нават ужо трохі змучаныя гэтай адкрытасцю. Таму яны вымагаюць пераважна культурных перадач, усяго, што звязана з краязнаўствам, культурай, гісторыяй.
– Чаму карэспандэнты РР працуюць у Беларусі нелегальна?
– Таму што іх не акрэдытуюць. Мы штогод падаём заявы на акрэдытацыю карэспандэнтаў у Міністэрства замежных спраў Беларусі, аднак атрымліваем толькі адмовы. Канешне, гэта стварае праблемы для атрымання інфармацыі.
– Адсутнасць рэкламы на РР – гэта палітыка радыё?
– Не, проста мы хацелі спачатку стварыць якасны прадукт, а пасля думаць і пра рэкламу. Ліцэнзія на яе ж таксама вялікіх грошай каштуе. Але будзем купляць, бо гэта дасць дадатковыя магчымасці для нашага развіцця. Ужо зараз маем шмат званкоў ад фірм і прадпрыемстваў з просьбамі размясціць у нас рэкламу.
Назіраючы за працай журналістаў РР цягам некалькіх дзён, я прыйшла да высновы, што знаходжанне рэдакцыі радыё па-за межамі Беларусі асабліва не ўплывае на якасць канечнага прадукту. Канешне, адмаўленне ў акрэдытацыі стварае пэўныя перашкоды і рызыкі для працы журналістаў. Аднак дастатковая колькасць карэспандэнтаў на месцах, а таксама тэлефонная сувязь робяць амаль неістотным месца знаходжання СМІ. І гэта прыклад не толькі “Рацыі”. Амаль такім жа чынам працуе беларуская служба “Радыё “Свабода”, “Еўрарадыё”, тэлеканал “Белсат”.
Так і атрымліваецца, што гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь свабоду слова беларусам даюць урады іншых краін.
0 комментариев
Anonymous User
02.03.2012 в 10:01чытач
02.03.2012 в 10:01Вось гэта цікава зроблена. І журналіст не сядзеў у рэдакцыі не выседжваў яйцы ля тэлефона ў мяккім крэсле Такт захаваны таксама ў тонкіх сітуацыях. Фотак бы яшчэ пару…