Без туалета
Людміла Аляксандраўна з мужам жывуць на Партызанскім праспекце, 19А. Гэта раён агульнавядомай “Мантаны”, дзе знаходзяцца РАУС, магазін, кавярня ды лялечны тэатр. Раней там жа быў і грамадскі туалет, ды яго, як у тым фільме пра Івана Васілевіча, замуравалі.
Толькі, як становіцца зразумела з аповеду Людмілы Аляксандраўны, пэўныя асацыяцыі з месцам трывала замацаваліся ў свядомасці людзей. Ці можна сказаць па-іншаму: да былога туалета, а заадно і да пад’ездаў дома 19А проста-такі не зарастае народная сцяжына. Не варта і казаць, што мэты наведвальнікаў засталіся тымі ж, што і пры функцыянаванні грамадскай прыбіральні. З наступленнем вясны антысанітарнае становішча тэрыторыі стала асабліва непрыемным мясцовым жыхарам.
Каб вырашыць гэтую сітуацыю, муж нашай чытачкі патэлефанаваў спачатку ў домаўпраўлення, а пасля на “гарачую лінію” гарадской санэпідэмстанцыі. Там яго, па словах Людмілы Аляксандраўны, уважліва выслухалі, запісалі дадзеныя, ды сказалі, што званок… не зафіксаваны. Дыспетчар засумнявалася, ці правільна пажылы чалавек назваў адрас. Вось гэта і выклікала вялікую крыўду пенсіянераў: “Мой муж у здаровым розуме, навошта яму, сардэчніку, такое адказваць? Калі пытанне не па вашай частцы, так і кажыце, а не крыўдзіце людзей”, – пераказвае нам сваё непаразуменне чытачка.
Не датэлефанаваўшыся да дыспетчара гарачай лініі, мы звярнуліся да намесніка галоўнага ўрача Брэсцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дзмітрыя Мазаля. Аказалася, што званок ад мужа Людмілы Аляксандраўны ўсё ж прынялі: “Я гэты сігнал сёння распісаў. Нашы спецыялісты выедуць на месца і паглядзяць. Але адразу скажу, што апраўленне патрэбы ў грамадскіх месцах – гэта больш пытанне міліцыі. Таму мы праінфармуем таксама органы ўнутраных спраў”.
Добра, што праблему паспрабуюць вырашыць, але яшчэ больш прыемна, што людзі паважанага ўзросту засталіся пачутымі. Бо клапоцяцца жа яны не толькі пра сябе.
Канстытуцыйны суд – не аўтарытэт
Жыхар Брэста Мікалай Мікалаевіч сваёй юрыдычнай падкаванасцю азадачыў не толькі дзяжурнага рэпарцёра, але і жыллёва-камунальныя службы. Ён жыве ў кааператыўным доме і мае 19 кв.м. лішняй жылой плошчы. За гэтую плошчу яму налічваюць дадатковую плату за тэхабслугоўванне, з чым наш наведвальнік абсалютна не згодны. Cвой пункт гледжання Мікалай Мікалаевіч падмацоўвае рашэннем Канстутуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь № Р-101/2000 ад 5 верасня 2000 года, падпісаным тагачасным старшынёй КС Рыгорам Васілевічам.
У рашэнні даходліва тлумачыцца, што плата за тэхнічнае абслугоўванне – гэта плата расходаў, звязаных з эксплуатацыяй і рамонтам месцаў агульнага карыстання, канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, утрыманнем прыдомных тэрыторый. Таму жыльцы павінны несці гэтыя расходы расходы прапарцыйна сваёй долі ўласнасці ў доме. Павышаныя тарыфы за “лішнюю жылую плошчу” (у рашэнні гэты выраз таксама ўзяты ў двукоссе) выклікаюць дыспрапорцыі ў аплаце, а значыць ставяць жыльцоў у няроўныя ўмовы.
Аднак ні юрысконсульт, ні эканамісты ўпраўлення ЖКГ нічога пра рашэнне КС не ведаюць. Яны карыстаюцца толькі пастановай Савета Міністраў №1332 “Пра ўпарадкаванне разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” ды інструкцыяй міністэрства ЖКГ па разліку платы грамадзян за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі, якія якраз і падвяргаюцца крытыцы ў рашэнні.
Аднак вінаваціць канкрэтных работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма ніякага сэнсу. Бо калі Савет Міністраў, уносячы пасля 2000-га года шматлікія змяненні ў пастанову, не ўлічыў меркаванне вышэйшага судовага органа краіны, то якія прэтэнзіі могуць быць да людзей, чыя справа зусім маленькая?
Вясенні авітаміноз у аптэках
Шматстайнасць асартыменту ў аптэках паставіла пад сумненне Галіна Аляксееўна, якая распавяла, што ні яна, ні яе знаёмыя даволі працяглы час не могуць знайсці любімых вітамінаў: “Заўсёды купляю “Тэравіт”. Можа, вы ведаеце, куды ён знік? Гэтаксама калега не змагла знайсці “Джунглі” для дзяцей. Што сталася з гэтымі вітамінамі?”
Прайшоўшыся па аптэках, дзяжурны рэпарцёр упэўнілася, што ні аднаго, ні другога наймення ў продажы не сустракаецца. “Было пісьмо, што “Тэравіт Анцістрэс” знялі з вытворчасці, але што з астатнімі, мы не ведаем, – кажа аптэкар.– Не атрымлівалі вельмі даўно”. Адсутнасць “Тэравіту” і “Джунгляў” парадзіла сумненні, што гэтая парачка мае агульнага вытворцу. Наступная аптэкарка, зірнуўшы ў кампутар, гэтую думку пацвердзіла. Але чаму ні таго, ні другога няма ў наяўнасці, яна таксама не ведала.
Адказ мы нечакана атрымалі, набраўшы нумар выпадковай аптэкі з тэлефоннага даведніка: “У гэтых вітамінаў закончылася рэгістрацыя ў Беларусі. Калі яна будзе працягнута, можа ведаць толькі Міністэрства аховы здароўя”.
Так што пакуль прыдзецца паламаць галаву над заменай названых полівітамінаў. Добра, што аптэкары гатовыя ў гэтым дапамагчы.
Ответить