Гэта адзін з класаў пачатковай школы №4 у польскім Беластоку. У ім працуе настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк, у якой, дарэчы, і на руцэ красуецца бранзалет у бел-чырвона-белых колерах. Аліна, як і большасць тут, польская беларуска, і вучыць такіх жа польскіх беларусаў. І не проста вучыць – піша метадычныя дапаможнікі, праекты і робіць шмат чаго яшчэ ў супольнасці з таварыствам у падтрымку беларускамоўнага навучання АБ-БА.
Аб’яднанне бацькоў, беларушчынай апантаных (менавіта так расшыфроўваецца ў гэтым выпадку легендарная абрэвіятура), цалкам апраўдвае сваю назву. Бо толькі апантаныя могуць не толькі не паддацца ўсім спакусам і выгодам польскай асіміляцыі, але і дамагчыся пасля 50-гадовага перапынку з’яўлення беларускай мовы ў навучанні беластоцкіх дзяцей.
Праверана часам
Старшыня АБ-БА Барбара Пякарская (ці Бася Пякарская, як яе ўсе тут называюць) паведамляе, што навучанне на беларускай мове ў Беластоку скасавалі яшчэ ў 1946 годзе. У 90-х былі спробы аднавіць то беларускамоўныя групы ў садках, то класы ў школах, але ўсе гэтыя пачынанні мелі непрацяглы характар і не даходзілі да лагічнага завяршэння.
У 1995 годзе ў адным з садкоў адкрываюць ажно дзве беларускамоўныя групы, што стала сапраўдным святам для нацыянальнай меншасці. Складанасць адкрыцця груп была зусім не ў тым, што мясцовыя ўлады ўперліся супраць беларускага навучання рогам. Наадварот, польскія законы ўсяляк садзейнічаюць захаванню нацыянальнай самабытнасці ў народаў, якія на тэрыторыя краіны пражываюць. Праблема была тая ж, якую маюць беларускамоўныя бацькі ў Беларусі, – сабраць як мага больш дзяцей.
– Ніхто не думаў, што мы пратрымаемся больш за год,– успамінае Бася Пякарская.– Ды і мы не думалі, што наша дзейнасць так разрасцецца.
Прагнозы скептыкаў не пацвердзіліся. З 1995 года беларускамоўныя класы ў садку набіраюць штогод, і на іх такі вялікі попыт, што туды ўжо праблема паступіць.
– Гэта, канешне, умоўная адукацыя на беларускай мове,– заўважае старшыня АБ-БА.– Многае там выкладаецца па-польску. Але і так добра.
У пачатковай школе, куды дзеткі прыходзяць з садка, іх прымае і прытульвае Аліна Ваўранюк. Праўда, тут вывучэнне беларускай мовы істотна скарачаецца і зводзіцца толькі да ўрокаў беларускай мовы. Настаўніца кажа, што зараз у школе вывучаюць белмову прыкладна 110 вучняў, аднак у гімназіі і ліцэі такіх навучэнцаў становіцца істотна менш. “Але гэта агульная тэндэнцыя па ўсіх нацыянальных меншасцях, не толькі нашай. У садку і пачатковай школе – многа дзяцей, у гімназіі менш, а ўжо ў ліцэі зусім мала. У старэйшых класах трэба больш увагі аддаць профільным прадметам”.
У мяне нявольна закралася пытанне, а ці толькі ў гэтым справа? Можа, проста дзеці разумеюць, што беларуская мова ў Польшчы ім тым больш не патрэбна, раз не патрэбна яна беларусам у Беларусі?
– Пытанне, навошта вучыць беларускую мову, для нас вельмі балючае,– прызнаецца Бася Пякарская.– І мы стараемся, каб нашы дзеці такога пытання не задавалі.
У 2006 годзе бацькі, якія і да гэтага былі нядрэнна арганізаваныя, вырашылі зарэгістраваць сябе як грамадскую арганізацыю. Гэта дало ім дадатковыя мажлівасці, у тым ліку і ў атрыманні грантаў. Такім чынам ініцыятыва бацькоў, якая распаўсюджвалася першапачаткова на іх уласных дзяцей, набыла іншы статус, іншую форму і іншы змест.
“Апошнім часам на Беларусь не ездзім”
АБ-БА займаецца многім. Пад яе крылом прытуліліся тэатральны гурток, студыя фальклору і дыскусійны клуб. Яна мае ўласны музей беларускай культуры і актавую залу, памяшканне для якіх выдзеліла пачатковая школа. Аббаўскія дзеці і падлеткі ладзяць спектаклі, даследуюць гісторыю роднай Беласточчыны, запісваюць успаміны мясцовых беларусаў.
І, канешне, выдавецкая дзейнасць. Гэта АБ-БА першая выдала “Прыгоды Мышкі Пік-Пік” Людмілы Рублеўскай, якія пазней выйшлі ў Беларусі. І гэта АБ-БА выпускае дыскі ды метадычныя дапаможнікі, укладзеныя няўёмнай Алінай Ваўранюк. Усё гэта распаўсюджваецца сярод беларускамоўных класаў Беласточчыны, якіх пакуль не так і мала.
Сярод дапаможнікаў ёсць нават настольныя гульні на беларускай мове. Адна пацешыла асабліва. На ёй намаляваная карта ваяводства з беларускімі вёскамі, па якіх і трэба “гуляць” фішкамі. На кожную вёску ёсць і картка з вясёлым апісаннем населенага пункта. У нас не прыходзілася бачыць нічога падобнага.
Па меры магчымасці ўзаемадзейнічае АБ-БА і з Беларуссю. На стэндах арганізаванага ў пачатковай школе “Склепа з культурай” шэраг фотаздымкаў аббаўскіх дзяцей з вядомымі беларусамі. Магчымасць пазнаёміцца людзям з абодвух бакоў мяжы выпадае на спецыяльных летніках ды экскурсіях па Беларусі. Праўда, са смуткам Бася Пякарская заўважае, што ў мінулым годзе яны нашу краіну не наведвалі. Не будуць і ў гэтым. Прычыны даволі зразумелыя.
– Калі ездзілі, то стараліся сустракаць толькі беларускамоўных людзей. Але над гэтым мы шмат працавалі загадзя.
І сапраўды: не хацела б я бачыць расчараванне дзяцей, якія, прыехаўшы з Польшчы насыціцца беларускасцю, убачылі б рэальную карціну з мовай.
Мараль байкі
Пазнаёміцца з АБ-БА мне хацелася не проста з цікаўнасці. Карцела зірнуць на людзей, якія падтрымліваюць сваё ў іншай краіне і робяць гэта эфектыўна.
Не зразумела толькі, чаму няма падобнай арганізацыі, хаця б нефармальнай, у нас. Ёсць жа бацькі, якія могуць гэта зрабіць. І ёсць усведамленне, што гэта трэба рабіць самім, бо дзяржава не зробіць. Праўда, ёсць і лянота ды такое нацыянальнае жаданне, каб усё адбылося само сабой. Бо адстойваць свае інтарэсы ў любой сферы – вялікая і цяжкая праца.
Ответить