У “Сілуэта”, хоць гэтае прадпрыемства і з’яўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам, усяго адзін уладальнік – дзяржава. Раней яго дзейнасцю кіравала Міністэрства гандлю, з лістапада мінулага года акцыі перайшлі ў мясцовы бюджэт. З таго часу лёс “Сілуэта” знаходзіцца ў руках гарвыканкама.
Для тых, хто прывык, што “Сілуэт” – гэта толькі атэлье па рамонце і пашыве вопраткі, нагадаем, што пад гэтай назвай існуе цырульня з салонам па манікюры і педзікюры, ювелірная майстэрня, шынамантаж, аўтамыйка і майстэрня па рамонце бытавой тэхнікі. Частку паслуг аказваюць у будынку на перасячэнні Гогаля і Савецкай, частку – на вуліцы Янкі Купалы, у памяшканні былой “Рамбыттэхнікі”.
Цяжка сказаць, што з’яўляецца следствам, а што прычынай. Ці то гарвыканкаму першапачаткова спатрэбіўся будынак, таму на атэлье і цырульню хуценька махнулі рукой як на нерэнтабельныя. Ці нерэнтабельнасць вытворчасці была настолькі беспрасветнай, што з ёю вырашылі канчаць, прыдумаўшы іншую эксплуатацыю памяшкання. У любым выпадку ўсё ёсць як ёсць: будынак на Савецкай адыходзіць пад харэаграфічную школу, а “Сілуэт” з’язджае, пакінуўшы толькі прыёмны пункт ювелірнай майстэрні. Хаця “з’язджае” слова не зусім дакладнае. Пераязджае на вуліцу Янкі Купалы толькі адміністрацыя ды ювелірка, іншыя паслугі проста спыняюць сваё існаванне.
– Паўтара мільёна з цырульні – хіба гэта прыбытак?– каментуе сітуацыю намеснік старшыні гарвыканкама Валерый Лапцейкін.– І швейнае атэлье таксама нерэнтабельнае. У горадзе ёсць каму аказваць гэтыя паслугі: па стане на першага студзеня 2012 года ў нас 93 прадпрыемствы, якія выконваюць рамонт і пашыў вопраткі. З іх – 51 індывідуальны прадпрымальнік.
З дзяржаўнымі цырульнямі ўсё ясна без дадатковых тлумачэнняў. Чаго грэх таіць – не паспяваюць яны за прагрэсам, выкарыстоўваючы зазвычай самыя танныя матэрыялы. А вось якім чынам стала непрыбытковай швейная вытворчасць?
– У цэлым прадпрыемства нерэнтабельнае,– прызнае дырэктар ААТ “Сілуэт” Андрэй Самасюк.– Але нерэнтабельнае яно таму, што займае вялікую плошчу, якая нерацыянальна выкарыстоўваецца. Мы маглі б умясціцца на адным паверсе, усё астатняе здаваць у арэнду. Плюс неабходна прыцягваць інвестараў. У мінулым годзе вялі перамовы з “Сантай”, дамовіліся нават пра рамонт будынка. Ён жа ў нас амаль у аврыйнам стане. Тут трэшчыны ў сценах скразныя.
Перамовы закончыліся нічым. Відаць, лёс ААТ “Сілуэт” вырашаўся не ўчора і нават не пазаўчора. Дэпрыватызацыю ж праводзіць лягчэй, калі ўладанне з дзяржавай не раздзяляюць прыватныя рукі.
– У атэлье невялікі аб’ём працы,– працягвае расказваць пра прычыны нерэнтабельнасці дырэктар.– Яно страціла кліентаў, калі няякасна і не ў тэрмін выканала шмат заказаў. Аднак за 2 гады сітуацыя памянялася. І зараз мы вымушаны былі адмовіцца ад чатырох буйных кантрактаў, таму што браць іх ужо няма сэнсу. У нас апошнім часам замаўлялі многа форменнага адзення. Зараз гэтыя прадпрыемствы будуць шукаць нейкія камерцыйныя структуры.
Між іншым, работнікі атэлье прыпамінаюць гораду даўгі, у якія ён загнаў таварыства. Гарвыканкам падчас рэстаўрацыі вуліцы Савецкай прымусіў “Сілуэт” зрабіць рамонт фасада будынка за свой кошт. Усё б нічога, каб расходы на рамонт у шмат разоў не перавышалі гадавы прыбытак. ААТ і дагэтуль цалкам не разлічылася па старых рахунках.
Але галоўным аргументам супраць закрыцця атэлье па рамонце і пашыве адзення ў “Сілуэце” называюць сацыяльную значнасць аказваемых паслуг. Майстэрня на Савецкай была апошняй з дзяржаўных і найбольш папулярнай у малазабяспечаных слаёў насельніцтва.
– Да нас прыходзіла шмат бабулек, бо кошты тут дэмакратычныя,– гаворыць адна з работніц.– Напрыклад, поўнасцю ўшыць паліто каштуе трохі больш за сто тысяч. Хіба гэта цана па нашых часах? А рамонтаў апошні час стала многа, таму што зараз ніхто нічога не выкідвае і новага не купляе. Нясуць рамантаваць.
Гавораць на прадпрыемстве і пра тое, што паслуг па рамонце, якія аказваюцца ў атэлье, няма больш нідзе. Але тут са швейнікамі хочацца паспрачацца, паколькі сама ведаю некалькі прыватных майстэрняў, дзе таксама за досыць невялікія грошы зробяць усё, што заказчык ні пажадае. Другая справа, што інфармацыі пра іх сярэднестатыстычная бабулька не знойдзе. Менавіта для такой бабулькі страта апошняга дзяржаўнага атэлье будзе найбольш адчувальнай. Можна пагадзіцца з гарадскімі ўладамі, што амаль цэлы будынак для яго – гэта затлуста, але пра меншае памяшканне варта было б падумаць.
Яшчэ адно пытанне, якое ўзнікае ў выпадках ліквідацыі вытворчасці, – працаўладкаванне работнікаў – гарвыканкамам быццам бы вырашанае. Краўцоў згодная ўзяць да сабе швейная фірма “Надзея”. Толькі вось работнікі індывідуальнага пашыву да такога павароту падзей маральна не гатовыя. Маючы да гэтага больш-менш творчую працу, яны не бачаць сябе ў масавай вытворчасці.
Напрыканцы заўважу, што не надта адабраюць работнікі і ідэю размясціць у іх будынку харэаграфічную школу. Наўрад ці са шкодлівасці нагадваюць яны пра дрэнную гукаізаляцыю і пра напаўаварыйны стан сцен. Што ж, час пакажа, хто меў рацыю.
Ответить