Нагадаем, напрыканцы мінулага года наша чытачка Вольга Грыгор’еўна падняла пытанне, ці маюць права спецыялізаваныя дыспансеры, у прыватнасці наркалагічны, браць з кіроўцаў дадатковую плату за агляд урача. І наколькі наогул правамернае накіраванне да спецыяліста, калі ў картцы ўсё роўна ставяць штамп “На ўліку не значыцца”, які павінен быць бескаштоўным?
Адказ начмеда УЗ “Брэсцкі абласны наркалагічны дыспансер” Ігара Часнакова, які аргументаваў складзены парадак рэчаў міністэрскімі пастановамі, Вольгу не задаволіў. Яна ведала, што ў мінскіх паліклініках кіроўцы не тое што не плацяць – яны нават не наведваюць дыспансеры асабіста. Можна не рабіць таго і ў нас – дастаткова напісаць дазвол на запыт прыватных дадзеных паліклінікай. Атрымліваецца, тройчы плацяць толькі тыя кіроўцы, якія вырашылі не чакаць абвешчаных у пісьмовай заяве 15 дзён і паехаць за адзнакай пра няўлік асабіста. Такія супярэчанні і падштурхнулі Вольгу Грыгор’еўну шукаць адказаў у Міністэрстве аховы здароўя.
Тым часам мы перапыталі намесніка галоўнага ўрача Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі Валерыя Тарасава, што ж дакладна трэба паліклінікам ад спецдыспансераў для выдачы медыцынскай даведкі кіроўцу – агляду спецыялістам ці толькі інфармацыю пра адсутнасць наркалагічнага і псіхіятрычнага ўлікаў. Розніца тут вялікая, паколькі агляд аказваецца на платнай аснове, а інфармацыя прадстаўляецца бясплатна. Адказ быў дадзены вычарпальны: інфармацыю пра адсутнасць уліку. І запытаць яе можа як сама прафілактычная ўстанова пры пісьмовай згодзе на тое пацыента (адказ даецца цягам рабочага дня, а не 15 дзён, як пішацца ў бланках заяў), так і сам пацыент у рэгістратуры адпаведных дыспансераў.
У прынцыпе, каментара Валерыя Тарасава хапае, каб зрабіць высновы пра неправамернасць дзеянняў персаналу дыспансераў. Аднак глянем у адказ Міністэрства: “Пастановай не прадугледжваецца парадак аказання платнай медыцынскай паслугі “Агляд урачом-нарколагам” у межах абавязковага медыцынскага асведчання кандыдатаў у кіроўцы механічных транспартных сродкаў і абавязковага медыцынскага пераасведчання кіроўцаў механічных транспартных сродкаў для атрымання медыцынскай даведкі аб стане здароўя”.
Некалькі кіроўцаў, якія праходзілі медкамісію пасля апісанага інцыдэнту, сведчаць, што плату наркадыспансер з іх не браў. Але ў псіханеўралагічным дыспансеры па-ранейшаму накіроўваюць на агляд спецыялістам і патрабуюць за гэта грошы.
Так што ведайце, кіроўцы, свае правы, а лепш за ўсё пагаджайцеся на ініцыятыву паліклінікі самой запытваць інфармацыю пра адсутнасць у вас наркалагічнага і псіхіятрычнага ўлікаў. Не факт, што вы выйграеце ў часе, але дакладна паберажэце нервы.
0 комментариев
Anonymous User
23.04.2012 в 01:11