Сярод літаратараў, якія на дадзены час з’яўляюцца сябрамі абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, Іван Арабейка мае найбольшы, калі можна так сказаць, стаж – прыняты ажно ў 1979 годзе.
Першы верш Івана Арабейкі “Клён” надрукаваны ў 1963 годзе ў газеце “Чырвоная змена”, літаратурнае аб’яднанне пры якой будучы паэт актыўна наведваў, калі вучыўся на старэйшых курсах. А ў 1972 годзе выйшла першая кніжка “Услед за сонцам”, якая, без перабольшання, стала значнай падзеяй у літаратурным жыцці Берасцейшчыны. У грунтоўнай рэцэнзіі на яе Уладзімір Андрэевіч Калеснік не пабаяўся назваць трыццацігадовага зменнага майстра завода газавай апаратуры “сталым, адмысловым майстрам слова і арыгінальным мастаком, які валодае творчым мысленнем”. Сваю думку Уладзімір Андрэевіч яшчэ раз пацвердзіў пасля з’яўлення на свет у 1978 годзе другога зборніка вершаў паэта “Асенні ранак”, зазначыўшы, што “кніга сталая па думцы і майстэрству. Яна вытрымлівае самы строгі крытычны падыход… Арабейка не паўтарыў нікога са сваіх папярэднікаў”.
Упершыню вершы Івана Арабейкі я прачытаў яшчэ вучнем старэйшых класаў вясковай дзесяцігодкі. Тая, купленая ў раённым цэнтры разам з падручнікамі для дзясятага класа кніжачка, захоўваецца і цяпер. З вялікім задавальненнем узгадаў напярэдадні юбілею:
Прамёрзлі лужы ўночы досуха,
І пад падэшвай лёд пяе.
Дадому кот прыходзіць досвіткам
Ды ўсё расол халодны п’е.
Не ў першы раз здзівіўся дакладнасці Арабейкавага слова. Варты павагі кот прыходзіць, а не прабіраецца, тулячыся да сцяны, расол – халодны, бо смага не абы-якая. Гуляка прагна п’е, а не хлебча: так больш “па-чалавечы”. Валацуга-кот выдатна давяршае малюнак сакавіка, бо што гэта за вясна без марцовага ката.
Паэтычны радок Івана Арабейкі надзвычай метафарычны, але ягоныя метафары, дакладныя, “філігранна адточаныя і ювелірна пабудаваныя”, (У.Калеснік) не патрабуюць пакутлівай расшыфроўкі. Прыкладам можа служыць пранікліва-лірычны верш “Адлёт буслоў”. Чарада божых птушак, што апускаецца на луг, – “чорна-белыя клавішы ў рад”. Тут жа выбіраецца дырыжор, і…
Луг прыціхне, і ён узмахне,
Музыкальна развёўшы крыламі,
За ім клавішы ўскінуцца самі,
І элегія ў сінь паплыве.
Асаблівую вобразную выразнасць метафара ў Івана Арабейкі набывае тады, калі спалучаецца з гукапісам. Вось як піша паэт пра такі мужчынскі абрад, як паклон куфалю піва пасля цяжкай змены ў гарачым цэху:
І кожны глыток – як апошні.
У смагі такія глыткі.
Нібы перасохлыя поршні,
Пампуюць пітво кадыкі.
Даверлівасць, “мяккасць і лагоднасць” надае вершам Івана Арабейкі і такі прыём дасягнення вобразнай выразнасці”, як увасабленне, адухаўленне нежывога: рака, калі праходзіць вясновая паводка, “адступаючы ад плоту, шукае берагі”, “лівень цераз дарогу за парог зганяе яблыкі”… З шэрагу новых твораў вылучаецца верш пра Жабінку, які пачынаецца так:
Дзеннь добры, мілая спадарыня:
Я, мабыць некага здзіўлю,
Калі скажу без каментарыяў.
Без лішніх слоў: “Я вас люблю”.
Кожная новая страфа гэтага даволі аб’ёмнага твора – шчырае сыноўняе прызнанне ў любові да роднай зямлі.
Хочацца звярнуць увагу і на тое, што вершам Івана Арабейкі характэрна гранічная эканомія моўных сродкаў. У яго нельга сустрэць неабавязковых часціц, грувасткіх азначэнняў і ўстаўных канструкцый.
Ціхая споведзь прыроды.
Поле, валошкі, трава.
Гэта, відаць, назаўсёды –
Жыць з аднаго хараства.
Апошняя кніга вершаў Івана Арабейкі выйшла 34 гады таму. Новыя творы, на жаль, пакуль што не сабраны пад адной вокладкай. Асобныя з іх пабачылі свет у першых трох выпусках альманаха “Жырандоля”. У іх усё тая ж душэўная даверлівасць, любоў да роднай зямлі.
Як запавет на ўсё жыццё:
Не напускай у хату холаду.
Тужліва, адчыненай хацінаю стаіць родны край, і трэба прычыняць дзверы, каб тут не знайшла прыстанішча розная набрыдзь. Трывога за малую радзіму не суцішылася за столькі гадоў. Гэтым жыве, пра гэта разважае пасталелы паэт.
З юбілеем Вас, паважаны Іван Сяргеевіч! Здароўя, новых твораў, новай кнігі, якую мы ўсе чакаем. Няхай ніколі не пакідаюць Вас надзея і вера ў добрыя змены.
Ответить