Падрыхтоўка
Падрыхтоўка для мяне, паганца-дылетанта, праходзіла па спрошчанай праграме: нарэзаць рознакаляровых стужачак, каб упрыгожваць пасля імі дрэвы. У тых, каму гуканне вясны – традыцыйнае свята, падрыхтоўка займае куды больш часу. Гэта вам не жартачкі: не прапусціць у календары дзень вясновага раўнадзенства, напячы пячэння ў форме птушак, насмажыць бліноў, наварыць і нафарбаваць яек, а самае галоўнае – знайсці прынаднае месца для гулянняў. Месца павінна быць высокім, пажадана лясным, з крыніцай вады на дасягальнай адлегласці.
Непасрэдна на месцы таксама трэба як след падрыхтавацца. Найпершы клопат – зрабіць ляльку (чучала) багіні зімы і смерці Мары. Ляльку будуць паліць, таму робяць яе з такіх матэрыялаў, што добра гараць. Леташняя трава, драўляны каркас і матэрыялы з натуральных валокнаў для вопраткі – ідэальны варыянт. Прычым, апранаць Мару стараюцца на традыцыйны лад, і жартам выказаная прапанова наконт вячэрняй сукенкі так і засталася прапановай.
Пакуль адны робяць ляльку, другія завіхаюцца каля вогнішча. А пасля ўсе, у каго ёсць народныя ўборы, пераапранаюцца, і пачынаецца самае цікавае.
“Ідэ, зыма, до Століна”
Дасведчаныя людзі кажуць, што вясна ні за што не прыйдзе, пакуль у прыродзе валадарыць зіма. Таму перад намі стаіць найпершая задача гэтую самую зіму прагнаць. Узброіўшыся дабротнымі кіямі і дубінамі, утварыўшы кола вакол вогнішча, мы пачынаем усяляк ушчуваць зіму, давіць на яе сумленне: “Ідэ, зыма, до крэнэці – надуілі рукавэці! Ідэ, зыма, до Янова – надуіла шапка баранова! Ідэ, зыма, до Століна, бо тэ ў нас простояла! Ідэ, зыма, до Бучына, бо тэ нам надокучыла!”.
Каб быць яшчэ больш пераканаўчымі, мы разыходзімся па лесе, размахваючы ва ўсе бакі кіямі. Паглядзеўшы, як гэта робяць вопытныя гукальшчыкі, я таксама выганяю зіму з-пад кожнага кусціка і стукаю па кожным дрэве, што трапіцца па дарозе. Ужо на гэтым этапе мне становіцца ясна, чаму абрад не можа праводзіцца ў горадзе.
Вырашыўшы, што зіма напалохалася і збегла, мы ідзем да крыніцы. Асабліва магічнай вада лічыцца тады, калі толькі растае лёд, але на крыніцы ўжо даўно бурліць жыццё. Тут трэба зрабіць хаця б глыток вады і па жаданні ўмыцца. Па дарозе туды і назад знаўцы фальклору спяваюць вяснянкі. Зіму ж прагналі, таму можна клікаць вясну.
Заманьванне
Тым часам ад зімы калі што і засталося – то гэта чучала. Гэта вельмі хутка выпраўляецца, і багіня Мара ўзнімаецца на неба разам з часцінкамі попелу ад саломы ды тканіны.
Наступная частка мне спадабалася найбольш. Было насамрэч весела падкідваць на ручніках печаных птушак, імітуючы іх прылёт, вешаць стужкі і пячэнне высока на дрэвы, кідаць каменьчыкі хто вышэй, каб спраўдзіліся чаканні. І, натуральна, гуляць. Аказалася, што гульня, якую я ў дзяцінстве ведала як “Разрыўныя ланцўжкі”, чыста вясенняя, бо сімвалізуе разрыў глебы дзеля пускання парасткаў. А любімы наш “Пекар” – збіванне прадметаў кіямі– вяртае нас да сімволікі праводзінаў зімы. Але самай азартнай гульнёй, несумненна, з’яўляецца “архаічны боўлінг”, як называе знаўца мясцовых народных звычаяў Віктар Місіюк такую старадаўнюю забаву, як катанне яек з узгорка.
І смех, хараводы, песні… Вось калі я пашкадавала, што задрэнна ведаю бабулін рэпертуар! Яго, канешне, і слухаць прыемна, але спяваць было б прыемней удвая.
Навошта яно нам?
Пытанне рытарычнае, бо ў каго яно ўзнікае, той не пойдзе гукаць вясну, нават калі і пачуе адказ. А каму ўсё зразумела на інтуітыўным хаця б узроўні, той не будзе задаваць такіх дурных пытанняў. Ясна ж – без традыцый мы нішто. Хісткія гарадскія дрэвы, якім абмежавалі рост каранёў асфальтамі і тратуарамі, таму і не расцем.
Але нейкія прагматычныя высновы са сваёй паездкі я ўсё ж зрабіла.
Па-першае, уся абраднасць і ўвесь выкарыстаны фальклор сапраўды аўтэнтычны. Адмыслова пыталася хлопцаў, дзе яны бралі песні і прыгаворы. Адказ: калі не ад бабуль, то з акадэмічных зборнікаў палескага фальклору. Абрады таксама максімальна прыбліжаныя да старажытных, хоць некаторыя элементы ўсё ж асучасніваюцца, каб было цікавей.
Па-другое, такія праводзіны часу карыстаюцца попытам. Як заўсёды сярод іншаземцаў больш, чым сярод беларусаў. Гэтую асаблівасць выкарыстоўваюць прагрэсіўныя гаспадары аграсядзіб, напрыклад. Яны запрашаюць рэстаўратараў абрадаў на паказ турыстам, ад чаго ў выніку выйграюць усе бакі.
Па-трэцяе, удзел у падобных абрадах многае тлумачыць са светапогляду нашых продкаў. Становіцца празрыстым сэнс народных песняў, прымавак, прымхаў і нават сэнс хрысціянскай абраднасці, бо адкуль жа яна прыйшла, як не ад часоў паганства?
Ответить