Не тое, што я адрэагавала на імя мастака. Прызнацца, чула пра яго ўпершыню і не спадзявалася ўбачыць у зале шэдэўры сусветнага маштабу. Але па голасе Ларысы адразу адчувалася, што асоба заслугоўвае ўвагі. “Мне вельмі хочацца, каб пра выставу напісалі ўсе газеты. Анатолю, канешне, ужо ўсё роўна, але няхай хоць яго сям’я пацешыцца,– гаварыла Ларыса Быцко.– Ён вельмі марыў аб выставе ў Брэсце, толькі не дажыў да яе”.
Жалобны тон, які лунаў у паветры напярэдадні, захаваўся і на вернісажы. Людзі, што бралі слова, мала гаварылі пра карціны пасцельных таноў на сценах. І гэта ні ў якім разе не значыць, што яны таго не вартыя. Проста родным, сябрам, знаёмым, калегам хацелася ўспомніць самога аўтара – Майсеенку-чалавека і Майсеенку-настаўніка. Так было ў прамовах дырэктара Свяціцкага дома культуры Мікалая Буйкевіча, старшыні грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур” Анатоля Туркова, начальніка аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніны Прыхач, вучаніц майстра – ды і наогул усіх, хто выказваўся. “Мы спецыяльна спланавалі адкрыццё выставы ў форме вечара памяці. Таму і крэслы паставілі, бо гадзіну стаяць людзям усё ж цяжка”, – прызнаецца Ларыса.
А вось жонка мастака Людміла Пятроўна вярнула ўсіх да мужавага мастацтва. Добрых хвілін пяць яна расказвала толькі пра гісторыю стварэння аднаго восеньскага пейзажу, і ў гэтым аповедзе было ўсё: і любоў, і захапленне, і разуменне высокай місіі мастака. “У карцінах яго душа”, – рэзюмавала яна. Без сумненняў, Людміла Пятроўна была добрай падтрымкай Анатолю.
Цішком выціраючы слёзы падчас выступленняў, я назірала і за іншымі гасцямі – у іх таксама вочы былі на мокрым месцы. І гэта не той выпадак, калі пра памерлага або добра, або ніяк, – выразна адчувалася, што дрэннае пра Майсеенку сказаць проста няма каму. Міхал Майбародзін, мастак з Драгічына, вымавіў на гэты конт добрыя словы: “Ён быў нам сябрам. Не камусьці аднаму. Ён быў сябрам для нас усіх”.
Нягледзячы на часта ўжывальны прошлы час, нягледзячы на слёзы і жаласлівыя ўспаміны, было ўражанне, што на выставе прысутнічаў і сам Анатоль Майсеенка. Глядзеў на гасцей імпрэзы са свайго аўтапартрэта, з пейзажаў роднай Свяціцы, глядзеў вачыма сваіх сыноў. Нездарма ж адзін з іх падхапіў педагагічную справу бацькі.
Ответить