Напамін пра Берасце
Прывыклыя да растыражаванай на паштоўках, вокладках кніг і 50-рублёвых банкнотах Брэсцкай крэпасці, мы ўшчэнт забываем, што маем штосьці яшчэ. Не меншую каштоўнасць для берасцейцаў павінен уяўляць захаваны да нашых дзён касцёл у Вістычах, у якім цяпер знаходзіцца царква Узвіжання Крыжа. Як будыніне канца XVII стагоддзя ўдалося перажыць шматлікія войны і, галоўнае, савецкі атэізм і безгаспадарлівасць, ведае толькі Бог. Важна, што касцёл з’яўляецца сучаснікам тых берасцейскіх пабудоў, якія не ўцалелі пры перамяшчэнні горада на новае месца і знаходзяцца цяпер пад плітамі Брэсцкай крэпасці.
Гісторык архітэктуры Ірына Лаўроўская распавядае: “У XVII стагоддзі на тэрыторыю ВКЛ шырока ўвайшлі каталіцкія законы (ордэны.– Аўт.). У тым ліку і закон цыстэрцыянцаў. Тут жа ў краіне пачаліся вялікія войны, таму буйной будоўлі доўга не было. Узводзіць каменныя пабудовы сталі толькі ў канцы стагоддзя. У гэты час на тэрыторыі старажытнага Берасця будаваліся дамініканцы, дабудоўваліся бернардынцы, нешта прыбудоўвалі езуіты.
У Вістычах па фундацыі графа Тышкевіча распачалі мураваць кляштар цыстарцыянцаў. Ён уключаў у сябе гаспадарчыя і жыллёвыя пабудовы, а таксама касцёл, які быў цэнтрам кампазіцыі і цэнтрам манаскага жыцця. Увесь кляштар быў абнесены цагляным мурам”.
Дакладная дата пабудовы касцёла – 1678 год. Акрамя яго і значных фрагментаў мура ад кляштара не засталося нічога. Ды і мур захаваўся б цалкам, каб у савецкі час яго не разбіралі на цэглу. І каб на вачах не рассыпалася тое, што ніхто не дадумаўся закансерваваць.
Велічна, але не нашмат менш трагічна выглядае і сам касцёл-царква. Старыя дзверы, дзіравы дах, адсталая ад сцен тынкоўка гавораць пра тое, што занадта шмат часу помнік быў помнікам толькі на паперы, а не ў галавах дзяржаўных (ды і рэлігійных) мужоў.
Хоць апошнія гады карціна ў Вістычах трохі мяняецца. Спытайце любога мясцовага жыхара і ён засведчыць: царква перажывае капітальны рамонт, падобнага якому па маштабу не памятаюць нават старажылы. Вось тут якраз і хаваецца яблык раздору. Нехта глядзіць на адбудову з надзеяй і радасцю, што помнік архітэктуры не разваліцца ад вільгаці, а нехта ўсур’ёз устрывожаны, што ён можа страціць сваю аўтэнтычнасць. Бо пры рамонце разбурана частка мура, спілаваны старыя ліпы, а самае галоўнае — пагаворваюць пра ўзвядзенне на барочным храме купалоў.
Пянькі і галубы
За што люблю сваю працу, дык найперш за тое, што яна прымушае ўвесь час скранацца з месца. Можа, і не выпала б іншай нагоды так шчыльна пазнаёміцца з культурай XVII стагоддзя, каб не гэтая тэма. Затое цяпер раю ўсім: калі вам надакучыла вадзіць гасцей адно толькі на Савецкую ды ў крэпасць, адвязіце іх у Вістычы. Ужо няма, на жаль, загубленых панскіх садоў і азёр, пра якія з захапленнем успамінаюць людзі яшчэ нават сярэдняга ўзросту, але і на адну царкву паглядзець варта.
Рамонт у ёй сапраўды грандыёзны. Пакуль няма святара, знаёмлюся з адным з будаўнікоў, які паціху ўводзіць мяне ў курс спраў. Вось наноў атынкавалі падсобныя памяшканні і адну з трох наў; вось правялі газ і атапленне, вось паставілі шклопакеты. У самым невыгодным становішчы пакуль дах, пад якім даўно знайшлі месца пастаяннага жыхарства галубы.
Ля царквы сапраўды віднеюцца пянькі ад тоўстых дрэў, а насупраць галоўнага ўвахода красуецца новая агарожа з прыгожай брамай. Чамусьці белага колеру, што неяк няўклюдна выглядае поруч са старажытнай кладкай з чырвонай цэглы. Але канчатковыя высновы рабіць рана, не пагутарыўшы са святаром.
Айца Анатоля, дарэчы, характарызуюць выключна са станоўчага боку. Як будаўнікі (“Ён хоча, каб тут усё прыгожа было”), так і мясцовае насельніцтва. Нават самыя скептычныя з іх прызнаюць, што да айца Анатоля ў царкве практычна нічога не рабілася. Асабліва ўдзячныя прыхаджане яму за атапленне, таму што раней у халодныя месяцы года службу магло наведваць да дзясятка чалавек, і тыя ў некалькіх куртках.
Пакуль пагутарыла з мясцовымі, бацюшку перахапілі іншыя наведвальнікі. З аблвыканкама прыехала камісія, якая, мяркуючы па ўрыўках дыялогу, не надта задаволена ходам рамонту. Правёўшы гасцей, святар тлумачыць: “Мы, аказваецца, усё няправільна робім. Напэўна, было б правільней, каб царква і далей разбуралася”. Разумею сапсаваны настрой айца Анатоля, але два нязручныя пытанні яму ўсё ж задаю. Па-першае, за чые сродкі вядзецца рамонт. Аказваецца, ад дзяржавы грошай не паступіла зусім ніякіх, што выклікае сама менш здзіўленне. Як гэта – на армію і ўзбраенне грошы ёсць, а на аднаўленне народнай спадчыны няма?
І, канешне, мяне цікавяць купалы-цыбуліны. Але айцец Анатоль запэўнівае, што ён іх ставіць не намерваецца, толькі невялічкую званічку, якая не сапсуе знешні выгляд пабудовы. Рэшткі цаглянага мура айцец Анатоль таксама абяцае захаваць, гэтак жа як і астатнія старажытныя элементы будынка.
Што да дрэў і безгустоўнай белай агароджы, то распавядаюць, што рабілася гэта яшчэ да прыходу цяперашняга бацюшкі.
Калі ў таварышах згода ёсць
Вістычы я пакінула трошкі разгубленай, таму што набыла шмат новых пытанняў узамен старых. Найбольш засмучала відавочная нескаардынаванасць дзяржаўных і царкоўных органаў у вырашэнні такога важнага дзеяння, як рамонт помніка архітэктуры. Пры гэтым цяжка прыдрацца да кагосьці аднаго. Хіба віна святара, што яму ніхто не дапамог зрабіць праект рэстаўрацыі і не падказаў правільную тэхналогію правядзення работ? І як не пагадзіцца з меркаваннем людзей дзяржаўных, што за тыя ж укладзеныя ў рамонт грошы можна зрабіць усё куды больш граматна? Але падыход раздзялення ўлад у такім пытанні не павінен мець месца, ён абсалютна несістэмны і бесперспектыўны. А ў запушчаных выпадках яшчэ і злачынны.
Аднак вельмі радуе, што ў выніку паднятага шуму сітуацыя стабілізавалася. З аднаго боку, ёсць рашэнне Брэсцкага райвыканкама аб спыненні рамонтных работ і пакаранні вінаватых, але тут жа галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў запэўнівае, што будзе зроблены праект рэстаўрацыі і спецыялісты будуць надалей адсочваць ход работ.
Яшчэ больш кропак судатыкнення знайшлі царква і грамадская супольнасць. Вістычы наведаў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, які зазначыў, што для панікі няма падстаў: “Мы знайшлі з айцом Анатолем супольную мову. Дай бог, каб усе праваслаўныя бацюшкі так ашчадна ставіліся да каталіцкай спадчыны. Вы б бачылі, якую дахоўку (чарапіцу.– Аўт.) ён закупіў. Мы зрабілі рэкамендацыі па саставах тынкоўкі для сцен, будзем дапамагаць ва ўзнаўленні сігнатуры на даху, прывезлі для гэтага неабходныя фотаздымкі”. Паведаміў Астаповіч і пра тое, што Міністэрства культуры замацавала за рэстаўрацыяй навуковага кіраўніка.
Так што ёсць рэальны шанец, што царква Узвіжання Крыжа неўзабаве паўстане перад намі ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці. Гэта, дарэчы, святыня не толькі для праваслаўных і каталікоў, але і для ўніятаў. Усё таму, што ў ёй, па звестках краязнаўцаў, захоўваюцца ўнікальныя ўніяцкія іконы. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
0 комментариев
Цапков Валерий
20.08.2013 в 19:40лев
20.08.2013 в 19:40навошта уладзе храмы.ёй трэба линию сталина упрыгожваць