Выстава “Беларусь у аб’ектыве” знаходзіцца ў самым сэрцы Варшавы, каля Замкавага пляца. Там яе змогуць пабачыць не толькі варшавяне, але і вялізная колькасць турыстаў, што наведаюць польскую сталіцу, і замежнікі, якія, як правіла, мала ведаюць пра жыццё нашай краіны.
На выставе прадстаўлены працы беларускіх фотарэпарцёраў, супрацоўнічаючых з беларускімі незалежнымі медыямі і замежнымі СМІ. Гэта Аляксандр Васюковіч, Дзмітры Брушко, Сяргей Васільеў, Юлія Дарашкевіч, Сяргей Гапон, Сяргей Гудзілін. Юлія Дарашкевіч, адкрываючы выставу, адзначыла, што ёй хацелася б, каб на месцы прадстаўленых здымкаў былі іншыя, але, на жаль, менавіта гэтыя распавядаюць пра падзеі, якія ўжо год утрымліваюць Беларусь у цэнтры ўвагі. “Фатографы ў Беларусі ўжо прызвычаіліся да кепскіх навінаў, і часам здаецца, што горш ужо не будзе, але кожны год з’яўляюцца нагоды для падобных здымкаў”, – сказала Дарашкевіч.
Кіраўнічка Інфармацыйнага Бюро Салідарнасці з Беларуссю – арганізатара выставы – Юлія Слуцкая заўважыла, што “заўжды цікава, якім чынам гэтыя фотаздымкі, сюжэты якіх настолькі звыклыя для беларусаў, успрымаюцца замежнікамі — людзьмі, якія жывуць у іншай рэальнасці і не ўяўляюць ні таго, што адбываецца ў Беларусі, ні таго, у якіх умовах даводзіцца працаваць беларускім журналістам”.
Выстава “Беларусь у аб’ектыве” стала магчымай дзякуючы падтрымцы Амбасады Канады ў Польшчы. Дарэчы, на ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнай місіі гэтай краіны Джэнэт Стоўэл, а таксама амбасадар Дэніэль Кастэлло, які адзначыў, што Канада адмоўна ацэньвае цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. “Мы ахвотна супрацоўнічаем з урадамі тых краінаў, з якімі мы маем падобныя погляды на свет, — напрыклад, з краінамі ЕС. Нягледзячы на тое, што Беларусь і Канада – геаграфічна далёкія краіны, яны блізкія тут, у Варшаве, — дадаў Кастэлло. — Урад Канады будзе і надалей выкарыстоўваць кожную мажлівасць, каб адчыніць дзверы ў Беларусь”.
Выставу фотаздымкаў у Варшаве можна будзе пабачыць цягам некалькіх тыдняў на Кракаўскім Прадмесці, 64 (перад Домам Палоніі).
Ответить