Выпускніца настаўніцкіх курсаў Вольга Георгіеўна Міронава па камсамольскай пуцёўцы прыехала ў Заходнюю Беларусь пасля вызвалення ад панскай Польшчы. Муж яе быў ваенны, служыў на тэрыторыіі Расіі. Вёска Моталь стала для яе роднай. Ёй спадабалася тут усё: прырода, людзі, іх звычаі. Хутка прыступіла да абавязкаў дырэктара школы. Неўзабаве прыехалі бацькі і сёстры Валя, Ніна і Ліда. Доўгая дарога з далёкага горада Сызрань, што ў Куйбышаўскай вобласці, прытаміла ўсіх, але на душы было радасна. Дзеці і бацькі вучняў паважалі і любілі маладую дырэктарку. Перад самай вайной яе бацькі паехалі дамоў, а сестры засталіся.
Вайна грымнула нечакана. Для Вольгі Георгіеўны, з першых дзён вайны члена камсамольскага падполля, усе было ясна. Разам з Іванам Міхайлавічам Калільцом, Сцяпанам Сцяпанавічам Мінюком і іншымі актывістамі вырашылі весці ўзброеную барацьбу. Была пастаўлена задача збіраць зброю, зрываць мерапрыемствы ворага.
Нямецкая конніца з’явілася ў вёсцы на чацверты дзень вайны. Быў створаны пастарунак. Камендантам паліцыі прызначылі Мухала. Вораг устанавіў свой парадак, за яго парушэнне пагражала смерць.
Камсамольцы і падпольшчыкі збіраліся на свае сходы ў сялян Ігната Мікалаевіча Кузюры і Афанасія Канстанцінавіча Данілевіча. Па даносу здраднікаў быў расстраляны сакратар камсамольскай арганізацыі Дзедавіцкага сельсавета (зараз ускраіна Моталя) Цярэнцій Ігнатавіч Хоміч. Ворагі знайшлі ў яго пад страхой боепрыпасы, зброю.
Не раз, рызыкуючы жыццём, ішла на адказныя заданні Вольга Георгіеўна. У красавіку1942 г. стаў дзейнічаць у Спораўскіх балотах атрад №14. які пазней, пасля гібелі першага камандзіра Я.Макарэвіча, узначаліў І.М.Калілец, што спачатку быў камісарам. У атрадзе былі створаны баявыя падраздзяленні.
Для наладжвання канспіратыўных сустрэч з партызанамі камсамольцы і падпольшчыкі адкрылі цырульню ў былым яўрэйскім доме. Абслугоўваў кліентаў вопытны падпольшчык Трафім Міхайлавіч Філіновіч. У гэтым жа доме пражывала і Вольга Міронава, ён стаў штабам для падпольшчыкаў. Акрамя Міронавай ролю сувязных выконвалі Павел Якаўлевіч Калілец, Рыгор Мікітавіч Калілец, Сцяпан Сцяпанавіч Мінюк.
Аднойчы здраднік перадаў спіс мясцовых актывістаў нямецкаму афіцэру, а той вырашыў удакладніць яго ў мясцовага свяшчэнніка як вельмі аўтарытэтнага на вёсцы чалавека — Льва Аляксандравіча Раздзялоўскага. Прачытаўшы спіс, Раздзялоўскі заявіў, што ў вёсцы няма ні камсамольцаў, ні камуністаў. Аб Вользе Міронавай ён паведаміў, што яна дырэктар школы.
Пазней, пасля гібелі Міронавай, гэты рызыкоўны і смелы чалавек узяў на выхаванне яе дачушку Людачку. Леў Аляксандравіч пакінуў добры след у памяці матылян. У час набажэнства заклікаў прыхаджан забываць крыўды, не выдаваць адзін аднаго.
Акупацыйная ўлада хацела адкрыць у Моталі школу на нямецкай мове. Слова было за Вольгай Міронавай. З ёй спрабавалі гаварыць камендант, начальнік паліцыі. Ворагі хацелі вучыць дзяцей новай фашысцкай ідэалогіі, па новай праграме. Смелая патрыётка не толькі не згаджалася на гэта, але і вяла агітацыйную работу супраць ворагаў сярод мясцовага насельніцтва.
У чэрвені 1942 года па даносу Вольга Георгіеўна Міронава была арыштавана і кінута ў Пінскую турму разам з дачушкай Людачкай.
Сырыя і халодныя сцены, прабірала да касцей, да сціскання сэрца. У галаве мільгала думка: “Што будзе з дачушкай?” На экзекуцыі выводзілі з дзіцём. У суседняй камеры былі матыляне, якія пазней паведамілі ўсе падрабязнасці. Дырэктар выстаяла, нікога не выдала. Праз некалькі дзён, не дабіўшыся нічога, немцы дазволілі перадаць малую сястры Ніне. Тут Вольга Міронава зразумела, што гэта апошняе спатканне…
18 ліпеня 1942 года яе вывелі на растрэл. Яна адважна кінула ворагам у вочы, што не спалохалася. Заспявала “Інтэрнацыянал”…
Памяць аб першым дырэктары школы в.Моталь жыве. Яе імя носіць вуліца. У музеі школы сабраны матэрыялы пра Вольгу Міронаву.
Лёс яе дачушкі склаўся шчасліва. Добрыя людзі акружылі яе цеплынёй і клопатамі ў Моталі. Пазней жыла ў г. Каратау. Прыязджала ў Моталь, была жаданым госцем у школе. Захаваліся ад яе лісты, якія знайшлі месца ў школьным музеі.
Ніна КСЁНДА,
краязнаўца,былая настаўніца гісторыі, в.Моталь Іванаўскага раёна
Ответить