– Тамара Паўлаўна, як у XXI стагоддзі выглядаюць справы з наведваннем бібліятэкі?
– Безумоўна, чытачоў стала менш. Гэта найперш звязана з агромністай колькасцю камп’ютараў, якія знаходзяцца дома. А гэта доступ у Інтэрнэт, седзячы на канапе. Другі момант – гэта ўсемагчымыя чытальныя электронныя прылады. Чалавек, знаходзячыся ў чарзе, у цягніку, у аўтамабільным корку, дастае іх і чытае.
Але трэба размяжоўваць атрыманне інфармацыі і чытанне. Каб атрымаць інфармацыю, чалавеку не абавязкова ісці ў бібліятэку. Калі ён чытае і яму патрэбна менавіта чытанне, то ён прыдзе ў бібліятэку у любым выпадку.
– Будаўніцтва дома побач з бібліятэкай як-небудзь паўплывала на колькасць чытачоў?
– Паўплывала, таму што, як бачыце, быў перакрыты галоўны ўваход у бібліятэку. Галоўным стаў рабочы ўваход са двароў, які не кожны чытач знаходзіў з-за дома, што яго закрываў. Зараз дом знеслі, і ўваход больш адкрыўся воку. Я вам магу сказаць, што за тры месяцы 2012 года ў нас стала на 200 чытачоў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
– Чытацкі састаў як-небудзь змяніўся?
– Так. Калі раней мы казалі, што большасць чытачоў – гэта навучэнцы, то зараз гаворым ужо пра людзей сталага веку, так званых сіньёраў.
Мы таксама робім агромністую колькасць высілкаў, каб да нас ішлі дзеці. Праблема дзіцячага чытання – гэта, напэўна, сусветная праблема. У нас у краіне няма Інстытута дзіцячага чытання. Няма рэспубліканскай дзіцячай бібліятэкі. Няма такіх структур, якія б займаліся дзіцячым чытаннем з пункту погляду навукі. Але мы стараемся працаваць у гэтым кірунку. Ужо ў канцы красавіка плануем запусціць акцыю “Брэст чытае дзецям”. Запрашаем розных вядомых у горадзе людзей, каб яны пачыталі ўслых сваю любімую дзіцячую кніжку. Такім чынам людзі, якія зрабілі сябе, прадэманструюць дзецям, што атрымалася гэта ў іх у тым ліку дзякуючы чытанню.
– Колькі літаратуры ў год атрымлівае абласная бібліятэка?
– Недзе 12–18 тысяч асобнікаў, улічваючы перыядычныя выданні. Сюды ўваходзіць так званая сацыяльная літаратура, якую мы абавязкова выкупляем. Гэта кнігі нашых беларускіх выдавецтваў.
– Адкуль у бібліятэк грошы на новыя фонды?
– Дзяржава штогод выдзяляе грошы на ўтрыманне бібліятэк, паколькі гэта абсалютна бюджэтныя арганізацыі. Яны маюць мажлівасць самі зарабляць грошы платнымі паслугамі, але гэта вельмі невялікія сродкі – у нас гэта недзе 3% ад бюджэта. Існуе даручэнне кіраўніка дзяржавы, згодна з якім бібліятэка павінна траціць на абнаўлене фондаў не менш за 15% ад выдзеленых грошай, выкананне чаго вельмі дакладна кантралюецца рознымі структурамі. Так што фонды бібліятэк вельмі нядрэнна ўкамплектаваныя.
– Тамара Паўлаўна, а ў чытальныя залы людзі яшчэ ідуць?
– Безумоўна, чытач прысутнічае там менш, чым раней. У многім з-за таго, што мы за невялікія грошы дазволілі фатаграфаванне. Можна таксама пакарыстацца сканарам і нават узяць на суткі кнігу на дом. Мы ідзем на гэта, хоць у чытальнай зале знаходзяцца, як правіла, адзінкавыя асобнікі, і ёсць рызыка, што ў гэты ж дзень за падручнікам прыдзе нехта яшчэ. Вельмі жорстка зараз графікі жыццёвыя ў кожнага распісаны, і ніхто не можа дазволіць сабе па некалькі гадзін сядзець у чытальнай зале. Таму ў планах рэканструкцыі, якая са скрыпам, але яшчэ жыве, структура чытальнай залы будзе выглядаць зусім па-іншаму.
– Рэканструкцыя мае на ўвазе дабудоўлю цяперашняга будынка?
– Так, прычым па памерах амаль такога ж, як гэты. Справа ў тым, што існуе санітарны нарматыў пад размяшчэнне пэўнага фонда. Гэты будынак і санітарна, і тэхналагічна разлічаны на 500 тысяч тамоў захавання. На сённяшні момант у нас 870 тысяч.
Калі мы пойдзем па шляху алічбавання фондаў, то, канешне, плошчы спатрэбіцца менш. І тады яе можна будзе задзейнічаць пад нешта іншае. Напрыклад, пад выставачную залу, куды б прыходзілі маладыя мастакі і ні капейкі не плацілі б за арэнду. Ці пад памяшканні для моўных курсаў – тут жа ўся літаратура пад рукой. Пад камерную залу для невялікіх прэзентацый і вялікую залу, куды можна змясціць 100-200 чалавек. І гэта ёсць правільна, калі робіш усё гэта ў бібліятэцы. Таму што бібліятэка найперш – месца для зносін.
– Вы згадалі пра алічбаванне фондаў. Што алічбоўваецца ў першую чаргу?
– Ну, напэўна, усё ж краязнаўчая літаратура. Наогул, усе бібліятэкі маюць аднолькавае ядро. Таму што мы ж камплектуемся ў адных выдавецтваў. А вось цікавасць мы прадстаўляем краязнаўчымі фондамі. У абласной бібліятэцы самы поўны пералік літаратуры пра Брэст і выдадзенай у Брэсце. Возьмем знакамітую кнігу Дануты Вашчукоўны-Камянецкай “Брэст – горад незабыўны”. Яна ўяўляе сабой вялікую цікавасць для чытача, а набыць яе ўжо немагчыма. Вось вам і прыярытэт. Менавіта такія кнігі павінны алічбоўвацца ў першую чаргу. Алічбавалі мы кнігу “Памяць” па Брэсцкай вобласці, якую неўзабаве выкладзем на асобным краязнаўчым сайце “Памяць Берасцейшчыны”.
Акрамя таго, варта алічбоўваць перыядычныя выданні, каб вызваліць бібліятэчную плошчу. У нас жа захоўваецца ўсё з моманту атрымання. Напрыклад, газету “Заря” мы пачалі атрымліваць у 1946-м годзе, уявіце, колькі месца яна займае ў кнігасховішчы!
– Ну і напрыканцы раскажыце, чаму ў бібліятэку не ідуць працаваць мужчыны? Непрэстыжна?
– Думаю, не ў тым справа. У нас працуюць мужчыны, але іх сапраўды вельмі мала. Тут варыянт зарплаты. Мужчына павінен забяспечваць сям’ю, а на зарплату бібліятэкара гэта зрабіць вельмі цяжка.
Ад сябе дадам, што нават пры невялікай зарплаце і не вельмі добрых умовах працы кадравага голаду ў абласной бібліятэцы няма. Сама Тамара Данілюк кажа, што гэта як шлюб – не па разліку, а па каханні.
Гутарыла Іна ХОМІЧ
0 комментариев
Anonymous User
29.04.2012 в 00:19Nadeshda
29.04.2012 в 00:19Очень хотелось бы, чтобы у библиотеки поскорее было новое здание. Старая серая коробка выглядит запущено и навевает грусть….