Акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, доктар фізіка-матэматычных навук Віктар Сіўчык агучыў галоўныя ідэі “Белай кнігі” — электроннага зборніка публікацый пра атамныя праекты ў Беларусі, Літве і Калінінградскай вобласці РФ, навуковым рэдактарам якога ён з’яўляецца.
Асноўная ўвага была нададзена Астравецкаму праекту. Аказваецца, электраэнергія з новай АЭС будзе даражэйшая нават за тую, якую мы цяпер купляем за мяжой. Кошт яе гарантавана ўзрасце яшчэ больш за названыя велічыні, таму што практыка паказала — усе расійскія АЭС (а ў Астраўцы будзе будаваць сваю мадэль “Росатам”) пры будоўлі даражэюць, у сярэднім, у два разы. Спадар Сіўчык, услед за расійскім навукоўцам Андрэем Ажароўскім, агучыў версію: “Росатам” выступіў як інструмент, каб загнаць Беларусь у крэдытную пастку (не менш за 30 мільярдаў долараў трэба будзе аддаць цягам 20-ці гадоў), дабіцца эканамічнага калапсу і забраць у склад Расіі.
Эколаг Яўген Урэцкі нагадаў, як з-за валявых рашэнняў, што прымаліся некампетэнтнымі людзьмі, не мог не адбыцца Чарнобыль, а пра яго наступствы (рост хваробаў з-за спажывання “бруднай” ежы, “гульні” з парогамі забруджвання, экалагічная непісьменнасць) зараз не вядзецца гаворкі. Красамоўны прыклад: у Беларусі цягам дзесяці гадоў пасля Чарнобыля было права праз суд дабіцца адшкадавання. Нас угаварылі, мы не звярнуліся. А Канада(!) звярнулася і атрымала ад МАГАТЭ 6 мільярдаў долараў кампенсацыі за страты. Што да новай АЭС, дык паводле словаў Урэцкага, “гэта расійскі праект ўзору 60-х гадоў паміж 3-й і 4-й ступенню тэхналагічнага развіцця, у той час як у свеце падступаюцца да 6-га”.
Доктар тэхнічных навук Марат Краўцоў даводзіў: “АЭС ствараюць палі з малымі дозамі радыяцыі ў абсягу 120 кіламетраў. Гэта нават не бярэцца ў разлік. Маўляў, малыя дозы радыяцыі гэта тое самае, што пазагараць летам. Шмат у чым вінаватыя мы самі, таму што абыякава ставімся да свайго здароўя. Прыкладам, і зараз бяздумна ідзем на флюараграфію, ад якой адмовіліся амаль усюды за мяжой, бо яна як сродак выяўлення туберкулёзу неэфектыўная і нават, паводле выкладак украінскіх навукоўцаў, шкодная”.
Вельмі займала прысутных на “круглым стале” тэма утылізацыі прадуктаў працы АЭС. “Куды падзець адходы? – пытаўся спадар Урэцкі. – Кожная такая станцыя (у эквіваленце 1 тысяча Хірасім) — гэта каля 250 кг плутонію, 500–600 цыліндраў высокапрамяністых адходаў. Ці захоча Расія іх браць, калі нават у часы СССР, пасля Чарнобыля(!!!) хацелі адпрацаваныя рэактары з атамных падлодак хаваць у мінскіх Соснах?” Акадэмік Сі ўчык адказаў: “Захоча, бо ёсць дамова аб часовым вывазе адходаў у Расію. Пасля выемкі адтуль ваеннай кампаненты яны будуць вернутыя ў Беларусь”. Дарэчы, была выказана і такая думка: кожная краіна, якая мае атамную станцыю, у прынцыпе, можа мець атамную зброю.
Удзельнікі “круглага стала” падпісалі зварот да кіраўніцтва Беларусі спыніць атамныя эксперыменты (“гэта не просьба, а настойлівае патрабаванне часу”). Бо пасля запуску адразу спыніць АЭС ніяк немагчыма: патрэбныя некалькі гадоў ахаладжальнага цыклу. Нават калі спахопімся — лічыльнік усё роўна будзе мінусаваць народныя грошы, казалі навукоўцы. Ёсць і больш аптымістычны сцэнар. Напрыклад, у Нямеччыне пасля патрабаванняў грамадзян спынілі будаўніцтва АЭС, у якую ўжо ўклалі каля мільярда еўра.
Самі нямецкія ўдзельнікі не даехалі на “круглы стол” у Брэст з тэхнічных прычынаў, але дыстанцыйна пацвердзілі: у іх нябедным Фатэрляндзе зачыняць усе АЭС і не будуць будаваць новых. Немцы робяць стаўку на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі — вецер, ваду і сонца. Дзеля прадметнасці перадалі налепкі: сонейка з задавальненнем аглядае надпіс вакол: “ATOMKRAFTWERK? – NEIN, DANKE!“. Такое там любы можа прыклеіць на шыбу аўто. Бо жыве ў сябе дома гаспадаром, а не госцем, і мае права на меркаванне (чытай: на жыццё і здароўе).
Ответить