Хто крайні?
Пенсіянерка Лідзія Міхайлаўна рыхтуецца да дачнага сезону. У працэсе гэтай кампаніі ў магазіне “Зелёная остановка” яна купіла зерне кавуна. Пасеяла, але парасткаў так і не дачакалася.
– Я пайшла ў магазін выказваць прэтэнзіі, аднак мне прапанавалі звяртацца непасрэдна да пастаўляльнікаў прадукцыі, чые кантактныя дадзеныя ўказаныя на пачку з-пад зерня. Але няўжо гэта я, а не прадавец павінна званіць у Мінск, каб гутарыць з вытворцам пра якасць тавару?
На гэтае пытанне дае адказ старшыня рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” Ірына Маркава:
– Пакупнік не павінен шукаць пастаўляльніка няякаснага тавару. Для гэтага ёсць прадавец – пасрэднік паміж вытворцам і пакупніком. Прадавец абавязаны прыняць прэтэнзіі і разабрацца ў сітуацыі.
Так што вы, Лідзія Міхайлаўна, маеце рацыю, крытыкуючы пазіцыю магазіна.
Даражэй за здароўе толькі лячэнне
Наступную нашу чытачку Людмілу Аляксандраўну хвалюе грамадскае здароўе.
– Мне цікава, хто ставіць цэны на лякарствы. Гэтыя людзі што, самі не хварэюць ніколі? Чаму цэны пастаянна павышаюцца ледзь не ўдвая кожны раз? Раней усё тлумачылі павышэннем курса долара, а цяпер у чым прычына?
Нягледзячы на малады голас, Людміла Аляксандраўна мае 80 год і, на жаль, нямала хвароб. Таму зацікаўленасць жанчыны ў коштах на лекі цалкам вытлумачальная.
Патлумачыла сітуацыю бухгалтар сектара цэнаўтварэння РУП “Фармацыя” Наталля Несцяровіч. Усе аптэкі ў галіне коштаў на прадукцыю падпарадкоўваюцца Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №366 ад 11 жніўня 2005 года. Згодна з гэтым дакументам, гандлёвыя надбаўкі на лекі не могуць быць вышэйшыя за 30%.
Аднак аптэкі не заўсёды ставяць такі працэнт. На айчынныя лекі, напрыклад, працэнт заробку аптэкі ад рэалізацыі меншы. На замежную прадукцыю 30% ставяць тады, калі яе кошт меншы за суму, эквівалентную 5$. Калі сума большая, гандлёвая надбаўка зніжаецца да 17%. Такім чынам, чым даражэйшае лякарства, тым меншая на яго надбаўка.
Аднак факт росту цэн сектар цэнаўтварэння “Фармацыі” таксама прызнае:
– Раней імпартныя лекі даражэлі за кошт хістання курса долара. Зараз курс стабілізаваўся, таму ўжо некалькі месяцаў мы атрымліваем тавар па адным кошце ці нават на 1000-2000 рублёў танней. Істотная розніца імпарту ў коштах узнікае толькі тады, калі наймення даўно не было ў продажы. Пакупнікі памятаюць кошт па старым курсе, таму абураюцца новым. Што да айчынных вытворцаў, то яны, наадварот, апошнім часам сталі павышаць цэны. Відаць, у іх закончыліся запасы сыравіны, і яны – зноў жа па новым курсе – закупляюць яе за мяжой. Аднак тут ужо пытанне не да рэалізатараў, а да вытворцаў.
Бясплатныя “маршруткі”?
Ала Мікалаеўна ўпэўнена, што інвалідам І і ІІ групы можна бескаштоўна ездзіць не толькі ў гарадскіх аўтобусах і тралейбусах, але і так званых “маршрутках”. У якасці аргумента Ала Мікалаеўна паказвае Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №239-3 “Пра дзяржаўныя ільготы, правы і гарантыі для асобных катэгорый грамадзян”, які прадугледжвае бясплатны праезд у тым ліку і інвалідам І-ІІ групы “ва ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі)”.
– “Маршруткі” – гэта ж не таксі. Атрымліваецца, яны не трапляюць пад выключэнне, і нам можна ездзіць бясплатна. Чаму ж тады ўласнікі гэтага віду транспарту не падпарадкоўваюцца закону і патрабуюць ад нас платы? – пытае Ала Мікалаеўна.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама не змаглі дакладна сказаць, чаму “маршруткі” не падпадаюць пад дзеянне закона, і перанакіравалі дзяжурнага рэпарцёра ў транспартны аддзел гарвыканкама да Ірыны Палхоўскай. Ірына Эдуардаўна патлумачыла, што Закон №239-3 распаўсюджваецца толькі на транспарт агульнага карыстання, якім не з’яўляюцца “маршруткі”:
– Дзяржаўныя перавозчыкі атрымліваюць датацыі на правоз людзей, якія карыстаюцца льготамі. Прыватныя перавозчыкі такіх датацый не атрымліваюць, – тлумачыць спецыяліст.
Ала Мікалаеўна расказвае, што некаторыя вадзіцелі “маршрутак” усё ж часам возяць яе бясплатна. Аднак, відаць, гэта проста праяўленне іх добрай волі, і патрабаваць гэтага ад усіх не зусім правільна.
Ответить