Першы з двух запланаваных на гэты год канцэртаў адбыўся 25 красавіка. З заяўленых трох гуртоў прысутнічалі толькі два, але гледачы гэта лёгка сабе вытлумачылі пачаткам вясенніх работ. Гледачоў, дарэчы, было няшмат, і гэта сумна, улічваючы, што ўваход на мерапрыемства быў бясплатны. Затое ў невялікай зале прысутнічалі розныя пакаленні ад студэнтаў да людзей глыбокага пенсійнага веку.
Такая ж узроставая неаднароднасць мела месца і на сцэне. Калі “Дараносіца” (Жабінскаўскі раён) – гэта яшчэ школьнікі, то склад “Ладаражаначкі” з Пінскага раёна куды больш дарослы. Таму манера выканання, ды і сам рэпертуар калектываў значна адрозніваліся, што пайшло канцэрту ў несумненны плюс. У абодвух выпадках артыстам удалося паказаць прыгажосць палескага дыялекту і народнай песні. Мяне, напрыклад, зачаравалі дзяўчаткі з “Дараносіцы”, якія так заўзята павізгвалі, што ўзнялі настрой на тыдзень упярод.
У якасці бэкграўнду заўважу, што праграма сёлетніх канцэртаў мелася быць зусім іншай. Па задумцы арганізатараў яна павінна была складацца з двух аддзяленняў. У першым мусілі выступаць калектывы вобласці, а ў другім замежныя калектывы з прэзентацыяй фальклору сваіх краін. Гледачы такім чынам мелі б магчымасць параўнаць розныя культуры, а самі артысты атрымалі б пляцоўку для абмену вопытам у галіне захавання традыцый.
Ужо на першы канцэрт аддзел традыцыйнай культуры запрасіў гурты з Бранска і Рыгі, але, на жаль, яны да Брэста так і не даехалі. Прычым мастацкі кіраўнік гурта “Ільінская пятніца” (Латвія) Сяргей Алёнкін у нашай з ім перапісцы прызнаваўся, што вельмі зацікаўлены ва ўдзеле ў “Руху зямлі”. Казаў, што найбольш яго вабіць нават не столькі канцэрт, колькі магчымасць мець зносіны з носьбітамі традыцыйнай культуры Палесся.
Не даехала “Ільінская пятніца” па досыць банальнай прычыне – у калектыва на праезд не было грошай. “Пятніца” нават удзельнічала ў розыгрышы грантаў, каб гэтыя грошы знайсці, але патрэбнай колькасці галасоў у галасаванні для гэтага не набрала. У смеце ж выдаткаў на канцэрт ГКЦ не прадугледжваў аплату праезду замежных калектываў.
Так і атрымалася, што на красавіцкім канцэрце выступалі ўсе свае. Натхняе, што арганізатары не трацяць надзеі рэалізаваць запланаваны раней фармат восенню. Пажывем – пабачым.
Ответить