Маёй маўклівай Радзіме
Нам пад
снегам стаяць…
Не чакайце вясны,
Тут не будзе яе.
Можа, дзе-каму ў сны
Сакавік зазірне,
А на вулках вясны
Не шукайце, о не…
Нам пад снегам стаяць
Ля астрожных муроў.
Будзе кат баляваць,
Смакаваць нашу кроў.
Тут не месца вясне,
Не гукайма яе.
Мы знямелі, каб жыць,
Разумеем — дарма.
І ўжо так нам баліць,
Што цярпення няма.
Ды не будзе вясны,
Не чакайце яе.
І не плачце аб ёй,
А маліце, каб Бог
З неба ласкай сваёй
Нам усім дапамог.
А без Бога вясны
Не дазвацца нам, не…
***
Бягу, азіраюся: “Дзе мой народ?”
“Народ, адзавіся!” — ў натоўпе гукаю.
Таўкуць мяне ў спіну: “Праходзьце ўпярод…”
О як ім я, пэўна, усім замінаю!
Бяруць за бакі ўжо: “Чаво лямантуеш?
Хто сам і адкуль тут з’явіўся вабшчэ?”
“Народ свой гукаю, ды нешта не чуе —
Аглух, ці занадта далёкі яшчэ…”
“У дурку яго” — чую голас асіплы.
“Яволь!” — і ўжо цягнуць мяне за каўнер
Мо дзесяць, мо дваццаць, мо трыццаць асілкаў,
І кожны без твару — такая пачвара! —
Не бачыў? То й добра, на слова павер.
Але ж дзе народ мой?..
***
Развялося халуёў —
Дзе на ўсіх паноў набрацца?
Пад абы-каго гатоў
Той і гэты прагінацца.
І не засціць сорам вочы —
Богам змог рубель ім стаць.
За яго халуй ахвочы
Бацьку роднага прадаць.
Госпад мой, няўжо і дзеткі
Халуёў пяроймуць лёс?
Ці ж на тое нам, як кветкі,
З неба бусел іх прынёс…
***
А як наваляцца, ды звяжуць,
Каб нават войкнуць я не змог,
Дык мае вочы вам пакажуць —
У неба йдземы, там наш Бог!
І той, хто ўладны тут над целам,
Душу не возьме ў кайданы
Ні жывасілам звар’яцелым,
Ні словам, брудным ад маны…
КАЛІ ЦЯМІШ…
Не пачуеш Божых слоў,
На свой лад змайструеш човен —
Бо ты цяміш, ты — вучоны,
Акадэміі прайшоў.
А хіба ж нам човен трэба,
Каб не заглынуў нас свет?
Адкрывае дзверы ў неба
Людзям Божы Запавет.
Кнігазборы ўсяго свету,
Як на шалях ўзважыш іх,
Ўсе лягчэйшыя за гэты
Збор Гасподніх слоў святых.
Толькі ты яго чамусьці
Усё адсоўваеш у бок…
Калі цяміш, ведаць мусіш,
Што табе гаворыць Бог!
ЖЫВІ, НАША МОВА!
Як згубім мову — згінем самі!
Бы жабракі, памкнемся ў свет ,
Каб у чужых шукаць прыстанне
І школіць іхні альфабэт.
І на зямлі сваёй не будзем
Гаспадарамі ўласных ніў,
Калі адвечнае забудзем,
Чым нас сам Госпад надзяліў.
ЯК ЗАПЯЕШ…
Маёй маўклівай Радзіме
Калі пачну адлічваць вёсны
Там, скуль няма дарог назад,
Як запяеш, твой спеў узнёслы
Пачую й там… І буду рад,
Што на зямлі маёй прадвесне
Пасля дыктатаркі-зімы
І Беларусь вось-вось уваскрэсне.
А з ёй і мы! А з ёй і мы!
Ответить