Партызанская сям’я
Пачалася вялікая пошукавая праца, якая дала нечаканыя вынікі. Мы адшукалі мужную жанчыну Ірыну Міховіч, маці 11 дзяцей. Пяцёра з іх памерлі ад хвароб, трое загінулі на вайне. Жанчына не ведала, што здарылася з яе сынамі Сцяпанам, Пятром, Фёдарам і Іванам. Гісторыя гэтай сям’і глыбока кранула сэрца.
Муж Ірыны Андрэеўны Максім Аляксандравіч падчас вайны дапамагаў партызанам. Па гэтай прычыне быў схоплены ў 1943 годзе і памёр пасля жорсткіх катаванняў. Уся сям’я, акрамя замужняй дачкі Таццяны і сына Івана, пайшла ў партызаны.
Іван у 1937 годзе служыў у войску пры буржуазнай Польшчы. Калі Германія напала на Польшчу, то ўсіх беларусаў немцы адправілі ў канцлагер. Вярнуўся Іван пасля вайны цяжка хворым і да апошняга года жыцця (1985) стаяў на ўліку ў гематалагічным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы.
Малодшы сын Міховічаў Фёдар у 1943 годзе быў схоплены фашыстамі як сын партызан і адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення ваяваў у Чырвонай Арміі. Загінуў у Германіі. Афіцыйных звестак пра гэта ў маці не было.
Ганна Міховіч пасля арышту бацькі разам з маці пайшла ў сямейны лагер у Спораўскіх балотах. Не толькі выконвала гаспадарчыя работы, але і ўдзельнічала ў баявых аперацыях. Пасля вайны выйшла замуж і працавала ў калгасе.
Таццяна Міховіч (па мужу Хала) у час вайны жыла ў вёсцы. Яе муж пасля прызыву ў войска вызваляў Польшчу, Германію. Маці усіх гэтых дзяцей
Ірына Міховіч памерла ва ўзросце 90 гадоў у 1986.
Сыны-героі
Сцяпан і Пётр Міховічы раслі працавітымі хлопцамі, адзін без аднаго не маглі абысціся, нягледзячы на 5 год розніцы. З пачаткам вайны актыўна ўключыліся ў барацьбу. Старэйшы Сцяпан (яму ў 1941 было 20) працаваў прадаўцом у краме, і праз яго партызаны атрымлівалі соль, цукар, запалкі.
Заставацца пасля арышту бацькі ў вёсцы было небяспечна, таму хлопцы накіраваліся ў атрад Макарэвіча. У 1943-1944 гг. Сцяпан і Пётр удзельнічалі ва ўсіх адказных заданнях і аперацыях атрада.
Пасля вызвалення Беларусі мужчын прызвалі ў армію для далейшых ваенных аперацый у краінах Прыбалтыкі і Еўропы. Пачалі фарміраваць дыверсійныя групы, якія дэсантавалі ў Польшчу, Чэхаславакію і іншыя краіны. Камандзірам адной з такіх груп стаў Аляксандр Грынеўскі, ураджэнец Віцебскай вобласці. У ноч з 15 на 16 жніўня 1944 года групу Грынеўскага, у якой налічвалася 12 чалавек, пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі закінулі на тэрыторыю Паўночнамараўскага краю Чахаславакіі. У складзе групы былі і браты Міховічы.
Мараўка
Група Грынеўскага ўстанавіла сувязь з астатнімі разрозненнымі групамі і мясцовымі партызанамі. Цяжкасцей хапала: гарыстая мясцовасць, няведанне мовы, хутка селі батарэйкі ў рацыі. Дапамагала мясцовае насельніцтва, прыходзіла дапамога і з “цэнтра” ў выглядзе боепрыпасаў, прадуктаў ды адзення.
Ноччу 4 снежня 1944 года з “цэнтра” трэба было сустрэць чарговы груз. Перад гэтым група вырашыла падсілкавацца на хутары ў Каланічных-Зайчарка. Пры гэтым дапусціла грубую памылку – не выставіла варту. Мікалай Кузьмін, Васіль Дунаеўскі, Юрый Анціпаў, Васіль Ламавы, Сцяпан Субоцін засталіся сядзець за сталом, а Сцяпан Міховіч вырашыў выйсці на вуліцу. Не паспеў ён прыадчыніць дзверы, як раздалася аўтаматная чарга. Усе пападалі на падлогу. З вуліцы чуліся галасы нямецкіх салдат, якія прапаноўвалі здацца.
Адно акно выходзіла на захад, другое – на поўнач, у бок хутара Мараўка. Там знаходзілася група партызан з камандзірам Грынеўскім. Спачатку было вырашана не страляць, каб прыкрыць Мікалая Кузьміна, які з грузам за плячыма папоўз на кухню, каб выскачыць у акно. Усе думалі, што камандзір прыдзе на дапамогу.
Гаспадары выпаўзлі на вуліцу, і ад іх немцы даведаліся, што партызаны жывыя і ўзброеныя. Зноў узнялася страляніна, і трое партызан – Кузьмін, Дунаеўскі і Анціпаў – паспелі выскачыць праз акно. Субоцін з Ламавым перабраліся на гарышча. Ад разбітай падчас страляніны лямпы загарэўся дом, хлеў і іншыя пабудовы. Варожыя кулі павалілі Субоціна і Ламавога, калі тыя спрабавалі выскачыць з дому. Згарэў паранены Сцяпан Міховіч. На месцы папялішча зараз стаіць помнік.
Апошні бой
Аб апошнім баі, што адбыўся пры акружэнні партызанскага лагера на гары Малы Траўны, расказалі камандзір Аляксандр Грынеўскі, аўтар кнігі “Партызанская Мараўка” Эміль Ваўроўскі і сведкі тых падзей.
Пасля інцыдэнту на Мараўцы павялічылася колькасць нямецкіх салдат. У ноч з 8 на 9 снежня партызаны ўзмацнілі варту, якая мянялася праз кожныя 2 гадзіны, замініравалі подступы да лагера. Аднак ледзь пачало світаць, ворагі абступілі лагер. Усе сцежкі-дарожкі ведаў Ладзя Ліберда, які і прывёў ворагаў.
Бой быў гарачым. На любыя стрэлы партызан фашысты адказвалі аўтаматнымі чэргамі. Маладыя елачкі былі скошаныя, як трава. Ворагі падыходзілі бліжэй, стрэлы станавіліся больш частымі, але партызаны пазіцыю не здавалі. Іх задачай было ўзняцца на гару Малы Траўны. Праз паўтары гадзіны яны ўжо былі ў бяспецы. Падлічылі страты і знялі шапкі. Сярод іншых у баі загінуў і Пётр Міховіч, які хацеў адпомсціць за брата.
Як расказвалі мясцовыя жыхары, пасля бою немцы сабралі ўсіх загінуўшых і спалілі ў спецыяльных печах. Партызаны перакінуліся на гару Казубава.
Ніхто не забыты
У пошукавай рабоце мотальскай школе №1 вялікую дапамогу аказаў масквіч Юрый Барскі. Працуючы ў Чэхаславакіі, ён пераслаў архіўныя дадзеныя ў школу, раённы ваенкамат, іншыя інстанцыі. Гэта дзякуючы яму мы з Ганнай Міховіч пабывалі на месцы гібелі яе братоў. Сабраны багаты матэрыял пра 70 ветэранаў вайны. Атрымалі даведку з партархіва г. Мінска, шмат інфармацыі ад Івана Калільца і Васіля Цвяткова (жыхара Адэсы) – камандзіраў партызанскіх атрадаў №14 і №25.
З Кіргізіі прыйшлі лісты ад Мікалая Кузьміна, які застаўся жывым пасля вызвалення Чэхаславакіі. Дапамаглі нам і нашыя землякі з Моталя, якія ваявалі разам з братамі Міховічамі на Берасцейшчыне.
Асабліва вялікі ўнёсак у пошукі зрабіў Аляксандр Грынеўскі, якога я наведала ў Віцебскай вобласці ў сярэдзіне 80-х.
У цэнтры в.Мараўка ў Паўночнамараўскім краі стаіць помнік загінуўшым партызанам, у тым ліку Сцяпану і Пятру Міховічам. Людзі гэтых мясцін помняць пра іх. Варта помніць пра іх і нам.
Ніна КСЁНДЗА, гісторык-краязнаўца
0 комментариев
Anonymous User
16.07.2012 в 10:31