Купрэеў Мікола Сямёнавіч (25.05.1937 – 19.09.2004) – беларускі пісьменнік, паэт.
Cкончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу, а затым факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962).
Працаваў у школах Івацэвіцкага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму».
Першая кніга паэзіі «Непазбежнасць» выйшла ў 1967 г. Характэрнымі рысамі паэзіі М. Купрэева з’яўляюцца філасофская глыбіня, спалучэнне метафарычнасці з рэальнасцю, асацыятыўны падтэкст і ў той жа час прастата выказвання. Другі зборнік вершаў аўтар выдаў амаль праз 30 гадоў («Правінцыйныя фантазіі», 1995).
Пісаў таксама і прозу. Падчас жыцця ў Пружанах напісаў аповесці «Дзіцячыя гульні пасля вайны», «Імгненне светлае», «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», «Палеская элегія», «Рэчкаю плывём, плывём…», «Пастух у космасе», «Лісты з млына».
Непазбежнасць навізны
Здаецца, Мікола Купрэеў ніколі не даваў адназначных ацэнак ні чужым, ні тым болей сваім вершам, прынамсі, не выказваў іх наўпрост, як і стаўлення да крытычных артыкулаў і рэцэнзій. У коле сяброў і падчас літаратурных сустрэч чытаў самае блізкае сваёй душы. Маладым раіў чытаць таго ці іншага аўтара, а то і дарыў іхнія творы ў зборніках і часопісах: мне, напрыклад, — вершы Ф.Віёна, Ж.Прэвера, М.Рубцова. У прадмове да “Чарнавікоў” Міколы Папекі ён зноў жа абышоўся без ацэнак, схаваўся за фразамі пра пчолаў і параныя буракі, якія нібыта любіць аўтар. Штрыхі да паэзіі давялося ўносіць мне як рэдактару.
Што пра самога Купрэева пісала крытыка раней, мне не падабалася. Чаго варты загаловак — “Сваё праз чужое”! З кім толькі не параўноўвалі Купрэева. Скажам, з У.Уітменам. Узоры сусветнай лірыкі, у якой заўзяты кніжнік быў добра абазнаны, дапамагалі сцвердзіцца на ўласным адметным шляху. Ён ад самага пачатку імкнуўся да свабоднага — не ў тэрміналагічным значэнні, а ў сэнсе разняволенасці — верша.
1960-я гады наогул характэрныя абнаўленнем нацыянальнай паэзіі. Змагаўся за беларускі верлібр Максім Танк, разбураў аднастайную рытміку і рыфміку Анатоль Вярцінскі, ён жа падтрымаў паэта-наватара Міколу Купрэева, падрыхтаваў да друку яго першую кніжку. Зрэшты, “Непазбежнасць” крытыкавалі не за “вольнасці” ў формабудове верша, не за празмерную элегічнасць ці занадта смелую метафару, але перш за ўсё за “безыдэйнасць” і “абстрактны гуманізм”, які знайшлі і ў шэдэўры “Замест лекцыі пра жыццё:
Паліла сонца — дажджу хацелася,
дажджы наваліліся — сонца хацелася,
быў хлапчуком — пасталець хацелася,
выйшаў за трыццаць — юнацтва схацелася.
Стаў паміраць — жыць захацелася
ў сонцы,
у ліўнях,
у юнацтве,
у сталасці
і — таму што жыў, жыў на зямлі! —
плакаў прад сконам ад гора і радасці.
У выдатных паэтаў, асабліва калі яны дэбютуюць у не зусім маладым узросце, як Мікола Купрэеў, розніца ў мастацкіх вартасцях зборнікаў звычайна невялікая. Ды яны і не дапускаюць, каб наступны быў горшы за папярэдні. Лепей зробяць паўзу, доўгі ці кароткі час не стануць друкавацца, а то і пісаць. Гэта таксама адна з прычын вялікай часавай разбежкі паміж “Непазбежнасцю” (1967) і “Правінцыйнымі фантазіямі” (1995) — поруч з жыццёвай неўладкаванасцю, хранічнай нястачай душэўнай раўнавагі, узаемнай непрыязнасцю ў стасунках з праваднікамі ідэі “светлай будучыні” і “правільнай” маралі.
Яны перада мною на стале, два купрэеўскія зборнікі (першы — у ксеракопіі). З захапленнем і смуткам перачытваю вершы то з аднаго, то з другога. Смутку ў другім пабольшала, у ім няма і намёку на рамантыку, іронія і самаіронія саступілі роспачы і сарказму:
За гарою пытае крывіцкая Друць:
“А хто там ідзе?” Адказаў іудзей: “Беларусы”.
Затое ў ім багата горкай праўды пра жыццё і праўды мастацтва, красы. У такім спалучэнні і самы элегічны, самы трывожны верш пакідае светлы след у душы, як яго пакідаюць увосень “журавы журлівыя”, што адлятаюць. Існае мастацтва ачышчае і ўзвышае праз роздум чалавека над сабою, лёсамі блізкіх людзей, радзімы, і, можа, чым больш журбы-горычы ў ягоным роздуме, тым дабрэйшым, лепшым ён робіцца або хоча стаць у гэты момант:
…і ў радзімы прасі, як у Бога:
“Не трэба мне больш нічога —
дзякуй за поле.
І ў далях далёкіх,
куды адвязуць мяне ціха,
мне цяжка не будзе —
будзе вечна і лёгка
тваё зерне ў зямлі свіціцца…”
“Правінцыйныя фантазіі” — або “Непазбежнасць”? Сабе такога пытання не задаю. Яны ўзаемапранікальныя, блізкія, многія творы першага зборніка вельмі ўдала дапоўнілі б і ўзмацнілі другі. Нездарма я ўгаворваў Міколу спалучыць два зборнікі ў адной кніжцы, тым болей, што першы зрабіўся надзвычайнай рэдкасцю. Хіба што цяпер, дзякуючы памнажальнай тэхніцы ды рупнасці яе ўладальнікаў, скажам, М.Папекі, ён распаўсюджваецца.
Анатоль Дэбіш
У ДАРОЗЕ
Памяці М.Купрэева
Рунее авёс. Трава зелянее.
Неба люструе разліў дзьмухаўца.
Крочыць з торбай Мікола Купрэеў
Шляхам з Берасця да Мухаўца.
А ў торбе той — кавалачак хлеба,
Пляшка гарэлкі ды сала шматок.
Якая ў шлях гэты вядзе патрэба?
— Ды нешта сумна мне стала, браток!
Ні вольнай волі, ні роднай хаты,
Стаміўся ляжаць між крыжоў і дрэў,
Хачу праведаць — як там Філатаў?
Чуў, што нядаўна ён моцна хварэў:
Адолелі старасць яго і знямога,
І стаў, як і я, ён нікчэмным зусім.
Можа патрэбна мая дапамога —
Застольнай бяседай ці словам маім?..
— Прабачце, магчыма, я памыліўся.
Вы — не памерлі?.. Вы — мо не вы,
І сон толькі гэта, які мне прысніўся?..
— Бачыце, крочу — значыць, жывы!
З лістоў Міколы Купрэева Аляксею (Леаніду) Філатаву
24 кастрычніка 1992 г.
…Дзякуй табе, дарагі мой чалавеча, за памяць пра мяне – чуў твае інтэрв’ю ў Дзень настаўніка (па радыё), у якім ты мяне тройчы ўспомніў.
І я яшчэ жывы, Лёня. Як кажуць, жывы курылка!..
Хачу сустрэцца з табой. Тады ўсё расскажу. Двойчы прыязджаў Валодзя Ягоўдзік. Прыязджалі Калеснік з Каско, але мы не сустрэліся, мяне не было.
Прывітанне тваёй Марыі Іванаўне і Ваню – хай гадуюцца здаровыя.
Абдымаю.
Мікола.
Пружанскі р-н, в. Папялёва.
1 сакавіка 1999 г.
…Тут, у Вярховічах, крыху “разгружаюць” мае суставы (у мяне: “расставы”). Лёгкія, кажуць дактары, у норме, амаль здаровыя. Хужэй з усім, што ніжэй пупа.
Літ. навіны у мяне: новая, чацвёртая, аповесць-элегія будзе друкавацца ў “Крыніцы” (недзе ў № 3 ці што); аповесць “На вуліцы Карла Маркса з Паэтам” (сабакам) перакладзена ў “Нёмане” № 11-12 (98 г.); вершы будуць у “ЛіМе”. “Чырвоная змена” – пра мяне – ад 26 студзеня.
Як твае справы – фізічныя, душэўныя, творчыя? Пісні мне (праз Пятра “Сыр з’ясі”).
Прывітаньне Марыі Іванаўне, Івану.
Цалую цябе і абдымаю М.І. (Ці дазволіш наадварот?).
Гадуйся!
Мікола.
Вярховічы.
* * *
У каханні тваім і маім згараю,
попел з сэрца свайго страсаю,
гарыць!
І ідуць гады…
Пагляджу – і дзіўлюся, нямею:
сэрца новае з попелу вырастае,
і я зноў – малады, малады.
І зноў расцвітаюць сады-надзеі,
і зноў на Палессі збіраю табе лілеі
і ў вачах тваіх – век тануць.
Толькі ў неба баюся глядзець:
там аблокі плывуць –
нібы вёсны плывуць.
СЦЕЖКА
Спачатку сцежка мяне вяла.
Сярод хмызнякоў густых праз балота.
Ішлося лёгка,
Таму што сцежка грунтоўна зроблена –
Маім дзедам пракладзена,
Бацькам прытоптана.
Сюдой хадзілі яны
на працу,
на паляванне,
на войны,
у госці.
Ляжаць на сцежцы
іх мазалі,
іх любоў
і нянавісць,
пялёсткі пяшчотнасці іх
і грудкі злосці.
Таму мне ішлося лёгка.
Ды раптам сцежка звярнула ўправа.
А мне трэба – прама.
І я пакланіўся сцежцы бацькоў.
Ідзецца цяжка.
* * *
Не, я не разбіўся ўшчэнт, я не стаміўся –
вось толькі тут
на некалькі зямных арбіт стаіўся,
паміж палёў, лясоў,
наўзбоч ад аўтастрады,
каб падрахаваць спакойна свае страты.
А іх нямала.
Не, я не адыйшоў ад вас, сябры-паплечнікі, –
хачу адзін пабыць пад небам вечным,
каб дабраты і шчырасці набрацца –
і потым зноўку з вамі прывітацца.
А вас – нямала.
Не, я не ўцёк ад вас, мае старыя ворагі –
я толькі начыню тут сэрца сваё порахам,
каб на абрыве зноў мог сутыкнуцца з вамі
і кулакамі, й вершамі, й вачамі!
А вас – нямала.
Пасланнем гэтым пра сябе напамінаю:
плыву тут Ясельдаю – пыл і бруд змываю,
ды мускулы на хвалях правяраю,
кладуся на спіну – і неба на грудзях трымаю.
Мяне – яшчэ нямала.
ЗАКЛЯЦЦЕ
З трыбуны сышлі,
на руках мне разбілі ланцуг,
на нагах – кайданы
і замок знялі з вуснаў.
Сказалі:
“Ідзі з плугам ў поле сваё,
з касой – у свой луг.
Спявай і крычы
што хочаш
на мове сваёй беларускай”.
Зноў на трыбуны ўзышлі.
А самі ж
рукі мае адвучылі араць і касіць,
ногі – шырока і вольна хадзіць гасцінцам,
звязалі свабоду па-свойму думаць і жыць,
і роднае слова казаць,
і маліцца-хрысціцца.
Прашу:
зноў на рукі ланцуг падаць,
вусны замкнуць і ногі скаваць кандаламі,
зацягнуць на Незалежнасці пляц –
пасадзіць там
пад тымі нагамі.
Стану каменны й халодны, як ён.
Будзеце тут святкаваць свае святы –
чорны ў яго не кідайце праклён,
у выраджэнні сваім
я быў сам вінаваты.
* * *
Выйшла з балота
ў вянку з журавінаў чырвоных
і белых туманаў.
Выйшла з лесу
ў вянку з багульніку горкага,
ядлоўцу калючага.
І сама пацягнула сябе за косы
зноў у лес і балота —
беларуская наша свабода.
Ответить