У паэтычных і мовазнаўчых выступленнях да нешматлікай публікі гучала ўкраінская, руская, польская, балгарская мова і польскі дыялект беларускай.
Носьбітам балгарскай мовы стаў палітолаг, выкладчык Варнаўскага ўніверсітэта Георгій Калараў. Па яго словах, у Балгарыі Дзень славянскага пісьменства – нацыянальнае свята і выходны дзень. “Асабліва гэта тычыцца навучальных устаноў. Школьнікі праводзяць урачыстыя маніфестацыі, на вялікіх вітрынах вывешваюцца здымкі выдатнікаў, каб бацькі імі маглі ганарыцца. У ВНУ таксама святкуюць, праводзяць тэматычныя канферэнцыі. Плюс да ўсяго гэта царкоўнае свята”.
Зацягнуў сваё выступленне, але зацікавіў публіку перакладам на родную мову “Новага запавету” Фёдар Клімчук. Былы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР, а цяпер старшыня Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства “Загароддзе”, працягвае працаваць на лінгвістычнай ніве. Навуковец жыве ў Мінску, але зрэдку наязджае на родную Берасцейшчыну.
А вось беларускай літаратурнай мовы на святкаванні Дня славянскага пісьменства так і не прагучала. Арганізатар імпрэзы Віктар Місіюк, што прадстаўляе ўкраінскую навукова-педагагічную суполку “Берагіня”, зазначыў, што накіроўваў запрашэнні і ў пісьменніцкія саюзы, і ў Таварыства беларускай мовы. “Наўрад ці ў гэтым ёсць чыясьці злая воля, хутчэй за ўсё проста не атрымалася прыйсці,– гаворыць Віктар.– Тым больш што ў гэты ж дзень адбывалася прэзентацыя новай кнігі Міколі Сянкевіча”.
Бібліятэка, у якой праходзіла вышэйапісаная дзея, таксама сказала сваё слова ў святкаванні. Аддзел літаратуры па мастацтве падрыхтаваў маляўнічую выставу “Мастацтва кнігі славянскіх народаў”, якая працягне працу да 15 чэрвеня. Тут можна ўбачыць факсіміле рэдкіх кніг і пагартаць больш сучасныя выданні, каб зразумець, які шлях прайшло кніжнае аздабленне ад даўнасці да нашага часу.
Біблітэкары раяць асабліва звярнуць увагу на навінку аддзела – камплект паштовак-ілюстрацый Марка Шагала да “Мёртвых душ” Гогаля.
Ответить