Гэтую канферэнцыю нецікавым для грамадскасці міжсабойчыкам дакладна не назавеш. Навукоўцы і кіраўнікі інстытуцый – народ заняты, і на малаважныя мерапрыемствы яны не разменьваюцца. А тут з’ехаліся, і не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Расіі, Літвы, Казахстана, Украіны, прадстаўляючы пры гэтым прэстыжныя ВНУ, бібліятэкі, архівы.
Справа, напэўна, у самой мэце форума. Нашы бібліятэкары плануюць хаця б часткова вярнуць у тым ці іншым выглядзе некалі багатыя мясцовыя кнігазборы, якія расплыліся па ўсім свеце. І ўсе выдатна разумеюць, наколькі гэта важна. Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі Сапегаў сведчыць пра тое, што і амбітныя мары бібліятэкараў пры жаданні становяцца рэальнасцю. Так што варта чакаць ад іх і віртуальнага збору твораў Юзафа Крашэўскага, і (трымаем кулачкі!) вяртання на радзіму хаця б аднаго экзэмпляра Брэсцкай бібліі.
Але вернемся да канферэнцыі. Ужо на пленарным пасяджэнні стала ясна, што на “Берасцейскіх кнігазборах” вітаецца свабода меркаванняў і неказённасць у выступленнях. Напрыклад, Анатоль Гладышчук, загадчык кафедры фізікі БрДТУ, прынёс з сабой галінкі берасту, назву якога пераняў наш горад. “Тры літары забралі, але іх нядоўга і вярнуць”,– між іншым зазначыў ён.
Дыпламатычна тонка намякнуў берасцейцам піцерскі беларус Мікола Нікалаеў на тое, што трэба перагледзець назвы ўстаноў. Ён назваў абласную бібліятэку імем Пушкіна і, калі яго паправілі, дадаў, што ўсё роўна назву трэба мяняць. Акрамя таго, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ўступіў у палеміку з намеснікам кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Адміністрацыі прэзідэнта Львом Крыштафовічам, які раней публічна выказаўся, быццам Радзівілы і Сапегі не з’яўляюцца носьбітамі беларускай ментальнасці. Думка Нікалаева прачытвалася досыць проста: калі беларусам не патрэбныя гэтыя знатныя роды, то іх з задавальненнем забяруць суседнія народы.
Увогуле ж кожны даклад заслугоўваў, каб пра яго сказалі ці, сама менш, паслухалі. Паколькі рэалізаваць ні першае, ні другое ў нас няма магчымасці, то будзем вывучаць зборнік артыкулаў па матэрыялах “Берасцейскіх кнігазбораў”, які абяцаюць выдаць у абласной бібліятэцы імя М.Горкага. Канешне, жарсцей, характэрных жывым зносінам, у ім не будзе. Аднак навукоўцы там свой хлеб знойдуць.
Ответить