Плаваць можна
У сваё апраўданне хіба скажу, што пра пачатак лета ўспомніла не зусім выпадкова. Ёсць у нас гараджане-маржы, што і ў дождж, і ў парывісты вецер клапоцяцца, ці можна купацца ў мясцовых вадаёмах. Вось і малады чалавек па імені Аляксандр вырашыў праверыць, ці справядліва яго знаёмыя “крошаць батон” на воды Мухаўца. “Я ў ім пастаянна купаюся. Няўжо дарэмна?”.
Можа, і дарэмна, але не шкодна. Намеснік дырэктара Брэсцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дзмітрый Мазоль трохі здзівіўся, што пытанні наконт чысціні вады з’яўляюцца тады, калі і на вуліцу без курткі не выйдзеш, але адказаў вычарпальна. “Мы бярэм пробы кожны тыдзень. Пакуль вада чыстая. Як толькі мы атрымаем дрэнныя пробы, адразу з’явіцца інфармацыя ў СМІ і непасрэдна на саміх вадаёмах”.
Пробы бяруцца не толькі ў рацэ Мухавец, а ва ўсіх вадаёмах Брэста і Брэсцкага раёна, якія пазначаны як месцы для адпачынку. На апошняе раю звярнуць увагу. Калі ваша любімае месца для купання, напрыклад, возера Булькова, то за наступствы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не ручаецца, таму што гэты вадаём афіцыйна для воднага адпачынку не прызначаны.
Шэрыя кантыненты
А вось здабыць адказ на пытанне Людмілы Яўгенаўны аказалася цяжэй. Здаецца, і не прасіла яна выдаць дзяржаўную тайну, аднак справа аказалася звышсакрэтнай. Людміла Яўгенаўна спытала, чаму алімпійскі знак, што стаіць ля Палаца водных відаў спорту, афарбаваны ў шэры колер:
– Я пастаянна міма яго езджу і не магу зразумець, што гэта за новая сімволіка такая. Ёсць жа колеры, у якія прынята фарбаваць алімпійскія кольцы. Чаму на гэтым знаку суцэльная шэрасць? Улічваючы, што знак стаіць ля трасы, дзе часта праязджаюць замежнікі, то нават сорамна становіцца за горад. Выгляду ў помніка няма ніякага.
Тут будзе дарэчы адзначыць, што сучасная алімпійская эмблема мае ўжо амаль стогадовую гісторыю. Яна была прыдумана П’ерам дэ Кубертэнам у 1913 годзе. Блакітны, чорны, чырвоны, жоўты і зялёны колер колаў дагэтуль тлумачаць як колеры пяці кантынентаў. Праўда, дакладных сведчанняў, што Кубертэн хацеў сказаць менавіта гэта, няма.
Першапачаткова дзяжурны рэпарцёр звярнуўся да спартыўнага кіраўніцтва вобласці ва ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. Намеснік начальніка Іван Шкутнік адразу сказаў, што ўпраўленне не мае да знака ніякага дачынення, паколькі замаўляў яго Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Кіраўніца прадстаўніцтва НАК у Брэсце Алена Белаконенка згадзілася, што знак выраблены на замову камітэта. Нават сказала, што першапачаткова скульптура мела быць каляровай, але такі праект не падпісаў галоўны архітэктар. Больш падрабязную гісторыю фарбавых метамарфозаў расказаць адмовілася: “Гэта ж будзе ў газеце. Я ведаю, што пасля можа быць”.
Такім чынам, справа ясная, што справа цёмная. Што за праблема пафарбаваць невялікую скульптуру і тым самым зрабіць яе больш прывабнай, мы не маглі разумець цэлай рэдакцыяй. Не зусім ясная і пазіцыя кіраўніцтва брэсцкага прадстаўніцтва НАК адмаўляцца ад каментараў. Знак усё ж стаіць не на офісе камітэта і не ў прыватных кватэрах яго работнікаў. Кожны берасцеец мае права ведаць, што адбываецца ў горадзе.
Дарэчы, Алена Белаконенка раіла тым, каму цікавая каляровая гама алімпійскага знака, званіць не ў “БК”, а непасрэдна ёй. Што ж, можа, у вас, дарагія чытачы, лепш атрымаецца здабыць інфармацыю. Тады і нам раскажаце, што там да чаго. Тэлефон прадстаўніцтва НАК у Брэсце 23-83-25.
Дзе яшчэ два каналы?
Як вядома, з 1 чэрвеня СП “Кабельнае тэлебачанне” перайшло на лічбавае вяшчанне. У сувязі з гэтым з’явілася пытанне ў нашай чытачкі Галіны Паўлаўны:
– Мы ведалі, што большасць каналаў прападзе, але ж сацыяльны пакет павінен быў застацца. У нас засталіся толькі чатыры каналы: АНТ, РТР-Беларусь, Беларусь-1 і Беларусь-2. У сацыяльны пакет, наколькі мне вядома, уваходзяць шэсць каналаў. Акрамя пералічаных, яшчэ НТВ-Беларусь і СТВ. Дзе падзеліся апошнія два? Я ўжо званіла ў службу 1-34, адкуль мяне накіравалі да дырэктара “Кабельнага тэлебачання”, але там увесь час занята. Я падазраю, што тэлефон проста адключаны.
Не атрымалася дазваніцца кіраўніцтву сумеснага прадпрыемства і ў дзяжурнага рэпарцёра, таму пытанне Галіны Паўлаўны мы пераадрасавалі дырэктару Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання Віктару Караблёву. Віктар Веніямінавіч між іншым зазначыў, што нягледзячы на шырокую інфармацыйную кампанію пра пераход “Кабельнага тэлебачання” на лічбу, пытанняў у насельніцтва ўзнікла шмат . Толькі за першыя два дні пасля адключэння на даведачную лінію паступіла 280 званкоў ад абанентаў. І не толькі абанентаў, калі ўлічыць, што многія берасцейцы пакарысталіся магчымасцю халяўнага тэлебачання, устанавіўшы дома сваё прыёмнае абсталяванне і не заключаючы дагавор з пастаўляльнікам паслуг.
Па сутнасці пытання Віктар Караблёў сказаў, што сацыяльны пакет сапраўды складаецца з шасці каналаў – тых, што пералічыла Галіна Паўлаўна. “Палажэнне пра сеткі размеркавальных сістэм кабельнага тэлебачання” (зацверджана пастановай Саўміна №885 ад 30.06.2003г.) замацоўвае за аператарамі абавязковае прадастаўленне агульнадаступных пакетаў пры ўмове знаходжання прыёмнай размеркавальнай сістэмы ў зоне ўпэўненага прыёму тэлевізійных каналаў. Брэст у такой зоне знаходзіцца, так што ў аператара няма законных падстаў абмяжоўваць сацыяльны пакет.
Заўважым, што згодна з тым жа палажэннем, кантроль за выкананнем аператарам усталяваных патрабаванняў ускладаецца ў тым ліку і на мясцовыя выканаўчыя органы. Таму параім Галіне Паўлаўне, калі да “Кабельнага тэлебачання” яна так і не дагрукаецца, звярнуцца ў Брэсцкі гарвыканкам.
Ответить